Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Францішак прасіў, каб тата з намі пайшоў на вуліцу». Севярынец у турме сустрэўся з жонкай і сынам


 Павал Севярынец у магілёўскім судзе. 25 траўня 2021
Павал Севярынец у магілёўскім судзе. 25 траўня 2021

25 траўня старшыня аргкамітэту БХД быў асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня праз абвінавачаньне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Пасьля суду Вользе далі 2 гадзіны на спатканьне з мужам — сустрэчу праз шкло з размовай праз тэлефон. На спатканьне Вольга ўзяла 3-гадовага сына Францішка, якога Павал ня бачыў з 7 чэрвеня мінулага году, калі яго затрымалі непадалёк ад свайго дома пасьля мітынгу ля Камароўскага рынку.

Паводле Вольгі Севярынец, яны з мужам не гаварылі аб прысудзе і працэсе, а засяродзіліся на агульных сямейных справах.

«Францішак ужо добра гаворыць, і яны з Паўлам размаўлялі праз слухаўку. Сын рэагаваў, адказваў, усьміхаўся і потым вельмі прасіў тату, каб ён з намі пайшоў на вуліцу пагуляць. Але неяк яму патлумачылі, што сёньня не атрымаецца», — сумна ўспамінае Вольга.

Што казаў Павал Францішку, Вольга ня чула, але пра некаторыя рэчы цяпер можа здагадацца.

«Раптам Францішак з прагулкі прынёс мне кветкі. Пытаюся, хто цябе навучыў, дык ён кажа, што тата. То бок гэта Павал навучыў яго дарыць маме кветкі», — сьмяецца Вольга.

Паводле Вольгі, наведваньне магілёўскай турмы стала для іх сына і праблемным досьведам.

«Пачаў гуляць у турму. Да нас заходзіць суседка, дык закрывае за ёй дзьверы і кажа: „Усё, ты у турме“. Ня ведаю, што з гэтым рабіць», — дзеліцца Вольга Севярынец.

Пра настрой Паўла Вольга кажа гэтак:

«Ён унутрана сабраны, спакойны. Сказала б, што частка яго ўжо жыве ў турме, мяркую, абдумвае тое, што там будзе. Але застаецца па-ранейшаму духоўна моцным, як крэмень. Перадаваў усім, хто яго падтрымлівае, вялікі дзякуй», — паведаміла Вольга Севярынец пра сустрэчу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG