Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Знак у інтэрвію з-за кратаў: «Зыходзячы з сэнсу абвінавачваньня, экстрэмістамі можна лічыць усіх годных беларусаў»


Максім Знак, архіўнае фота
Максім Знак, архіўнае фота

Палітвязень Максім Знак падчас леташняй прэзыдэнцкай кампаніі адказваў у камандзе экс-банкіра Віктара Бабарыкі за прававыя пытаньні.

Пасьля Максім Знак стаў чальцом прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, а 9 верасьня 2020 году яго затрымалі і цяпер вінавацяць у змове з мэтай захопу ўлады і ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня. Сьледчы камітэт перадаў справу ў Генэральную пракуратуру для накіраваньня ў суд.

Напярэдадні судовага разбору DW праз адваката перадала яму пытаньні і апублікавала адказы.

Пра здароўе за кратамі

— Са здароўем, на шчасьце, усё ў парадку. Пакуль мой арганізм ня страціў каштоўнай уласьцівасьці не падводзіць у экстрэмальных сытуацыях, нават падчас 226-кілямэтровай дыстанцыі ў трыятлёне ён заўсёды чакаў фінішу. Вось і цяпер, калі нешта пачынае турбаваць, атрымліваецца ўгаварыць зуб ня ныць, а жывот не бурчаць. Утрыманьне пад вартай, вядома, зьмяніла фізычна. Нягледзячы на тое, што 9 месяцаў ня бачыў цемры, я зусім не загарэлы. Яшчэ ў мяне істотна менш магчымасьцяў для заняткаў спортам, дый у цэлым для руху, але я стараюся: вось ужо 3 месяцы кожны дзень стаю па 5–7 хвілін у планцы. Штодня «аддаю» па 10–30 разоў прэсу за кожны атрыманы ліст, пры магчымасьці — бег, хоць і на месцы. Яшчэ адціскаюся і прысядаю на прагулцы.

Пра галадоўку за кратамі

— Адмоўныя вынікі часам таксама вельмі важныя, мы многае пацьвердзілі з дапамогай дакумэнтаў паводле прынцыпу «ад адваротнага». Па-першае, я страціў пэўныя ілюзіі і пераканаўся ў тым, што нават высокія стаўкі нічога не зьмяняюць у падыходзе правапрымяняльнікаў — хутчэй наадварот. Па-другое, даведаўся, што заўсёды, нават пры правамерных дзеяньнях на асабістай тэрыторыі, сыстэма знаходзіць асымэтрычныя адказы.

Пра абвінавачаньне

— У юрыстаў прынята камэнтаваць абвінавачаньне на публічным адкрытым працэсе, каб любы незалежны назіральнік мог выснаваць уласную думку. На жаль, і гэта цяпер раскоша. Магу сказаць, што ў нейкім сэнсе мне пашанцавала, бо тэкст майго абвінавачаньня падобны да сцэнару галівудзкага блокбастэра, у якім дробнымі літарамі ў канцы пазначана: «заснавана на рэальных падзеях».

І ўсё ж я не магу зразумець: як, ведаючы ня толькі пра ўсе публічныя ўчынкі, а і пра кожную думку тых, хто працаваў разам са мной тым летам, можна выкладаць усё з дакладнасьцю да наадварот у дакумэнце, які накіраваны на зьмену жыцьця чалавека на пэрыяд да 12 гадоў? Гэта не ўкладаецца ў галаве. Самае сумнае, што, зыходзячы з сэнсу абвінавачваньня, экстрэмістамі можна лічыць усіх годных беларусаў, якія ўвайшлі ў Каардынацыйную раду, каб хоць неяк дапамагчы ў пераходзе да канструктыўнага рашэньня ў кантэксьце жніўня 2020 году.

Пра тое, як перамагчы рэжым легальнымі спосабамі

— Сытуацыя на самой справе дзіўная: у заканадаўстве — дэмакратычныя прынцыпы, афіцыйная прапаганда таксама апэруе ідэаламі законнасьці, дэмакратыі і справядлівасьці. Але пры гэтым відаць, што адным і тым жа дзеяньням розныя бакі на падставе адных і тых жа дэкляраваных ідэалаў даюць супрацьлеглыя ацэнкі. Гэта значыць, хтосьці хлусіць, а замест абмеркаваньня ідэалаў трэба нарэшце перайсьці да абмеркаваньня фактаў. Зьмена рэжыму легальным спосабам — гэта рэфэрэндум. Зь лета 2020 году людзі дамагаліся прымяненьня наяўных нормаў права і выкананьня вызначаных працэдураў. Аднак нічога не зьмянілася, дэ-юрэ і дэ-факта разышліся яшчэ далей. Бясконца так працягвацца ня можа. Рэжым у Беларусі вызначаны Канстытуцыяй — дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Кожны сам можа адказаць, хто спрабуе зьмяніць гэты рэжым нелегальнымі спосабамі. Наша праблема — не рэжым, а перш за ўсё паталягічная хлусьня.

Пра жыцьцё ў «прававым дэфолце»

— Прававы дэфолт — гэта не асобныя парушэньні, а стан сыстэмы ў цэлым. Нельга трошкі парушыць закон пры яго ўжываньні — заганныя практыкі будуць распаўзацца па розных сфэрах, бо так зручней. Але, як паказвае гісторыя, у канчатковым выніку кола замыкаецца, і заганная практыка вяртаецца да тых, хто яе выкарыстаў. Што тычыцца пытаньня «як жыць?». Адказ на яго кожны шукае сам усё сваё жыцьцё, незалежна ад наяўнасьці прававога дэфолту. Несправядлівасьць — адно з выпрабаваньняў, зь якім трэба змагацца. Некаторыя кажуць, што варта зьмірыцца. Але гэта дрэнная стратэгія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG