Як вынікае з базы «Міратворац», гомельскую чыноўніцу прызналі датычнай да антыўкраінскай прапаганды і ўдзелу ў актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны.
«Цэнтар „Міратворац“ просіць праваахоўныя органы разглядаць дадзеную публікацыю як заяву аб зьдзяйсьненьні гэтай грамадзянкай усьвядомленых дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны, міру і міжнароднага правапарадку, а таксама іншых правапарушэньняў», — гаворыцца ў адмысловай заяве.
У сваім тэлеграм-канале Ірына Даўгала неаднаразова сьцьвярджала, што «Украіна не жадае памятаць крывавыя старонкі сваёй гісторыі», а ўкраінскія ўлады «ня здольныя прымаць самастойныя рашэньні».
Ірыне Даўгале 54 гады, кар’еру яна пачала яшчэ ў савецкім камсамоле. Увесь час працавала чыноўніцай, у 2013-м яе прызначылі галоўным ідэолягам Гомельшчыны. Ад 2019 году зьяўляецца дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў.
Летась 12 кастрычніка ў Гомлі адбылося судовае паседжаньне ў грамадзянскай справе: 174 выбарнікі падалі скаргу на рашэньне гарсавету адмовіць у правядзеньні сходу для адкліканьня дэпутаткі Даўгалы. Аднак спроба пазбавіць ідэалягіню дэпутацкіх паўнамоцтваў плёну ня мела.