Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марфа Рабкова страціла прытомнасьць у камэры, адвакатка кажа пра тое, што палітзьняволеная стала «празрыстай»


Марфа Рабкова
Марфа Рабкова

5 ліпеня на сустрэчу з палітзьняволенай трапіла адвакатка. Яна паведаміла, што Рабкова істотна схуднела за кратамі, але трымаецца бадзёра. Таксама стала вядома, што Рабкова страчвала прытомнасьць у турме.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што палітзняволеная праваабаронца Марфа Рабкова страціла прытомнасьць у камэры. Гэта здарылася з-за недахопу паветра і духаты, падчас нядаўняй анамальнай спякоты для Беларусі прыкладна 27-28 чэрвеня. У камэры Марфы утрымліваюць 12 чалавек.

Аказаная мэдыцынская дапамога выглядала наступным чынам: прыйшоў лекар і даў таблетку цытрамону.

5 ліпеня адвакат Натальля Мацкевіч сустрэлася са сваёй падабароннай Марфай Рабковай, якая зь верасьня 2020 году знаходзіцца ў зьняволеньні.

«Яна стала тонкай, празрыстай, але цьвёрда трымаецца», — напісала Мацкевіч у твітэры.

Рабкова на сустрэчы ўжыла прачытаную ёй у кнігах фразу аб тым, што «ня людзі выбіраюць часы, у якіх жыць, а час выбірае людзей». У працяг думкі яна сказала адвакатцы: «Калі час выбраў нас, мы павінны справіцца».

Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская, якая ў красавіку апынулася з Рабковай у адной камэры ў менскім СІЗА № 1, казала, што дзяўчына за 8 месяцаў зьняволеньня схуднела на 12 кіляграмаў. У канцы чэрвеня ёй падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на тры месяцы.

Марфа Рабкова — каардынатар валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна». Яе затрымалі 17 верасьня 2020 году.

Яе абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў:

  • ч. 3 арт. 293 — навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне гэтай дзейнасьці,
  • ч. 3 арт. 130 — распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады групай нявысьветленых асоб,
  • ч. 2 арт. 285 — удзел у злачыннай арганізацыі.

Рабковай пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Праваабарончыя арганізацыі прызналі Марфу Рабкову палітзьняволенай і патрабуюць яе вызваленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG