30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструктыўных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня ў Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў. Геаграфія зьліквідаваных уладамі ўстановаў ахапіла практычна ўсю Беларусь. На гэты момант вядома пра 57 арганізацыяў, закрытых несудовым чынам, яшчэ 20 спрабуюць ліквідаваць у судах.
Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Тым часам суды разглядаюць пытаньні аб ліквідацыі:
- інфармацыйна-асьветніцкага фонду «Сетка разьвіцьця бізнэсу»;
- мясцовага фонду разьвіцьця «Новая эканамічная стратэгія»;
- грамадзкіх абʼяднаньняў — «Зялёная эканоміка»;
- «Дыярыуш»;
- «Абарона правоў спажыўцоў «Садружнасьць».
На Берасьцейшчыне ўлады зьліквідавалі:
- асьветніцкую сацыяльна-інфармацыйную ўстанову «Роўнасьць і справядлівасьць»
- культурна-асветніцкую ўстанову «Берасьцейскі Аазіс»
- культурна-асветніцкую ўстанову «Эўрапейская Брама»
- інфармацыйна-кансалтынгавую ўстанову «Агенцтва Пропус».
Пракуратура заявіла, што ў іх нібыта «рыхтаваліся і рэалізоўваліся масавыя беспарадкі і экстрэмісцкія праявы ў дачыненьні да Беларусі».