Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія палітычныя пэрспэктывы Віктара Бабарыкі пасьля прысуду


Віктар Бабарыка падчас агучваньня выраку. Менск, 6 ліпеня 2021 году.
Віктар Бабарыка падчас агучваньня выраку. Менск, 6 ліпеня 2021 году.

Галоўнаму палітвязьню Беларусі Віктару Бабарыку прысудзілі 14 гадоў зьняволеньня. Так жорстка не каралі ніводнага з апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі за 27 гадоў ягонага кіраваньня.

Аднак колькі рэальна будзе сядзець Вітар Бабарыка, залежыць ад разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў краіне.

Сьцісла:

  • Бабарыка дзейнічаў паводле добра распрацаванага бізнэс-пляну. Лёгіка бізнэсоўца мела як свае перавагі, так і заганы.
  • Выбарчая машына не развалілася, як разьлічваў Бабарыка. Аднак нечакана, на што мала хто разьлічваў, паўстала грамадзтва.
  • Мінулы палітычны досьвед Беларусі сьведчыць, што турма не дадае папулярнасьці апанэнтам Лукашэнкі.
  • Але і праз год пасьля выбараў палітызацыя грамадзтва захоўваецца на даволі высокім узроўні, чаго не было раней.

Віктар Бабарыка ўступіў у палітычнае змаганьне зь лёгікай бізнэсоўца. Ён дзейнічаў паводле добра распрацаванага бізнэс-пляну. Спачатку, задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў, ладзілася фінансавая падтрымка беларускай культуры. Потым сэрыя інтэрвію незалежным рэсурсам, якія з кожным разам станавіліся сьмялейшымі. І, нарэшце, абвяшчэньне ўступленьня ў выбарчую кампанію.

Вобраз эфэктыўнага мэнэджара прыйшоўся даспадобы беларусам, і ягоная папулярнасьць вельмі хутка вырасла.

Лёгіка бізнэсоўца мела як свае перавагі, так і заганы. Мінус быў у тым, што палітычныя працэсы разьвіваюцца па іншых правілах, чым бізнэс-працэсы.

Нельга абвінавачваць Бабарыку, што ён недакладна пралічыў. Усё пралічыць немагчыма, як у бізнэсе, так і ў палітыцы. На што ён разьлічваў, калі ўсім вядома, што выбараў у Беларусі няма? Часткова на гэтае пытаньне адказаў сам Віктар Бабарыка, канстатаваўшы «абмежаванасьць любой неэфэктыўнай сыстэмы» і «магчымасьці, якія даюць новыя інструмэнты на базе сучасных тэхналёгій». Ён казаў, што калі нейкі альтэрнатыўны Лукашэнку кандыдат атрымае пераважную большасьць галасоў выбарнікаў, то ўся выбарчая машына зламаецца, бо фальсыфікацыю такіх маштабаў зрабіць немагчыма.

Разьлік Бабарыкі ў пэўным сэнсе спраўдзіўся, аднак з значнай карэкціроўкай. Яго «закрылі», не дапусьцілі да выбараў, але такой ступені брутальнасьці мала хто чакаў.

Выбарчая машына не развалілася, бо яна зьяўляецца часткай дзяржаўнага апарату. Нечакана, на што мала хто разьлічваў, паўстала грамадзтва, якое не паверыла ў 80% на карысьць Лукашэнкі. І калі б у першыя 10 дзён пасьля выбараў (тады ў краіне ўсё хісталася) удалося б вызваліць Бабарыку, то беларуская гісторыя пайшла б у іншым кірунку.

Суд адбыўся, і, пакуль Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе, Бабарыка будзе за кратамі. Ці варта ў такім выпадку цяпер разважаць пра палітычныя пэрспэктывы самага галоўнага палітвязьня краіны?

Мінулы палітычны досьвед Беларусі сьведчыць, што турма не дадае папулярнасьці апанэнтам Лукашэнкі.

Колькі адсядзелі за кратамі Мікола Статкевіч, Павал Севярынец (і працягваюць сядзець), аднак іхны рэйтынг ад гэтага не падвышаецца. Толькі Аляксандар Казулін падчас галадоўкі за кратамі ў 2006 годзе змог на пэўны час апынуцца ў цэнтры палітычнага працэсу, прыцягнуць да сябе ўвагу і падвысіць папулярнасьць. Але, як вядома, выключэньне з правіла толькі пацьвярджае правіла.

Аднак ёсьць вялікае адрозьненьне сёньняшняй сытуацыі ад таго, што было раней. І яно палягае ў тым, што краіна перажыла мінулым годам рэвалюцыйны выбух, грамадзянскую сацыялізацыю, і палітызацыя грамадзтва захоўваецца на даволі высокім узроўні, чаго не было раней. І Віктар Бабарыка зьяўляецца самым папулярным палітыкам Беларусі.

Суд над Бабарыкам цягнуўся амаль паўгода, ягонае імя было ўвесь час адлюстравана на інфармацыйным экране. Таму цяпер ён і захоўвае папулярнасьць, і прыцягвае да сябе ўвагу. Спачуваньне да ахвяры рэжыму на нейкі час уздыме ягоны рэйтынг.

Але што далей? Калі цяперашняя палітычная рэакцыя зацягнецца, то непазьбежна адбудзецца дэпалітызацыя грамадзтва. Гэты трэнд ужо цяпер прыкметны. Так, упала колькасьць карыстальнікаў незалежных мэдыя ў параўнаньні зь мінулым годам.

Калі такая сытуацыя захаваецца, то праз пэўны час прозьвішча Бабарыкі будзе ўсё менш мільгаць на інфармацыйным экране. У цяперашніх беларускіх умовах цяжка рэалізаваць такі піяр-праект, каб чалавек, які сядзіць за кратамі, мог вызначаць палітычны парадак дня і быць у цэнтры ўвагі нават толькі палітызаванай публікі. Як тое ў свой час зрабіў Казулін. Улады лёгка могуць ажыцьцявіць інфармацыйную блякаду.

Бабарыка стаў мітычнай фігурай – Chatham House
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:40:33 0:00
Наўпроставы лінк

У такіх варунках рэйтынг палітыка будзе паступова падаць. Такая заканамернасьць працэсаў грамадзкай сьвядомасьці. Зьявяцца новыя постаці, якія будуць увесь час прысутнічаць у мэдыя (напрыклад, Павал Латушка). Ці, як імаверны варыянт, моцнае падзеньне даверу да ўсіх палітыкаў. Так заўсёды бывае, калі няма выніку, гісторыі посьпеху. Незалежна ад таго, ці вінаватыя ў гэтым самі палітыкі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Хто такі Віктар Бабарыка?

  • Палітык, бізнэсовец, удзельнік прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году, былы старшыня «Белгазпрамбанку». Нарадзіўся 9 лістапада 1963 году ў Менску.
  • Віктар Бабарыка цягам 20 гадоў кіраваў «Белгазпрамбанкам» (дачкой расейскага «Газпромбанку»). Ён падтрымліваў грамадзкія праекты – культурны хаб «ОК16» у Менску, форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт», міжнародны дабрачынны фонд «Шанс», выданьне кнігі Сьвятланы Алексіевіч. Пры спрыяньні «Белгазпрамбанку» ў Беларусь вярнуліся карціны мастакоў Парыскай школы.
  • 12 траўня 2020 году Віктар Бабарыка публічна заявіў пра свой намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 18 чэрвеня 2020 году Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам, які быў кіраўніком ягонай ініцыятыўнай групы. Бабарыкаў затрымалі па дарозе ў выбаркам, куды яны везьлі сабраныя подпісы за вылучэньне Бабарыкі-старэйшага кандыдатам у прэзыдэнты. 20 чэрвеня Віктара Бабарыку ўзялі пад варту.
  • На 19 чэрвеня колькасьць пададзеных штабам Бабарыкі ў выбаркамы подпісаў за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты склала 283 000 пры неабходных 100 тысячах (паводле штабу, агульная колькасьць подпісаў складала 434 985).
  • Цэнтравыбаркам адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты на падставе ліста Камітэту дзяржкантролю пра нібыта атрыманыя ім незаконныя прыбыткі.
  • Падчас знаходжаньня ў СІЗА КДБ у кастрычніку 2020 году Віктар Бабарыка разам зь іншымі вязьнямі пабываў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасьля яе некаторыя з удзельнікаў выйшлі на волю.
  • Судовы працэс у справе «Белгазпрамбанку» пачаўся 17 лютага 2021 году. У справе праходзілі Віктар Бабарыка, 6 топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» і заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг». Усе, апроч Віктара Бабарыкі, прызналі сваю віну, шасьцёра падчас сьледзтва падпісалі дасудовыя пагадненьні.
  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ў легалізацыі сродкаў (ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Бабарыка не прызнаў віны і назваў свой перасьлед палітычным.
  • Палітвязень Віктар Бабарыка 6 ліпеня 2021 году асуджаны Вярхоўным судом на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Суд таксама прысудзіў Бабарыку штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь і пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на пяць гадоў.
  • Для адбыцьця пакараньня палітыка накіравалі ў калёнію №1 у Наваполацку.
  • Amnesty International назвала Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку вязьнямі сумленьня. Арганізацыя лічыць, што Бабарыку, ягонага сына, сяброў каманды і былых калег затрымалі ў сфабрыкаванай эканамічнай справе, каб выключыць Бабарыку з прэзыдэнцкай гонкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG