Пракурор Сяргей Гіргель папрасіў пакараць былога банкіра 15 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму праз абвінавачаньне ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).
Хто яшчэ праходзіць у справе «Белгазпрамбанку»?
Апроч Віктара Бабарыкі, яе фігуранты — сем чалавек. Гэта былыя намесьнікі Віктара Бабарыкі і кіраўнік кампаніі «Актыўлізінг».
Яны прызналі віну, з шасьцю абвінавачанымі заключаны дасудовыя пагадненьні аб супрацоўніцтве. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, гэта зьмякчальныя акалічнасьці. Усім абвінавачаным, акрамя Бабарыкі, ён запрасіў у разы менш жорсткія прысуды: ад 3 да 6,5 года.
Абарона Віктара Бабарыкі лічыць, што на гэтых абвінавачаных быў аказаны ціск.
«Гэта нагадвае казку пра ката ў ботах. Калі ехаў кароль і пытаўся: «А чые гэта палі?», а людзі адказвалі: «Маркіза Карабаса»; «А чые гэта лугі?» — «Маркіза Карабаса». А насамрэч гэта было не ягонае, і ніякага маркіза Карабаса не было. А чаму людзі так казалі? Таму што да гэтага прабег кот у ботах і сказаў: «Кажыце так, інакш я вас у парашок сатру», — зрабіла параўнаньне зь вядомай казкай адвакатка Натальля Мацкевіч.
У справе 122 тамы, пасяджэньні працягваліся 5 месяцаў, дапытана больш за 50 чалавек, паказаньні і агалошваньне дакумэнтаў расьцягнуліся на сотні гадзін.
«Складана збудаванае абвінавачаньне, якога ня зможа пераказаць сваімі словамі ніводзін з абвінавачаных, у гэтай справе стварае ілюзію наяўнасьці злачынства — складанага і заблытанага. А аб’ём справы стварае бачнасьць наяўнасьці нейкай доказнай базы. Але гэта толькі бачнасьць», — сказаў у сваёй прамове ў судзе адвакат Дзьмітры Лаеўскі.
Палітычны матыў справы
Паводле адвакатаў, крымінальны перасьлед і ўзяцьце пад варту Віктара Бабарыкі, яго блізкіх, сяброў і былых калегаў «стаў інструмэнтам дыскрымінацыі па матыве палітычных перакананьняў і сродкам выключэньня Віктара Бабарыкі з выбарчага працэсу».
Яшчэ да затрыманьня Аляксандар Лукашэнка публічна назваў яго «махляром».
Дзяржаўныя тэлеканалы задоўга да прысуду і судовага разбору стваралі нэгатыўны вобраз Бабарыкі як злачынцы.
17 лютага пачаўся суд, а генпракурор Андрэй Швед у інтэрвію «СБ. Беларусь сегодня» назваў абвінавачаных «хабарнікамі і «нягоднікамі», а справу «абсалютна карупцыйнай».
Топ-мэнэджараў падчас суду трымалі ў клетцы, іх прыводзілі і адводзілі ў кайданках.
Паводле адвакатаў, сьледзтва праведзена неаб’ектыўна, і гэтая справа ня ўвойдзе ў гісторыю беларускай юрыспрудэнцыі як карупцыйная.
«Гэта справа аб тым, як пасьпяховы кіраўнік пасьпяховага банку Віктар Бабарыка пайшоў удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Беларусі і ўжо празь месяц пасьля пачатку сваёй кампаніі быў зьняволены і аддадзены крымінальнаму перасьледу», — сказала Натальля Мацкевіч.
Незалежныя СМІ не былі акрэдытаваныя для асьвятленьня працэсу. Прысутным дазвалялі прайсьці ў залю пасьля ўзмоцненага надгляду, без тэлефонаў, ноўтаў і дыктафонаў.
Людзі дасылалі Віктару Бабарыку «сэрцайкі» і віталі яго.
Як ціснуць на адвакатаў Віктара Бабарыкі
Абараняюць Віктара Бабарыку адвакаты Дзьмітры Лаеўскі, Натальля Мацкевіч і Яўген Пыльчанка.
Яшчэ адзін адвакат, Максім Знак, быў узяты пад варту ў верасьні 2020 году і дагэтуль знаходзіцца ў зьняволеньні праз абвінавачаньне, зьвязанае з удзелам у выбарчым працэсе.
Падчас ажыцьцяўленьня абароны ў кастрычніку мінулага году быў пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Аляксандар Пыльчанка — за выказваньні ў інтэрвію TUT.BY.
Менскай калегіяй адвакатаў пачата чарговае дысцыплінарнае вядзеньне супраць Дзьмітрыя Лаеўскага за тое, што ў спрэчках у судзе той папрасіў апраўдаць абвінавачваных, «чыя вымушаная згода з абвінавачаньнем выкарыстоўваецца для незаконнага перасьледу Віктара Бабарыкі».
Адвакатаў дапусьцілі да Бабарыкі толькі 19 чэрвеня, на допыт у кабінэце сьледчага.
Адвакатаў не дапускалі да Бабарыкі ў СІЗА КДБ з 18 па 25 чэрвеня, а таксама з 11 па 14 жніўня 2020 году.
Абаронцы неаднаразова хадайнічалі, каб зьмяніць меру стрыманьня Бабарыку на асабістае паручальніцтва альбо хатні арышт. Аднак 36 чалавек, якія хацелі падаць такое паручальніцтва, затрымалі.
Перасьлед сына — Эдуарда Бабарыкі, блізкіх — Сьвятланы Купрэевай і Дзьмітрыя Каракі адвакаты лічаць сродкам маральнага ціску на Віктара Бабарыку.
Адвакаты пра неаб’ектыўнасьць расьсьледаваньня
Паводле адвакатаў, абвінавачаньне не пацьверджана канкрэтнымі фактамі. На ўзроўні гіпотэзы засталася вэрсія пра падкантрольнасьць Бабарыку рахункаў замежных кампаній, зь якіх ён нібыта атрымліваў хабар. Таксама адвакаты ўказваюць на юрыдычную памылку, бо вынікае, што давальнік хабару — гэта юрыдычная асоба, чаго ў крымінальным праве быць ня можа.
«Прырода ўключэньня ў склад беларускіх кампаній замежных заснавальнікаў, пералічэньні дывідэндаў і разьлікаў за долі гэтых кампаній мае выключна эканамічны характар, які ў працэсе расьсьледаваньня і абвінавачваньня не дасьледаваўся і катэгарычна адмаўляўся, нягледзячы на тое, што менавіта пра гэта казала большасьць абвінавачаных у сваіх першапачатковых паказаньнях», — сказала Натальля Мацкевіч.
Абарона сьцьвярджае:
- ніхто з абвінавачаных не лабіяваў інтарэсы беларускіх кампаній, не ўплываў на супрацоўнікаў банку, каб яны прымалі рашэньні адносна гэтых кліентаў.
- супрацоўніцтва з гэтымі кліентамі прыносіла банку прыбытак, а кампаніі разьвіваліся, разьвіваючы пэўныя сэктары эканомікі.
- у гэтых кампаній былі заснавальнікі, у тым ліку замежныя, якія атрымлівалі дывідэнды з прыбытку.
- рашэньні аб выплаце гэтых дывідэндаў адпавядалі законным працэдурам.
Пададзеныя абаронай зьвесткі абвяргаюць сьцьвярджэньне абвінавачваньня аб «падкантрольнасьці» SIA «Baltijas Investiciju Grupa» Віктару Бабарыку.
Таксама Бабарыку ставіцца ў віну, што нібыта ён праз грамадзян Латвіі Сьцяпанаўса і Растоўса кіраваў рахункамі SIA «Baltijas Investiciju Grupa».
Абарона тройчы цягам судовага працэсу хадайнічала, каб суд выклікаў і дапытаў гэтых грамадзян Латвіі, аднак суд у гэтым адмовіў.
Паводле Дзьмітрыя Лаеўскага, у справе хабарам названыя дывідэнды, выплачаныя беларускай юрасобай, якія паступілі ва ўласнасьць юрыдычнай асобы Латвіі. Паводле адваката, дывідэнды ня сталі ўласнасьцю Бабарыкі і не паступілі ў яго валоданьне.
Лаеўскі назваў выдумкай тое, што людзі, якія працавалі шмат гадоў у банку, зьяўляюцца нейкай арганізаванай злачыннай групай. Яны, падкрэсьліў адвакат, ніколі не абмяркоўвалі сумесную «злачынную» дзейнасьць.
Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
- У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
- 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
- Віктар Бабарыка віны не прызнае.
Хроніка перасьледу
- 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
- 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
- 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
- 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
- Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
- 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
- Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
- 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
- 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
- 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
- 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
- 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
- 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
- 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку». Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
- У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.