Эдуард Бабарыка, сын экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, больш за год знаходзіцца ў СІЗА. За гэты час ён навучыўся «клясна маляваць», адчувае сябе нармальна, паведаміў адвакат ягонага бацькі Дзьмітры Лаеўскі, якога цытуе «Інтэрфакс».
Па словах Лаеўскага, раз бацька і сын Бабарыкі апынуліся ў СІЗА супраць волі, значыць, ім трэба не здавацца і далей працягваць захоўваць добры настрой.
Адвакат растлумачыў, што Эдуард Бабарыка не праходзіць у справе «Белгазпрамбанку», хоць ягонае імя на працэсе гучала неаднаразова.
«Але ёсьць нейкая зыходная справа, зь якой усё пачалося, у сувязі зь якой пад вартай знаходзіцца і Эдуард, і шмат іншых людзей. Частка зь іх на працэсе ў справе „Белгазпрамбанку“ выступала сьведкамі», — дадаў адвакат.
Эдуарду Бабарыку пагражае да 5 гадоў абмежаваньня волі. Ён быў кіраўніком перадвыбарчага штабу свайго бацькі Віктара Бабарыкі. Бацьку і сына затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ 18 чэрвеня 2020 году. Эдуард Бабарыка абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 243 (Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) КК Беларусі.