Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін’юст пазбавіў ліцэнзій яшчэ двух адвакатаў


Антон Гашынскі, адзін з выключаных адвакатаў
Антон Гашынскі, адзін з выключаных адвакатаў

Міністэрства юстыцыі 14 ліпеня разгледзела матэрыялы аб пазбаўленьні ліцэнзіяў адвакатаў Кацярыны Жаўтаногі, Валерыя Зьвягінцава і Андрэя Мачалава (апошняму пра тое, што яго пазбавілі ліцэнзіі, заявілі на судзе яшчэ ў чэрвені).

Згодна з заявай Мін'юста, прычыны пазбаўленьня ліцэнзіі Кацярыны Жаўтаногі — выключэньне з адвакацкай калегіі «за сыстэматычнае парушэньне патрабаваньняў ажыцьцяўленьня адвакацкай дзейнасьці, устаноўленых заканадаўствам».

Андрэя Мачалава і Валерыя Зьвягінцава выключылі з калегіі «за правіны, якія несумяшчальныя са званьнем адваката».

Андрэю Мачалаву пра пазбаўленьне ліцэнзіі паведамілі 18 чэрвеня на судзе, калі ён абараняў Вольгу Сінілёву, якая выселіла пракурорку Касьянчык: судзьдзя абвясьціла, што яго пазбавілі ліцэнзіі яшчэ 30 траўня.

Напярэдадні, 14 ліпеня, стала вядома аб пазбаўленьні ліцэнзіі адваката Антона Гашынскага, які працаваў у беларускай адвакатуры з 2004 году.

Антон Гашынскі абараняў палітоляга Віталія Шклярава, журналіста Андрэя Аляксандрава, супрацоўнікаў IT-кампаніі PandaDoc, аўтара ютуб-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага, апошнім часам — затрыманую разам з Пратасевічам расейскую грамадзянку Соф’ю Сапегу, выкладчыцу БДІУР у «справе студэнтаў» Вольгу Філатчанкаву.

Нагодай сталі «сыстэматычныя парушэньні патрабаваньняў і ўмоў ажыцьцяўленьня адвакацкай дзейнасьці, устаноўленых заканадаўствам».

13 ліпеня старшыня дысцыплінарнай камісіі БРКА Тацяна Ткачонак у апублікаванай на сайце камісіі заяве пракамэнтавала выключэньне 5 адвакатаў з прафэсійнай супольнасьці.

«Было і ёсьць нямала крыўдаў зь іх боку. Сваё стаўленьне да прымененых да іх дысцыплінарных спагнаньняў асобныя — ужо былыя — адвакаты выказвалі публічна, у тым ліку ў сацыяльных сетках і на іншых інтэрнэт-рэсурсах. Іх камэнтары не адпавядалі рэчаіснасьці: скажалася пазыцыя дысцыплінарнай камісіі альбо сытуацыя падавалася неаб’ектыўна ў цэлым», — заявіла Тацяна Ткачонак.

Ткачонак таксама параіла выключаным з калегіі адвакатам «крыўдзіцца выключна на сябе».

«Неабходна зразумець, што, ігнаруючы заканадаўства і грэбуючы правіламі супольнасьці, да якой вы належыце, ажыцьцяўляць прафэсійную дзейнасьць немагчыма», — дадала яна.

За апошнія месяцы Міністэрства юстыцыі ўжо пазбавіла ліцэнзіі шэраг адвакатаў. Сярод іх абаронца Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай Аляксандар Пыльчанка і абаронца Калесьнікавай Людміла Казак, адвакат Сяргей Зікрацкі, які бараніў журналістак «Белсату», Андрэй Барташэвіч, Алена Шынкарэвіч і іншыя.

Менская гарадзкая калегія адвакатаў выключыла са свайго складу абаронцу Віктара Бабарыкі Дзьмітрыя Лаеўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG