Падзеі 17 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дзень у гісторыі
1793 – у Горадні пачаў працу апошні сойм Рэчы Паспалітай, які скасаваў Канстытуцыю 3 траўня і замацаваў рашэньне пра другі падзел краіны.
1876 – міністэрства ўнутраных справаў Расейскай імпэрыі забараніла друкаваць вучэбныя і навукова-папулярныя кнігі на ўкраінскай мове.
1898 – Сэнат ЗША даў згоду на анэксію Гаваяў.
1934 – пачаў дзейнічаць Бяроза-Картускі лягер палітычных зьняволеных.
1935 – стварылі амэрыканскую кінакампанію «Paramount Pictures».
1940 – у Латвію і Эстонію ўвялі савецкія войскі.
1953 – адбылося паўстаньне працоўных у ГДР: больш чым у 700 мясцовасьцях прайшлі антыўрадавыя страйкі і дэманстрацыі. Выступы задушыла група савецкіх войскаў у ГДР.
У гэты дзень нарадзіліся
1882 — Ігар Стравінскі, расейскі кампазытар, дырыжор і піяніст беларускага паходжаньня, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў усясьветнай музычнай культуры XX стагодзьдзя.
1936 — Кен Лоўч, брытанскі кінарэжысэр, клясык эўрапейскага кіно.
1949 — Уладзімер Русак, беларускі праваслаўны духоўнік.
Пасьля таго набажэнства прыхаджане віцебскай Казанскай царквы разыходзіліся пад асабліва моцным уражаньнем: дыякан Уладзімер прысьвяціў казань пакутнікам за веру ў Савецкім Саюзе. Адразу трэба зазначыць: казань прагучала ў 1983 годзе. Камуністычна я імпэрыя яшчэ не зьбіралася паміраць, і ў той самы вечар адзін зь вернікаў-нявернікаў, прымацаваны да храму інфарматар, напісаў справаздачу таварышу опэру. Апальнага айца Ўладзімера пазбавілі месца служэньня і выслалі ў Жыровіцкі манастыр.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 742–743.
У памяці
1696 — памёр кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Ян ІІІ Сабескі.
1938 — у Омску расстраляны Аркадзь Смоліч, дзяяч Беларускай Народнай Рэспублікі, навуковец ў галіне эканомікі і сельскай гаспадаркі, географ, картограф.
Бываюць пісьменьнікі, кнігі якіх нагадваюць сумныя падручнікі, але бываюць і навукоўцы, чые падручнікі чытаюцца зь ня меншай цікавасьцю, чым добры мастацкі твор. Менавіта так я чытаў перавыдадзеную на пачатку 1990-х «Геаграфію Беларусі» Аркадзя Смоліча, што ўпершыню пабачыла сьвет у 1919-м у Вільні, адкрываючыся актуальным і сёньня эпіграфам: «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў».
Тысячы й тысячы чытачоў «Геаграфіі» гэтая кніга ў дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя ня проста захапляла зьместам і зачароўвала моваю. Яна вяртала ім Радзіму. На ёй узгадоўвалася пакаленьне нацыянальна сьвядомай моладзі. «Геаграфія» Смоліча й цяпер застаецца неперасягнутым узорам навукова-папулярнага апісаньня нашае зямлі.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 180–181.
1996 — памёр Томас Сэмюэл Кун, амэрыканскі гісторык і філёзаф навукі. Ягоная кніга «Структура навуковых рэвалюцый» зьяўляецца адной з найбольш цытаваных навуковых публікацый за ўсю гісторыю навукі.