«У прынцыпе, новае заканадаўства датычыць бізнэсаў з трэціх краін, якія не належаць да ЭЗ, — заявіла Арманайце карэспандэнту Свабоды ў Брусэлі. — Але зразумела, што найбольш зацікаўленыя ў пераезьдзе ў Літву якраз беларускія кампаніі. Ужо маем 80 беларускіх кампаній, якія пераехалі або знаходзяцца ў працэсе пераезду ў Літву, і 100 наступных, якія зацікаўленыя ў рэлякацыі».
Арманайце адзначыла, што ад пачатку пратэстаў у Беларусі аб плянах уладкавацца ў Літве заявілі такія беларускія кампаніі, як Epam Systems, Wargaming, Flo Health, Coherent Solutions, Godel Technologies.
- Прынятае заканадаўства, падкрэсьліла міністар, дазваляе «гладкі аўтаматычны працэс» перамяшчэньня ў Літву беларускіх працаўнікоў і іхных сем’яў, якія «могуць бясьпечна наладзіць сабе жыцьцё ў Літве, адначасова будучы блізка ад сваёй роднай краіны».
- Умова рэлякацыі ўсіх працаўнікоў і іхных сем’яў — інвэставаньне кампаніяй ня менш як 1,5 мільёна эўра ў эканоміку Літвы, «што не зьяўляецца вялікай сумай, асабліва для ІТ-кампаній», — дадала Арманайце.
Адказваючы на пытаньне, ці не заахвочвае такім чынам Літва «ўцечку мазгоў» зь Беларусі, Арманайце сказала:
«Беларускі дыктатар Лукашэнка выштурхоўвае гэтую бізнэсовую супольнасьць з краіны. Мы ў асноўным адкрываем нашы межы і нашы рынкі для іх, каб яны маглі тут бясьпечна жыць. І я шчыра веру, што гэтыя людзі змогуць вярнуцца дадому, калі там заквітнее дэмакратыя».