Дата дня
26 красавіка 1986 году выбухнуў чацьвёрты блёк чарнобыльскага рэактара. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.
Традыцыйна, з 1989 году, у гэты дзень у Менску праходзіла мэмарыяльнае шэсьце Чарнобыльскі шлях. Сёлета ўлады забаранілі праводзіць Чарнобыльскі шлях у Менску.
Таксама ў гэты дзень
1740 — была заснаваная Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, якая належала князям Радзівілам.
1989 — Менску ўпершыню прайшоў Чарнобыльскі шлях.
У гэты дзень нарадзіліся
1863 — Яўстафі Арлоўскі, беларускі краязнавец, гісторык, пэдагог.
1929 — Юры Туронак, беларускі гісторык.
1929 — Мікалай Сьлюнькоў, першы сакратар ЦК КПБ, кіраўнік Беларусі ў момант катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, чыя пазыцыя замоўчваньня праўды пра аварыю здабыла яму ў вуснах Алеся Адамовіча мянушку «Чарнобыльскі Пілат».
1929 —Уладзімер Шатон, мовазнаўца, пэдагог, перакладчык.
Калі б мне выпала магчымасьць зьдзейсьніць падарожжа ў часы Гая Юліюса Цэзара або Нэрона, якому так падабаўся дым Айчыны, і я меў бы права выбраць сабе перакладчыка, то ні імгненьня не сумняваўся б — Уладзімер Шатон.
У нашу першую сустрэчу ён, яўна пераацаніўшы валоданьне лацінаю колішняга выпускніка гістарычнага факультэту БДУ, зьвярнуўся да мяне на мове Гарацыя. Наш трэці, невідочны, суразмоўнік, безумоўна, таксама пашкадаваў невука. Трэцім быў Мікола Гусоўскі.
Уладзімер Шатон тады якраз падрыхтаваў да друку сваё беларускае прачытаньне знакамітай «Песьні пра зубра», наступнае пасьля зробленых Натальляй Арсеньневай і Язэпам Семяжонам і, дарэчы, адзінае на сёньняшні дзень, якое захоўвае вершаваны памер арыгіналу — элегічны двуверш. Часам я параўноўваю гэтыя пераклады й уяўляю Шатона ў складзе той самай дыпляматычнай місіі Вялікага Княства Літоўскага ў Рым,
на чале якой стаяў мэцэнат Гусоўскага біскуп Эразм Вітэліюс.
Спадар Уладзімер, якога ягоны калега і блізкі знаёмец Пятро Садоўскі назваў чалавекам «абсалютна не савецкім», ведаў дваццаць моваў, але ягонай любоўю заставалася самастойна й бліскуча вывучаная лаціна.
На ёй ён размаўляў і судзіў тэнісныя сустрэчы сяброў. Зь яе пераклаў на беларускую «Пахвалу дурасьці» Эразма Ратэрдамскага і трактат «Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе» нашага Андрэя Воляна, на ёй загаварылі вялікія фрагмэнты «Новай зямлі» Якуба Коласа, надрукаваныя потым у замежных лацінамоўных выданьнях.
Шатона бязьмежна любілі ягоныя студэнты Лінгвістычнага ўнівэрсытэту й навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю. Любілі ня толькі за адмысловы талент лінгвіста і выкладчыка. За энцыкляпэдычную эрудыцыю й стрыманую іранічнасьць, што хавалася ў прымружаных вачах. За тое, што быў вялікім жыцьцялюбам і ня менш вялікім дзіваком. І на дзявятым дзясятку гадоў ён нечым нагадваў бяскрыўднае бескарысьлівае дзіця, якое ўадначас і зьдзіўленае гэтым сьветам, і разумее яго лепей за дарослых.
Ён да апошніх гадоў быў у выдатнай інтэлектуальнай форме. Вывучаў новыя мовы і мог нечакана, але бязь ценю снабізму запытацца ў кампаніі: «Тут хто-небудзь гаворыць па-кітайску? А па-японску?» У гэты момант душа Акутагавы магла адгукнуцца падзякаю за беларускую нізку ягоных навэляў.
Сябры сьцьвярджаюць, што, жывучы паводле нейкіх сваіх унутраных законаў, ён нязьменна быў па-за ўсялякімі інтрыгамі, ідэалёгіямі, рухамі й партыямі. Я не зусім згодны.
Шатон глыбока перажываў, калі ўлада распачала небясьпечныя гульні ў «союзное государство». Яму падабалася выслоўе пра тое, што мова ахоўвае межы дзяржавы мацней за армію.
Ірляндцы кажуць, што ў іхняй краіне нават атэіст абавязкова павінен вырашыць, хто ён: каталік або пратэстант.
Уладзімер Шатон заўсёды ведаў, на чыім ён баку.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 592-293
1989 — Надзея Папок, беларуская вясьлярка на байдарцы.
У памяці
1883 — памёр Напалеон Орда, беларускі мастак, кампазытар, пісьменьнік.
Яго назвалі ў гонар імпэратара французаў, зь якім на землях былога Вялікага Княства Літоўскага тады зьвязваліся надзеі на аднаўленьне незалежнасьці. Аднак Напалеон Банапарт, што разам з сваёй Вялікай арміяй перайшоў Нёман празь пяць гадоў пасьля нараджэньня Напалеона Орды, меў іншыя мэты, якія неўзабаве перакрэсьлілі спадзяваньні патрыётаў.
Спадзяваньні, але ня прагу свабоды.
У 1827-м Орду, студэнта фізычна-матэматычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту, выключаюць за прыналежнасьць да таемнага таварыства «Заране». Калі праз чатыры гады ўспыхвае вызвольнае паўстаньне, ён робіцца стралком 4-га палка коннай гвардыі Літоўскага асобнага корпусу і, вызначыўшыся ў баях, атрымлівае чын капітана паўстанцкай арміі й найвышэйшую ўзнагароду — ордэн Virtuti Militari.
На эміграцыі, у Парыжы, ён сябруе з Адамам Міцкевічам, дасканаліць музычны талент у Шапэна й здабывае мастацкую адукацыю ў студыі майстра архітэктурнага пэйзажу П’ера Жэрара. У сярэдзіне 1840-х Орда — дырэктар парыскай Італьянскай опэры. Ён стварае віртуозныя вальсы, мазуркі й палянэзы. (Станіслаў Манюшка назаве яго сваім настаўнікам.)
На пяцідзясятым годзе жыцьця Напалеон Орда пасьля амністыі вяртаецца на радзіму і распачынае свае вандроўкі, што прынясуць яму славу і памяць нашчадкаў. У лісьце да Ігната Дамейкі ён пісаў: «Я
павінен занатаваць рэшткі нашай былой цывілізацыі».
Ягоныя больш за дзьвесьце малюнкаў гістарычных помнікаў, гарадоў і мястэчак Літвы-Беларусі створаць яе непаўторны і неўміручы вобраз. Мірскі й Крэўскі замкі, Сафійскі сабор і Спаса-Эўфрасіньнеўская царква, сядзібы Касьцюшкаў і Міцкевічаў...
Незвычайная старонка біяграфіі Орды — яго паездкі па ахопленым паўстаньні краі ў 1863‑м. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца адшуканая дасьледніцай Вольгай Бабковай справа аб пазбаўленьні Орды шляхецкіх правоў «за участие в мятеже». З дакумэнтаў вынікае, што мастак «занимается черчением планов городов». Гэтыя «пляны» жандары выносілі з дому Ордаў скрынямі".
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 82-83
2002 — памёр Міхаіл Пташук, беларускі кінарэжысэр, актор, прадусар.
2012 — памёр Ігар Чаквін, беларускі гісторык і этноляг.