Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы адвакат Дзьмітры Лаеўскі: «Свабода грунтуецца на дабры, самапавазе і крытычным мысьленьні»


Дзьмітры Лаеўскі
Дзьмітры Лаеўскі

Чаму адны баяцца выказваць грамадзянскую пазыцыю, а іншыя – не? Што фармуе і падтрымлівае ўнутраную свабоду чалавека? Ці варта ўсё гэта таго, каб трываць нягоды? У праекце «Што робіць мяне свабодным» даём слова людзям, чые ўчынкі прыцягнулі да сябе ўвагу пасьля жніўня 2020 году.

Хто такі Дзьмітры Лаеўскі:

  • Адвакат, працуе з 2008 году. Мае сям’ю, гадуе дачку.
  • У чэрвені 2020 году стаў абаронцам Віктара Бабарыкі, у верасьні – Максіма Знака. Таксама прадстаўляў інтарэсы адваката Аляксандра Пыльчанкі (які абараняў Марыю Калесьнікаву і Віктара Бабарыку), калі таго пазбаўлялі ліцэнзіі.
  • Актыўна выказваў свае думкі аб працэсе над Віктарам Бабарыкам і падзеях у краіне праз свой фэйсбук і ў СМІ.
  • 8 ліпеня 2021 году дысцыплінарная камісія Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў прыняла рашэньне аб яго выключэньні з калегіі за «парушэньне правілаў прафэсійнай этыкі адваката, якія праявіліся ў публічных некарэктных выказваньнях у дачыненьні да дзейнасьці сваіх калегаў у прысутнасьці кліентаў і іншых асобаў» (так сказана на сайце калегіі). Гэта адбылося пасьля таго, як адвакат, абгрунтаваўшы невінаватасьць Віктара Бабарыкі і астатніх абвінавачаных, паставіў пытаньне аб іх апраўданьні.

«Калі адвакат маўчыць, ён не выкарыстоўвае ўсяго арсэналу абароны»

— Што прымусіла вас адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю?

— У 2012 годзе я ўжо вымушана пакідаў адвакатуру, бо абараняў праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Таму ў мяне было разуменьне, што ў гэтай краіне абарона людзей ад дзяржавы можа быць прычынай агрэсіі зь яе боку. Але калі ў мяне спыталі, ці буду я абараняць Віктара Бабарыку, калі яго арыштуюць, я даў станоўчы адказ. Ёсьць, да прыкладу, такая прафэсія, як ваенны мэдык, які чамусьці бяжыць пад кулямі ратаваць людзей, хоць яго могуць параніць. Бо гэта яго прафэсійны абавязак. Так і ў адвакатаў.

Увесну 2020 году я наогул не цікавіўся выбарчай кампаніяй, нічога ня ведаў пра Віктара Дзьмітрыевіча, апроч таго, што ён мэцэнат. Я не зьбіраўся ісьці на выбары, бо пасьля 2010 году вырашыў, што ўдзел у гэтай працэдуры ня мае сэнсу. Але калі я двойчы пагутарыў зь Віктарам Дзьмітрыевічам, то быў уражаны ім як асобай. І пайшоў на пункты збору подпісаў, якія да гэтага індыфэрэнтна абыходзіў, а потым і на выбары, бо зразумеў, навошта гэта трэба. Сэнс у тым жа, у чым сэнс выкарыстоўваць прававыя працэдуры, нават калі няма незалежнага правасудзьдзя: калі не паспрабаваў, не абскардзіў, то потым няма чаго і прад’явіць.

Сёньня я чую ад некаторых, што мне ня трэба было публічна выказвацца. Сярод адвакатаў ёсьць думка, што чым цішэй сябе паводзіць, тым лепш для справы. Я так ня думаю — усё залежыць ад сытуацыі. Калі дзяржаўны апарат займаецца дыскрэдытацыяй твайго кліента, ледзь не пры затрыманьні робіць заявы, што вінаватасьць даказаная, відавочна, што публічнасьць — адзін з інструмэнтаў абароны. Што чалавек можа супрацьпаставіць такому выпаду, знаходзячыся ў СІЗА? Нічога. І адвакат у гэтым выпадку становіцца ня проста правадніком думак падабароннага, але і субʼектам, які мусіць распачаць пэўныя контразахады, каб данесьці другі погляд.

Добра, калі ёсьць незалежны, неперадузяты і кампэтэнтны суд. А калі яго няма? Калі ты дзейнічаеш паводле шаблёну, які навязвае працэсуальны апанэнт, гэта ня дасьць выніку. Трэба глядзець шырэй — мы абараняем чалавека, а не рэалізуем шаблённую інструкцыю. Таму, калі я бачу, што мэханізмы, якія цалкам падкантрольныя дзяржаве, не абараняюць чалавека, калі судовая ўлада сьляпая да маёй аргумэнтацыі, я ў праве зьвярнуцца да тых, хто зьяўляецца крыніцай улады. А крыніца ўлады — народ. І я зьвяртаюся да грамадзтва: пачуйце другі бок і зрабіце выснову самі. Прынцып галоснасьці судовага працэсу як раз узыходзіць каранямі ў гэтую ідэю. Навошта трэба, каб людзі хадзілі на судовыя паседжаньні, там жа ёсьць кампэтэнтны судзьдзя, які ва ўсім разьбярэцца? Таму што важна, што скажа грамадзтва, таму што, калі яно не паверыць у вэрдыкт, ён доўга не праіснуе.

Таксама публічнасьць важная, калі ёсьць жорсткія парушэньні правоў падабароннага. Калі, да прыкладу, яго бʼюць, і адвакат маўчыць пра гэта, ён проста не выкарыстоўвае важнага мэханізму спыненьня беззаконьня. Усе сытуацыі, дзе было беззаконьне ў дачыненьні да маіх кліентаў, паказвалі, што толькі галоснасьць яго спыняла. Напрыклад, калі зьяўляецца інфармацыя, што ў нейкім СІЗА ёсьць факты аб недапушчальных мэтадах сьледзтва, туды паедуць праверкі; кіраўніку, які гэта дапусьціў, будзе сорамна перад блізкімі і суседзямі, і г. д.

Калі ты не сумняваесься ў правільнасьці сваіх дзеяньняў, то публічнасьць ніколі не нашкодзіць. Менавіта таму прынцыповай пазыцыяй Віктара Бабарыкі была максымальная адкрытасьць працэсу.

Вядома, на мае паводзіны паўплывала і сытуацыя з гвалтам пасьля выбараў. Мы працавалі ў некалькіх справах, дзе людзі былі вельмі сурʼёзна пакалечаныя. Я бачыў першых затрыманых, якія выходзілі з Акрэсьціна: сіняга колеру, у парванай вопратцы, з позіркам варʼятаў. Я дагэтуль памятаю тыя твары. Адвакаты не маглі застацца ў баку: арганізавалі дзяжурства ля ізалятараў, аказвалі бясплатную дапамогу. Тое, што прынялі новы закон, паводле якога неўзабаве адвакацкія бюро і індывідуальная адвакацкая практыка спыняць сваё існаваньне, — якраз наступства той салідарнасьці.

«Чым больш думаць аб страчаным, тым менш часу застанецца рабіць вартае»

— Што вы страцілі за сваю актыўнасьць?

— Я страціў разьвітае пачынаньне, якое было крыніцай сэнсу майго жыцьця. Адвакацкая практыка напаўняла сэнсам маю штодзённую дзейнасьць. Нават у такіх прававых умовах я да апошняга моманту лічыў, што раблю важную і неабходную справу ня толькі для Віктара Бабарыкі і Максіма Знака, але для грамадзтва.

Адвакацкая практыка была адзінай крыніцай заробку. І альтэрнатывы на сёньня няма. Я нават не магу быць памочнікам адваката ў сваім жа бюро, бо такая забарона выявілася ў статуце Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў, хоць у законе такога няма.

Пакуль у мяне няма плянаў — за апошні год я развучыўся доўгатэрмінова плянаваць. Выехаць не варыянт. Для мяне вельмі важна адчуваць сябе часткай беларускага народу і разумець, што я абараняю беларускіх людзей для беларускага грамадзтва. Мне нецікава займацца абаронай грамадзян іншай краіны. Я вельмі прывязаны да гэтай зямлі.

Ці страціў я веру ў адвакацкую супольнасьць? Супольнасьцю можна назваць тых, хто абʼяднаны агульнымі каштоўнасьцямі. А сёньня сярод адвакатаў хутчэй каштоўнасны раскол.

Я, вядома, ніяк не чакаў, што мяне выключаць з калегіі, бо не рабіў заганных дзеяньняў. Гэта фэнамэнальны выпадак, бо да мяне прымянілі самае жорсткае пакараньне за тое, што ажыцьцяўляў абарону.

На жаль, сёньняшнія ўмовы падымаюць на паверхню слабасьці і заганы ў людзях. Я не апраўдваю тых, хто прыняў гэтае рашэньне, але я выдатна разумею, што яны проста інструмэнт.

Адзін мой калега, пакуль яшчэ адвакат, сказаў, што адвакатуру проста трэба будзе перазаснаваць. У гэтую фразу, напэўна, укладзены наш агульны смутак, бо ўсе б хацелі, каб было па-іншаму.

Але ёсьць і выдатны прыклад. Калі я стаў абаронцам Віктара Бабарыкі, некаторыя калегі адразу пакінулі бюро. Са мной засталіся толькі Яўген Пыльчанка і Юлія Стальмахова. Нягледзячы на тое, што не было ніякіх гарантый бясьпекі, склалася вельмі няпростая эканамічная сытуацыя, бо праз страх частка кліентаў скасавалі дамовы з нашым бюро, яны засталіся. Гэта мяне вельмі ўразіла. І мы разам прайшлі ўвесь складаны час. Гэта ўжо нават не сябры — яны сталі мне як сваякі.

Разладу ў маёй сямʼі праз актыўнасьць і яе наступствы не было. Якраз абстаноўка ў сямʼі дазволіла пратрымацца.

Ці страціў я здароўе? Вядома, гэтыя 13 месяцаў былі даволі стрэсавым пэрыядам. Часам было жорстка і страшна. Мы працавалі практычна без выхадных. Пару разоў мой арганізм даходліва намякаў, што ёсьць праблемы. Я некалькі разоў адмаўляўся ад шпіталізацыі, каб працягваць абарону Віктара Бабарыкі.

Але прысуд у 14 гадоў ня стаў нейкім завяршальным ударам. Я не адчуў разбуральных эмоцый. Мэта такога вэрдыкту — шакаваць і запалохаць людзей. А мы падыходзім да ўсяго рацыянальна. Як грамадзяне, якім баліць за краіну, мы шкадуем, што ў Беларусі магчымыя такія прысуды. Але як адвакаты мы прымаем гэта як новую задачу. Яна складаецца з двух элемэнтаў. Першы: прававая падстава для адмены прысуду, другі — воля да прыняцьця рашэньня. Па першым пункце нашых кампэтэнцый і матэрыялаў справы дастаткова, каб падрыхтаваць бездакорную пазыцыю і растлумачыць грамадзтву, чаму такому рашэньню няма месца. А другі пункт залежыць ад людзей, і ніхто з нас ня ведае, хто тут заўтра будзе прымаць рашэньні. Сёньня адны інтарэсы, заўтра іншыя, асабліва ў палітычных справах. Таму мы і ўпэўнены, што гэты прысуд — часовая зьява.

— Што вы здабылі актыўнай пазыцыяй?

— Мне шмат далі зносіны зь Віктарам Бабарыкам. Ён фантастычна начытаны, у любой сытуацыі спрабуе разьвівацца і захоўвае годнасьць. Ён прыклад таго, што за свае прынцыпы і ідэалы трэба змагацца. Прынцыповасьць ягонай пазыцыі, стаўленьне да прысуду ўражваюць. Калі ты гэта бачыш на свае вочы, то разумееш, што ўсё можна пераадолець. Доля Бабарыкі і іншых людзей, якіх Беларусь пазнала ў 2020 годзе, сьведчыць, што бывае вельмі складана, але жыцьцё не спыняецца, і за яе чарговым паваротам чалавека чакае нешта добрае.

Паколькі я не кіраваўся самацэнзурай, у прафэсійным пляне я набыў каштоўнае разуменьне, што прававыя і мэдыйныя інструмэнты могуць быць вельмі эфэктыўныя. Па ступені публічнасьці, празрыстасьці, напэўна, такіх спраў яшчэ не было. Я спадзяюся, што хтосьці зможа запазычыць нешта карыснае з гэтага досьведу.

Я таксама набыў разуменьне, што трэба мяняць, каб такі прававы дэфолт не паўтарыўся ў будучыні. Думаю, гэтае разуменьне набылі вельмі многія адвакаты і ня толькі. У грамадзтве расьце запатрабаваньне на права. Чым больш бʼюць, чым больш беззаконьня, тым больш людзі хочуць нармальнага права. Гэта добры эфэкт ад страшных падзей. Такі запыт, спадзяюся, прывядзе да таго, што дзяржаўныя інстытуты сфармуюцца зь людзей сумленных, для якіх чалавек — самае каштоўнае.

— Ці было гэта таго варта?

— Так нельга разважаць. Фармальна я сышоў у мінус. Каб працягваць зарабляць добрыя грошы, мне проста трэба было ня брацца за справы Бабарыкі і Знака. Але тады б я здрадзіў сабе. Таму гэта бессэнсоўная рэфлексія. Для мяне мае сэнс адна рэфлексія — ці ўсё я зрабіў, што мог, у гэты момант часу. Я так жыў заўсёды. Можа, гэта не прыводзіла да значных эканамічных вынікаў, але затое мне заўсёды было камфортна, бо ня трэба было ўступаць у кампраміс з сабой.

Ніколі ня трэба шкадаваць, як усё выйшла, трэба глядзець у заўтра. Я зыходжу з таго, што жыцьцё мае канец. Чым больш думаць аб страчаным, тым менш часу застанецца на тое, каб пасьпець зрабіць вартае.

Паколькі я ўжо другі раз выбываю з адвакатуры за абарону людзей, то разумею, што гэта не сьмяротна. І кажу калегам, каб яны асабліва не сумавалі без мяне, мы яшчэ пабачымся.

«Простая адмова ад актыўных сумнеўных дзеяньняў — ужо ўклад у мір»

— Што фармавала вашу ўнутраную свабоду? Назавіце тры галоўныя фактары.

— У першую чаргу бацькі. Яны заўсёды трансьлявалі мне, што галоўнае — быць добрым чалавекам. Мы абмяркоўвалі сытуацыі несправядлівасьці, і з малых гадоў я добра разумеў, што трэба паводзіць сябе так, каб не было сорамна, што не дапамог.

Яшчэ быў вельмі важны эпізод, які таксама паўплываў на маю сьвядомасьць. Калі мой дзед у 90-х гадах атрымаў нарэшце паперу аб тым, што ягоны бацька ў 1937 годзе быў рэпрэсаваны, і даведку, што гэтая пастанова «тройкі» скасаваная празь недаказанасьць, ён заплакаў. Той момант урэзаўся ў маю памяць, і я на новым узроўні зразумеў, што гэта такое, калі дзяржава выступае супраць асобы, якія страшныя формы гэта можа мець. Я зразумеў, што не павінен мірыцца з такім ніколі. Адвакацкую прафэсію я так і ўспрымаю — як барацьбу за чалавека, які без абароны можа аказацца падпарадкаваным дзяржаве.

І, вядома, на мяне паўплываў ліцэй імя Якуба Коласа, дзе я вучыўся ў старшых клясах. Ён фармаваў вальнадумства. Калі ў сямʼі я набыў маральныя каштоўнасьці, склад думак, то ў ліцэі — спосаб дзеяньня. Там нас вучылі крытычнаму мысьленьню і самапавазе.

Там былі ўнікальныя выкладчыкі. Памятаю, гісторык Павал Лойка за адзін занятак на падрыхтоўчых курсах пераканаў мяне, што трэба ведаць гісторыю Беларусі на памяць. А Лявон Баршчэўскі! Гэты чалавек ведае 10 моў! Да нас у госьці прыходзіў Васіль Быкаў. Уявіце, гэтая глыба сусьветнага ўзроўню прыходзіць і гаворыць з табой.

У ліцэі да нас зьвярталіся на «вы». Гэта ня проста ветлівасьць. Гэта прызнаньне субʼектнасьці. У чым сёньня галоўная праблема Беларусі? У культывацыі непавагі да асобы, што потым трансфармуецца ў гвалт, неправасудныя выракі і г. д. З павагі да асобы ўсё пачынаецца.

І вось ты слухаеш выдатных людзей, якія зьвяртаюцца да цябе на «вы», просяць разважаць і хваляць цябе за думку, нават калі яна крывая ці камусьці нязручная. Нонканфармізм — гэта наогул рухавік прагрэсу.

Цяпер, калі я прыходжу ў суд Цэнтральнага раёну, які месьціцца ў будынку ліцэя, я адчуваю агіду за тое, што зрабілі з унікальнай установай, якая несла столькі дабра.

— Ці баіцеся вы сёньня?

— Я баюся, што ў Беларусі ўсё застанецца, як ёсьць. Немагчыма ўжо прагназаваць, якія словы, дзеяньні ці нават думкі могуць прывесьці да рэпрэсій. Я не ўяўляю, як нешта можа разьвівацца ў такіх умовах. Я дапускаю, што некаторыя людзі чагосьці ня бачаць або бачаць, але іх гэта задавальняе. Але ўявіць, што большасьць адчувае сябе шчасьлівымі, не магу. Для шчасьця трэба адчуваць сябе ў бясьпецы, быць упэўненымі, што да міліцыянта і судзьдзі можна зьвярнуцца па абарону; мець права замяніць людзей, якія прымаюць няправільныя рашэньні і г. д. Ніхто цяпер ня можа сумленна сказаць, што яму камфортна. Я не магу паверыць, што сілавікі, якія білі людзей, шчасьлівыя. Нармальны стан — імкнуцца да міру. Сёньня я ня бачу такога імкненьня. Але вельмі спадзяюся, што ў Беларусі, якая валодае калясальным патэнцыялам, гэты мір наступіць і ў людзей зьявіцца магчымасьць ствараць ва ўсіх галінах.

— Што рабіць сёньня, каб супрацьстаяць злу і несправядлівасьці?

— У рамках свайго ўчастку працы проста дзейнічаць у адпаведнасьці з агульначалавечымі каштоўнасьцямі. Возьмем палітычныя звальненьні, пад якія трапіла, да прыкладу, мая маці Алена Лаеўская. Адміністрацыя юрфаку БДУ магла б кіравацца каштоўнасьцямі і не рабіць дзеяньняў для незаконнага звальненьня.

Дастаткова пасіўных паводзінаў: проста не рабіць зла. Жыць, працаваць і не падпісваць незаконных дакумэнтаў. Рэктарам не выключаць студэнтаў, сьледчаму не арыштоўваць, калі няма фактаў, а проста ёсьць чыёсьці жаданьне. Сёньня простая адмова ад актыўных сумнеўных дзеяньняў — ужо нядрэнны ўклад у мір. Проста абыходзьцеся зь людзьмі па-людзку.

Рабі, як трэба, і будзь, што будзе. Калі вы будзеце жыць па сумленьні, вы ніколі ня будзеце прадметам асуджэньня паводле маральных крытэраў, на вас ня будуць паказваць потым пальцам, вашыя дзеці ня будуць чырванець за вас. Па-мойму, гэта даволі важкая прычына не рабіць заганных дзеяньняў.

Ход гісторыі непрадказальны, але і не прадвызначаны, усё залежыць ад дзеяньняў людзей. А дзеяньні людзей грунтуюцца на ўяўленьні пра дабро і зло.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG