Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі прайшоў першы суд у справе аб адкліканьні дэпутата


У судовай залі
У судовай залі

12 кастрычніка ў Гомлі адбылося судовае паседжаньне ў грамадзянскай справе. 174 выбарнікі падалі скаргу на рашэньне гарсавету адмовіць у правядзеньні сходу для адкліканьня дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ірыны Даўгалы. Гэта былы галоўны ідэоляг вобласьці.

Паседжаньне суду арганізавалі ў Доме культуры, бо ўдзельнікаў працэсу больш як сто чалавек. На суд, які пачынаўся а 10-й раніцы, прыйшлі каля 40 заяўнікаў, яшчэ прыкладна столькі ж гледачоў. На ўваходзе міліцыянты правяралі рэчы мэталашукальнікамі, усім вымяралі тэмпературу, патрабавалі надзець маскі. Каля дзесяці міліцыянтаў дзяжурылі ў залі. Здымаць падчас суду забаранілі.

Дэпутат Ірына Даўгала на суд не прыехала. Прадстаўляла адказьніка начальніца юрыдычнага аддзелу гарвыканкаму Натальля Канцавая. Справу разглядала судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Ірына Званко. Быў прадстаўнік пракуратуры.

Заяўнікі у скарзе адзначылі, што рашэньне прэзыдыюму гарсавету не дазволіць сход аб адкліканьні дэпутата незаконнае і парушае правы выбарнікаў. Прэзыдыюм гарсавету перавысіў свае паўнамоцтвы. Прадстаўніца адказьніка заявіла, што прэзыдыюм прызнаў цьверджаньні заяўнікаў, што дэпутат не выконвае сваіх абавязкаў, неабгрунтаванымі, таму і адмовіў у сходзе.

Некаторыя заяўнікі выступілі ў судзе. Усе яны казалі, што ім адмовілі ў арганізацыі сустрэчы з дэпутатам, якому хацелі задаць шмат пытаньняў аб сытуацыі ў краіне.

— Адказ прэзыдыюму гарсавету — фармальная адпіска. Даўгала — не абраны, а прызначаны дэпутат, і яна ня будзе адстойваць інтарэсы выбарнікаў. Прэзыдыюм гарсавету ня даў выбарнікам магчымасьці атрымаць адказы на свае пытаньні. Гэта рашэньне тупіковае, яно будзе спрыяць толькі паглыбленьню крызісу, — заявіў актывіст Васіль Палякоў.

Прадстаўнікі адказьніка і пракуратуры палічылі, што ў задавальненьні скаргі трэба адмовіць. Рашэньне суду будзе агучана а 17-й гадзіне 12 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG