Дата дня
8 ліпеня 1861 году нарадзілася Марыя Магдалена Радзівіл (ад нараджэньня Завіша), мэцэнатка, дзяячка нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя.
Ёсьць асобы, згадваючы якіх, асабліва востра шкадуеш, што лёс разьвёў вас у часе.
Яна лічыла сябе грамадзянкай Вялікага Княства Літоўскага.
На яе грошы быў выдадзены славуты «Вянок» Максіма Багдановіча. Яна пражыла доўгае й складанае жыцьцё, нарадзіўшыся яшчэ да паўстаньня Каліноўскага і завяршыўшы зямны шлях у год заканчэньня Другой усясьветнай вайны.
Магдаленін бацька, вядомы археоляг Ян Завіша, валодаў вялікімі землямі на Меншчыне. Іхняй «сталіцаю» быў маёнтак Кухцічы паблізу Ўзды. Там прамінула самая лепшая частка яе дзяцінства. Там адукаваная юная арыстакратка ўсьвядоміла сябе беларускаю.
У 1906-м Магдалена, удава польскага графа Людвіка Красінскага, павянчалася ў Лёндане з князем Мікалаем Радзівілам.
Найвышэйшыя польскія колы выказалі непрыхаванае незадавальненьне шлюбам князя з багатай удавой, якая паводле гадоў магла быць ягонаю маці, хоць галоўнай прычынаю такога стаўленьня была, відаць, дабрачынная дзейнасьць Магдалены на карысьць беларускага руху.
Княгіня шчодра фундавала «Нашу Ніву» й беларускія выдавецкія суполкі. У сваіх уладаньнях у Кухцічах, Узьдзе і Каменцы яна адчыніла беларускія школы.
Хаваць мужа, які загінуў на фронце ў 1914 годзе, Магдалена Радзівіл запрасіла ксяндза Аляксандра Астрамовіча (вядомага як паэт Андрэй Зязюля), аўтара вершу «Божа, што калісь народы на асобкі падзяліў», што на пачатку XX стагодзьдзя пэўны час уважаўся за беларускі нацыянальны гімн.
У тыя гады княгіня жыла пераважна ў Беларусі: то ў сваім маёнтку, дзе ўсе службоўцы мусілі карыстацца беларускай мовай, то ў Менску, дзе яе дом на Захараўскай вуліцы быў адкрыты для дзеячоў нацыянальнага Адраджэньня.
Яна вітала абвяшчэньне незалежнасьці БНР.
Балюча перажываючы канфэсійную разьяднанасьць беларусаў, яна марыла пра аднаўленьне зьнішчанай каляніяльнымі расейскімі ўладамі нашай Вуніяцкай царквы. На заснаваньне беларускай грэка-каталіцкай сэмінарыі ў Рыме княгіня ахвяравала фантастычна дарагое дыямэнтавае калье.
У Нямеччыне, дзе яна жыла пасьля рэвалюцыйных забурэньняў, да ўлады рваліся нацысты. Рашучае непрыняцьце антысэмітызму змусіла нашу арыстакратку эміграваць у Швайцарыю.
Адыходзячы ў лепшы сьвет у пераможным для антыгітлераўскага альянсу 1945 годзе, княгіня марыла пра Беларусь, вызваленую і ад нацысцкай, і ад бальшавіцкай акупацыі.
Мроя Марыі Магдалены быць пахаванай на радзіме спраўдзілася ў 2017-м дзякуючы Алесю Сапегу і ачоленаму ім Беларускаму аб’яднаньню ў Швайцарыі.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.226-227.
Таксама ў гэты дзень
52 да н.э. — прынятая дата заснаваньня Парыжу.
1709 — Палтаўская бітва, перамога войскаў расейскага цара Пятра І над арміяй швэдзкага караля Карла ХІІ.
1796 — дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выдаў першы пашпарт грамадзяніна ЗША.
1926 — кароль Сауд стварыў Саудаўскую Арабію.
1969 — пачаўся вывад амэрыканскіх войскаў з Паўднёвага Віетнаму (завяршыўся праз тры з паловай гады).
1993 — у Менску пачаўся Першы зьезд беларусаў сьвету, які сабраў каля тысячы дэлегатаў зь дзясяткаў краінаў.
2008 — тэлеканал «Белсат» пачаў вяшчаньне са спадарожніка Sirius.
У гэты дзень нарадзіліся
1621 — Жан дэ Ляфантэн, францускі паэт, байкапісец.
1838 — Фэрдынанд Цэпэлін, нямецкі авіяканструктар, стваральнік дырыжабля.
1894 — Пётар Капіца, расейскі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.
1839 — Джон Ракфэлер, амэрыканскі прамысловец, які заснаваў нафтавую кампанію «Стандард ойл», самы багаты чалавек усіх часоў — у пераліку на сёньняшні курс багацьце Ракфэлера ацэньваецца больш як у $300 мільярдаў.
1912 — Гаўрыла Верасаў, беларускі савецкі шахматыст, міжнародны майстар, вынаходнік дэбюту Верасава.
1949 — Уладзіслаў Завальнюк, каталіцкі сьвятар, беларускі рэлігійны і культурны дзяяч.
У памяці
1796 — Адам Нарушэвіч, беларускі паэт і гісторык.
1863 — Адам Пуслоўскі, студэнт, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг., ахвяра расправы расейскіх калянізатараў.
У красавіку аддзел з ста пяцідзесяці паўстанцаў быў атакаваны значна большымі сіламі карнікаў у раёне Налібакаў. У выніку дзьвюхгадзіннага бою змагары мусілі адысьці. Жандарскі палкоўнік Рэйхарт зухавата рапартаваў пра шэсьцьдзесят забітых і трыццаць палонных, дадаючы наконт уласных стратаў, што параненыя ўсяго адзін казак і адзін конь. Паўстанцы не ўпершыню трымалі ў руках зброю і за дзьве гадзіны пацэлілі, безумоўна, ня толькі ў каня, аднак не выклікае сумневу, што яны пацярпелі цяжкую паразу.
Сярод палонных увагу карнікаў прыцягнуў малады шляхціч Пуслоўскі. Сьледзтва атрымала зьвесткі, што ён вёў аддзел, конна едучы наперадзе, а таксама ўласнаручна раздаваў зброю й сам прывёз у лес паўстанцкі сьцяг.
Суд вызначыў максымальнае пакараньне — расстрэл, аднак абодва бакі не лічылі яго канчатковым: удзел Адама ў паўстаньні вымяраўся гадзінамі — увечары ён пакінуў дом, а назаўтра адбыўся бой.
Але здарылася фатальная неспадзяванасьць. У той самы дзень, калі судовую пастанову накіравалі ў Вільню, туды прыбыў новы начальнік «Северо-Западного края» Мураўёў. У сатрапа, які ўсё жыцьцё замольваў свае юначыя дзекабрысцкія грахі, быў галоўны прынцып: адразу запалохаць. Пуслоўскі стаўся адной зь першых ахвяраў.
Ксяндзу не дазволілі спавядаць паўстанца, загадалі адно багаславіць. Адам прасіў не завязваць яму вачэй, але расейскі афіцэр ня выканаў апошняга жаданьня асуджанага на сьмерць і даў салдатам загад падысьці так блізка, што тыя амаль датыкаліся да Адамавых грудзей штыхамі...
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 68–69.
1889 — Флярыян Мiладоўскi, беларускі кампазытар і піяніст.