Дата дня
24 траўня 1941 году нарадзіўся амэрыканскі музыкант Боб Дылан. У 2017 годзе Дылан стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
Таксама ў гэты дзень
1891 — у Менску арганізавалі першую публічную выставу выяўленчага мастацтва. Выстаўлялася каля 100 работ мясцовых мастакоў.
1917 — у Менску пачалося выданьне газэты «Грамада», рэдактарам якой стаў Аркадзь Смоліч.
1996 — у Горадні пачаўся Першы фэстываль нацыянальных культураў.
У гэты дзень нарадзіліся
1904 — Адам Русак, паэт-песеньнік
1905 — Міхаіл Шолахаў, расейскі савецкі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.
1930 — Галіна Русак, мастачка, дзеячка эміграцыі ў ЗША.
У яе доме, дзе я на некалькі дзён спыняўся ў падарожжы па «беларускай» Амэрыцы, мяне найперш уразіла калекцыя індзейскае керамікі.
Тады й зрабілася зразумелым, адкуль у карцінах спадарыні Галіны, нават у выявах беларускіх сьвятых, гэтыя нязвычныя эўрапейскаму воку дэкаратыўныя матывы.
Я ня даў волі фантазіі й ня стаў уяўляць, якія думкі й аналёгіі маглі ўзьнікаць у беларускай мастачкі падчас шматлікіх вандровак па архіпэлягу індзейскіх рэзэрвацыяў.
Наваградчанка Галіна Русак у дзевятнаццаць гадоў апынулася ў ЗША. Там яна з ступенямі магістра бібліятэчных навук і гісторыі мастацтва скончыла заснаваны яшчэ ў каляніяльны пэрыяд Ратгерскі ўнівэрсытэт, дзе пазьней была дырэктаркай мастацкай бібліятэкі. (Дарэчы, у той самай alma mater пачынаў навуковую кар’еру біяхімік беларус Аўген Вярбіцкі, спэцыяліст у захаваньні ежы, які быў адказны за харчаваньне першай амэрыканскай экспэдыцыі на Месяц.)
Яна сталася вядомай дзяячкай нашай дыяспары, а таксама агульнаамэрыканскага руху за роўныя правы жанчын.
«Я глыбока зацікаўленая ў багатай сымбалічнай мове, у звычаях і ў сваім, адметным і непаўторным мастацкім выяўленьні беларускага народу, — пісала Галіна Русак. — Сымбалізм заўсёды быў важнай часткаю беларускага жыцьця. Як мастачка, я зацікаўленая ў перахоўваньні сымбалічнай мовы Беларусі, а яшчэ ў пашырэньні яе сродкамі сучаснай мастацкай тэхнікі паміж гледачоў замежжа».
З усіх шматлікіх выставаў у ЗША ды іншых краінах найдаражэйшаю спадарыня Галіна да апошніх дзён лічыла адзіную пэрсанальную выставу 1992 году ў незалежнай Беларусі.
Яе няма, але ў небе над Наваградчынай кружляюць ейныя буслы. Галіна люстраваная Амэрыка.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 470-471.
1940 — Іосіф Бродзкі, савецкі і амэрыканскі расейскі паэт, расейскі і ангельскі эсэіст, драматург, перакладчык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1987 году.
У памяці
1377 — памёр вялікі князь літоўскі Альгерд.
1543 — памёр Мікалай Капернік, польскі астраном і матэматык.
1863 — у Вільні за чытаньне ў Ваверскім касьцёле (цяпер Лідзкі р-н) маніфэста паўстаньня, расстраляны ксёндз Раймунд Зямацкі.