Няўрадавыя арганізацыі, якія маюць статус установаў, пасьля заяў Лукашэнкі ліквідуюць адміністрацыйным чынам, а грамадзкія арганізацыі — у судах.
У раскладзе Менскага гарадзкога суду на гэты тыдзень значыцца больш за дзясятак працэсаў аб ліквідацыі фондаў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Пазоўнікам ва ўсіх выпадках выступае Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму.
29 ліпеня будуць разглядаць пазовы ГУЮ Менгарвыканкаму аб ліквідацыі:
- інфармацыйна-асьветніцкага фонду «Сетка разьвіцьця бізнэсу»;
- мясцовага фонду разьвіцьця «Новая эканамічная стратэгія»;
- грамадзкіх абʼяднаньняў — «Зялёная эканоміка»;
- «Дыярыуш»;
- «Абарона правоў спажыўцоў «Садружнасьць».
30 ліпеня будуць разглядаць ліквідацыю:
- мясцовага экалягічнага фонду «Экалягічны транспарт»;
- абʼяднаньня літоўцаў «Віціс»;
- сацыяльнага фонду «Дабро»;
- менскага гарадзкога грамадзкага абʼяднаньня «Сынтэз разьвіцьця чалавека»;
- грамадзкай арганізацыі «Моладзевы адукацыйны цэнтар „Фіальта“»;
- менскага гарадзкога культурна-асьветніцкага грамадзкага абʼяднаньня палякаў Беларусі «Паланічка».
- 30 ліпеня гарадзкі суд разгледзіць пазоў аб прыпыненьні дзейнасьці моладзевага грамадзкага абʼяднаньня «Моладзевая ініцыятыва».
- У Вярхоўным судзе 27 ліпеня будзе разгляд пазову Міністэрства юстыцыі да праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага абʼяднаньня «Рух „За Свабоду“».
- На 30 ліпеня прызначана пасяджэньне аб пазове міністэрства да рэспубліканскага грамадзкага абʼяднаньня «Прававая ініцыятыва».
- Раней Міністэрства юстыцыі падала ў Вярхоўны суд пазовы аб ліквідацыі РГА «Беларускі ПЭН-цэнтар», якое ўзначальвае нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч,
- і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Даты пасяджэньняў пакуль няма ў раскладзе суду.
14 ліпеня ў Менску ды іншых гарадах падчас новай хвалі крымінальнага перасьледу «трэцяга сектару» ўчынілі ня менш за 30 ператрусаў у кватэрах і офісах прадстаўнікоў НДА, затрымалі больш за 10 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці, грамадзкія актывісты. 19 ліпеня стала вядома пра арышт рахункаў Беларускага ПЭН-цэнтру і некаторых іншых НДА, дзе прайшлі ператрусы.
24 ліпеня стала вядома, што ўлады прынялі рашэньне зьліквідаваць больш як 50 няўрадавых арганізацыяў. У іх ліку абʼяднаньні, якія займаюцца дабрачыннасьцю, экалёгіяй, дапамогай людзям з інваліднасьцю, пытаньнямі культуры.
13 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу заявіў, што ў Беларусі вядзецца актыўная праца ў адносiнах да некамэрцыйных арганізацыяў і «так званых заходніх СМІ».
«Якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна насаджалі, — дадаў ён. — І не дэмакратыю, а вось гэты вось тэрор. Вы павінны разумець, што мы проста ня можам інакш. Чым яны займаліся — зразумела, яны фінансаваліся звонку. А мы ўсё думалі: ну добра, гэта ж дэмакратыя, давайце будзем гаварыць, супрацоўнічаць. Вось і атрымалі адпаведныя вынікі».
Да тэмы Лукашэнка вярнуўся 22 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам Савету міністраў.
«Мы часта кажам: ах, глядзіце, за мяжой канстытуцыя такая, яшчэ штосьці. Вось нам трэба абавязкова ў гэтую „дэмакратыю“ бегчы і абавязкова ў гэтым кірунку рухацца. Потым праходзяць гады (я ж ня першы год прэзыдэнт), і выяўляецца, што мы дарма зрабілі гэтыя крокі, — сказаў ён. — Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і панастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня ўспрыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталося, трэба зараз разграбаць), і мы атрымалі пад дзьве тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі? Цяпер азірнуліся: гэта ж шкода для дзяржавы! Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі».