Пра гэта паведамляе сайт Генэральнай пракуратуры Беларусі. Іх абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады)— пакараньне ў ім ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі;
- ч. 1 арт. 361 ( заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы) — ад 2 да 5 гадоў пазбаўленьня волі;
- ч. 3 арт. 361-1 ( заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту)— ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
У чым вінавацяць Калесьнікаву і Знака
Паводле пракуратуры, Максім Знак і Марыя Калесьнікава,
- «згодна з плянам, у розных месцах, абвясьціўшы і пазыцыянуючы сябе прадстаўнікамі пераважнай большасьці грамадзян Беларусі, рыхтавалі і публічна агучвалі заявы пра перамогу на выбарах кандыдата Ціханоўскай С.Г.,
- страту народам Беларусі даверу да органаў улады і кіраваньня, слабасьці дзейнай улады.
- Заклікалі да страйкаў на дзяржаўных прадпрыемствах з выстаўленьнем выключна палітычных патрабаваньняў як легальнага спосабу выказваньня сваіх думак.
- Неаднаразова прама і ў завуаляванай форме заклікалі да прызнаньня выбараў несапраўднымі, а дзейнага кіраўніка дзяржавы нелегітымным.
- На прэс-канфэрэнцыі, праведзенай 18 жніўня 2020 году ў Менску, Калесьнікава, Знак і шэраг іншых асобаў заявілі аб стварэньні на ініцыятыву Ціханоўскай так званай «Каардынацыйнай рады» як адзінага прадстаўнічага органа беларускага грамадзтва для арганізацыі перадачы ўлады».
- Іх дзеяньні пракуратура ацаніла як намаганьні для «захопу дзяржаўнай улады і зьмены палітычнага кіраўніцтва неканстытуцыйным шляхам; распальваньне палітычнай, ідэалягічнай і сацыяльнай варожасьці ў грамадзтве».
Справу перадалі ў суд, а меру стрыманьня для Знака і Калесьнікавай пакінулі ранейшай – утрыманьне пад вартай.
Калесьнікава і Знак віну не прызнаюць. Раней адвакаты Марыі Калесьнікавай падчас знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы падалі скаргу ў Сьледчы камітэт на пастанову аб прыцягненьні яе ў якасьці абвінавачанай. Але скаргу адхілілі.
Як адзначае тэлеграм-канал штабу арыштаванага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, пастанова не адпавядае патрабаваньням Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, выкладзеным у п. 2 ч. 1 арт. 241 і арт. 89.
Абвінавачваньне не канкрэтнае, не зьмяшчае неабходных, прадугледжаных законам, зьвестак, што не дазваляе Марыі Калесьнікавай ажыцьцяўляць сваю абарону.
Перасьлед Марыі Калесьнікавай
Марыю Калесьнікаву схапілі летась 7 верасьня ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну.
Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».
У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць шэрагу сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
Перасьлед Максіма Знака
Юрыста і сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Максіма Знака затрымалі 8 верасьня.
Яго абвінавацілі ў закліках да дзеяньняў, накіраваных на шкоду вонкавай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці (3/361).
У канцы сьнежня 2020 году Генэральная пракуратура завяла супраць Максіма Знака і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
«Ніякіх законных падставаў ні для аднаго з абвінавачаньняў няма, — заявіў з гэтай нагоды адвакат Дзьмітры Лаеўскі».
Сёлета ў лютым Марыю Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1).