Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: паўстанцы Касьцюшкі вызвалілі Вільню


Помнік Тадэвушу Касьцюшку ва ўрочышчы Марачоўшчына ў Івацэвіцкім раёне.
Помнік Тадэвушу Касьцюшку ва ўрочышчы Марачоўшчына ў Івацэвіцкім раёне.

Падзеі 22 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

З 22 красавіка на 23 красавіка 1794 году падчас паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі была вызваленая Вільня.

Паўстаньне ставіла мэтай скасаваньне Першага і Другога падзелаў Рэчы Паспалітай, якія адбыліся ў 1772 і 1793 гадах.

Таксама ў гэты дзень

1725 — нясьвіскі ардынат, вялікі гетман Міхал Казімер Радзівіл, празваны Рыбанькам ажаніўся з Уршуляй Францішкай Вішнявецкай. Хранікёры пішуць, што гэта быў шчасьлівы зьвяз.

Уршуля Радзівіл. Выстава «Славутыя асобы Беларусі». Аўтары Ляілея і Валянцін Варэца.
Уршуля Радзівіл. Выстава «Славутыя асобы Беларусі». Аўтары Ляілея і Валянцін Варэца.

1915 — падчас Першай сусьветнай вайны Нямеччына ўжыла хлёр як хімічную зброю супраць англа-францускіх войскаў паблізу горада Іпр ў Бэльгіі.

1919 — польскія войскі, выбіўшы з гораду бальшавікоў, занялі Вільню.

У гэты дзень нарадзіліся

1724 — Імануіл Кант, нямецкі філёзаф.

1870 — Уладзімір Ульянаў (Ленін), расейскі камуністычны тэарэтык, арганізатар і кіраўнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расеі, першы кіраўнік Савецкай дзяржавы.

1899 — Уладзімір Набокаў, расейскі і амэрыканскі пісьменьнік.

У памяці

1937 — падчас сталінскага тэрору скончыў жыцьцё самагубствам Язэп Адамовіч, адзін зь першых кіраўнікоў беларускага савецкага ўраду.​

Нацыянал-камуніст Адамовіч займаў у БССР пасаду старшыні Савету народных камісараў. У 1924 годзе пад ягоным кіраўніцтвам адбылося вяртаньне ў склад нашай рэспублікі беларускіх Віцебшчыны й Магілеўшчыны, адрэзаных Масквой амаль адразу пасьля абвяшчэньня БССР.

У 1926-м удалося дабіцца перадачы з РСФСР у склад Беларусі Гомелю з Рэчыцай і яшчэ сямі паветаў. У выніку тэрыторыя рэспублікі павялічылася з 52 да 126 тысяч квадратных кілямэтраў, або амаль у два з паловаю разы, а насельніцтва — з 1,5 да 5 мільёнаў чалавек. Вярнуць беларускую Смаленшчыну разам зь іншымі нашымі землямі, захопленымі Расеяй, ужо не пасьпелі.

Высокага аўтарытэту беларускага і пасьлядоўна беларускамоўнага кіраўніка не маглі не заўважыць у Маскве. У кар’еры Адамовіча адбываюцца рэзкія зьмены. У 1927-м яго ставяць кіраваць Цукартрэстам, а затым і наагул адпраўляюць начальнікам акцыянэрнага таварыства на Камчатку.

Ідзе 1937-мы. Былы старшыня СНК Беларусі ведае, што ў дзьверы могуць пастукаць у любую ноч. Едучы ў цягнiку з Далёкага Ўсходу ў Маскву, ён вырашае сысьці з жыцьця сам...

Калі ў Барысаве будзеце ісьці вуліцай Адамовіча, ведайце: яна названая імем таго, хто разам з аднадумцамі вярнуў нам Віцебск, Магілеў і Гомель.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 146–147.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG