«Магчыма, цяпер не найлепшы час для прэмʼеры, але ніхто ня ведае, што будзе заўтра, – піша Павал Латушка ў сваім тэлеграм–канале. – Мы тут, побач, падтрымліваем адзін аднаго тым, што не спыняемся. 23 траўня на YouTube-канале “Купалаўцы” сустракайце сусьветны паказ несьмяротнай “Паўлінкі”.
Так, гэта ня проста прэмʼера, а сапраўднае онлайн-падарожжа па сьвеце з масай сюрпрызаў. Спэцыяльна да прэмʼеры мы падрыхтавалі субтытры на ангельскай, францускай, нямецкай, украінскай, польскай, расейскай і нават кітайскай мовах. Вы можаце абраць патрэбны варыянт у наладах відэа падчас прагляду.
Сапраўдны спэктакль-легенда, які больш за сем дзесяцігодзьдзяў жыве на купалаўскай сцэне, выхаваў некалькі пакаленьняў артыстаў і гледачоў, нарадзіўся ў эвакуацыі ў Томску ў 1944 годзе. Візытная картка тэатру, нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі, салют і сьвята шчырай беларускай мовы, спэктакль-музэй, спэктакль-аншляг…»
Пачатак прэмʼеры сёньня ў 19:00 на YouTube-канале купалаўцаў.
- З Купалаўскага тэатру на знак пратэсту супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў сышлі ўсе вядучыя акторы, у трупу набралі ўчорашніх студэнтаў. Са старога складу засталіся некалькі чалавек. На сцэне тэатру сталі выступаць праўладныя артысты з канцэртамі ў падтрымку Лукашэнкі і АМАПу.
- У лютым 2021 году ў тэатар прыехаў сам Лукашэнка, якому паказалі перапрацаваную пастаноўку п’есы «Паўлінка», а міністар культуры Анатоль Маркевіч сказаў, што яна «стала яшчэ лепшай, чым была».
- Колішні кіраўнік Купалаўскага тэатру Павал Латушка выехаў за мяжу і заснаваў Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, якое публікуе сакрэтныя дакумэнты рэжыму Лукашэнкі і заклікае таго пайсьці ў адстаўку.
- Акторы, якія пакінулі тэатар празь нязгоду з рэпрэсіямі, заснавалі канал на YouTube, на якім паказваюць новыя спэктаклі, зьвяртаюцца да іншых дзеячоў культуры Беларусі і чытаюць вершы.