Дата дня
7 красавіка 1983 году памерла Ларыса Геніюш, беларуская пісьменньіца, дзяячка беларускага адраджэньня.
Яна — сярод тых нямногіх людзей, безь якіх я ня стаў бы самім сабою. Скажу нават болей: я — вядома, з разуменьнем усёй пралеглай паміж намі бездані гадоў — быў закаханы ў яе.
Яшчэ й цяпер калі-небудзь у зімовую раніцу, на хісткай мяжы явы і сну, магу ўсьцешана падумаць: перад Калядамі паеду да Бабулі. Так мы называлі яе ў тэлефонных размовах і лістах з аглядкаю на «товарища майора». Зрэшты, мяркую, што нашыя куратары з «органаў» цудоўна ведалі: Бабуля — гэта Ларыса Антонаўна Геніюш.
Тады, у задушлівыя 1970-я, кожная паездка з майго Полацку ў яе Зэльву, дзе нязломная грамадзянка БНР жыла пасьля лягераў у сваёй абторканай мікрафонамі хаце, была прыступкаю ўзыходжаньня — да сябе, да Беларусі, да Свабоды.
Гаворкі далёка за поўнач, у якіх адкрываўся яе пакутніцкі змагарскі шлях.
Вершы, якія сьціскалі сэрца й будзілі розум:
Воля — ня тое, што рукі разьвяжуць,
зьменяць на большую клетку малую.
Воля — ня тое, што
вольны ты, скажуць.
Воля — то воля, якую адчую.
Яе першы, выдадзены ў 1942-м, паэтычны зборнік «Ад родных ніў», пасьля якога аўтарка трапіла на допыт у гестапа, бо не напісала ні радка пра «вялікага фюрэра».
Кніжку надрукавалі ў Празе, дзе Геніюшы — Ларыса й Янка, яе муж-мэдык — жылі ад другой паловы трыццатых гадоў. Яна брала ўдзел у працы беларускага Ўраду на эміграцыі, а ў 1943-м стала Генэральным
сакратаром БНР, захаваўшы й пераправіўшы ў бясьпечнае месца найкаштоўнейшую частку яе архіву.
Забароненыя імёны: Васіль Захарка, Кастусь Езавітаў, Натальля Арсеньнева... Крамольныя кнігі, якія мы прывозілі й таемна памнажалі на дапатопнай капіявальнай машыне.
Старонкі ўспамінаў, якія выйдуць у 1993-м пад назваю «Споведзь» і апякуць усе беларускія душы.
У краіне незалежнай і дэмакратычнай разьвітаньне з адной з найталенавіцейшых яе паэтак сталася б днямі народнага смутку. У Беларусі гэтая падзея ў красавіку 1983-га прамінула амаль непрыкметна. На пару дзясяткаў літаратараў, навукоўцаў і былых сулягернікаў Ларысы Антонаўны прыпадала разы ў два болей людзей на чорных «волгах» з нумарамі ці ня ўсіх абласьцей рэспублікі. Але як бы ні называлася ў іх гэтая апэрацыя, выканаць яе не ўдалося. Спробы змусіць людзей везьці труну й вялікі драўляны крыж на машыне былі марныя. Увесь няблізкі шлях да кладоў спадарыню Ларысу несьлі на руках. Сьледам ішла ўся Зэльва.
Над сьвежай магілай я чытаў напісаны на сьмерць паэткі верш Сержука Сокалава:
Пасьля нягод, чужыны, ператрусак,
Пасьля таго, пра што маўчаць гады,
Вы здолелі між іншых беларусак
Застацца Беларускай назаўжды.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020
Таксама ў гэты дзень
1348 — імпэратар Карл IV заснаваў унівэрсытэт у Празе.
1917 — у Менску адкрыўся Зьезд беларускіх нацыянальных арганізацыяў. 150 дэлегатаў зьезду выпрацавалі праграму беларускага руху. Дэлегаты стварылі Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Раманам Скірмунтам, вырашылі заснаваць Беларускі ўнівэрсытэт і перавесьці ўсю пачатковую адукацыю ў Беларусі на беларускую мову.
1939 — фашысцкая Італія напала на Альбанію.
1948 — была заснаваная Сусьветная арганізацыя аховы здароўя.
1965 — Уладзімер Караткевіч напісаў першыя радкі раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
1969 — сымбалічная дата нараджэньня інтэрнэту: быў апублікаваны пакет дакумэнтаў, якія прапанавалі тэарэтычныя прынцыпы кампутарных сетак.
1994 — пачатак генацыду ў Руандзе — за 100 дзён былі забітыя больш за 900 тысяч чалавек.
2009 — у Малдове адбыліся масавыя беспарадкі, выкліканыя вынікамі парлямэнцкіх выбараў.
2010 — падчас другой рэвалюцыі ў Кіргізстане быў адхілены ад улады прэзыдэнт Курманбек Бакіеў, які потым знайшоў прытулак у Беларусі.
У гэты дзень нарадзіліся
1889 — Габрыела Містраль, Нобэлеўскі ляўрэат па літаратуры.
1897 — Юрка Лістапад, публіцыст, пэдагог, удзельнік Слуцкага паўстаньня 1020 г. І антыбальшывіцкага Супраціву 1920-х, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
У 1920-я ён быў кумірам тысяч юнакоў. А неяк на маёй сустрэчы з маладафронтаўцамі дзяўчына з жывымі агатавымі вачыма, пачуўшы гісторыю Лістапада, абвясьціла, што за ім пайшла б куды заўгодна: «За адно прозьвішча!»
Сябра Беларускай Рады Случчыны й удзельнік незалежніцкага збройнага чыну, Лістапад нелегальна вярнуўся з Польшчы на Радзіму і заснаваў падпольную антысавецкую арганізацыю. Яе складалі Юркавы выхаванцы — навучэнцы Слуцкіх агульнаадукацыйных курсаў. Арганізацыя мела на мэце, стварыўшы шырокую сетку збройных аддзелаў, узьняць паўстаньне і вызваліць Беларусь з-пад улады Масквы.
У 1925-м Юрку і пяцёх яго паплечнікаў схапіла ОГПУ. «Працэс Лістапада» прагрымеў на ўсю Беларусь. У яго з мэтаю «перавыхаваньня» ўцягнулі Якуба Коласа, якога абвінавачвалі ў падтрымцы лістападаўцаў. Перад
прэсай была пастаўленая задача як найшырэй выкрыць антысаветчыкаў. Але кампанія прывяла да неадназначных вынікаў: адных запалохала, а многіх — натхніла на супраціў.
Паводле прысуду Лістапад атрымаў пяцігадовае зьняволеньне, аднак ужо праз два гады выйшаў на волю. Некаторыя дасьледнікі тлумачаць палёгку Юркавай згодай стаць сакрэтным агентам «органаў». Праўда, гэта дрэнна стасуецца з тым фактам, што пасьля турмы Лістапад ня мог знайсьці сабе сталай працы і быў, як пісаў у анкетах, «вольным перакладчыкам на беларускую мову».
У 1930-м яго арыштавалі ў справе Саюзу вызваленьня Беларусі, праз тры гады адбыўся трэці арышт паводле справы гэтак званага «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Васьмігадовы тэрмін Лістапад адбываў на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі.
Як сьведчаць дакумэнты, ён паводзіўся непакорліва і стаў фігурантам крымінальнага расьсьледаваньня.
Увесну 1938-га Юрка Лістапад пачуў свой сьмяротны прысуд. Астатнія лістападаўцы былі расстраляныя ў вайну савецкімі партызанамі або загінулі ці зьніклі пазьней пры нявысьветленых абставінах.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020
1914 — Кірыла Мазураў, савецкі камуністычны дзяяч, першы сакратар ЦК КПБ у 1956-65 гадах.
1947 — Валер Славук, беларускі мастак.
У памяці
1614 — памёр Эль Грэка, гішпанскі мастак.
1951 — памёр Сяргей Вайцяхоўскі, царскі афіцэр, які нарадзіўся ў Віцебску, а пасьля зьвязаў сваё жыцьцё з Чэхаславаччынай.
1973 — памёр Язэп Дыла, беларускі пісьменьнік і культурны дзяяч.
2006 — памёр Кастусь Мысьлівец, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку XIX ст.
Яго называлі «галоўным бандытам раёну». Такім Кастусь Мысьлівец быў у вачах драгічынскай намэнклятуры.
Для сяброў і паплечнікаў ён да апошніх дзён заставаўся ці ня самым адданым патрыётам Беларусі ў палескім краі.
Пры канцы 1980-х Кастусь стаў актывістам грамадзкакультурнага згуртаваньня «Полісьсе», але неўзабаве рашуча выступіў супраць яго кіраўнікоў. Тыя прапанавалі ідэю стварэньня Беларуска-Палескай фэдэрацыі, і Мысьлівец адразу ўбачыў тут пагрозу дзяржаўнай цэласьці краіны.
З ініцыятывы спадара Кастуся й ягоных аднадумцаў тры чвэрткі
сяброў «Полісься», што жылі на Берасьцейшчыне, далучыліся да структураў БНФ. Сам ён стаў адным зь лідэраў Драгічынскай арганізацыі.
Кастусёў голас гучаў на пікетах і мітынгах, дзе ён патрабаваў паведаміць драгічынцам праўду пра іх накрытыя чарнобыльскімі хмарамі вёскі. Мысьлівец змагаўся супраць будаўніцтва ў райцэнтры экалягічна
небясьпечнага біяхімзаводу.
Ворагі звальнялі яго з працы, сябры папярэджвалі, каб позна не хадзіў адзін па вуліцах. Але ён заставаўся самім сабой і па-ранейшаму казаў у вочы тое, што думаў, і вэртыкальшчыкам, і дэмакратам, якія не маглі
адкінуць уласных амбіцыяў і аб’яднацца.
Ён прывёз з Рэспублікі Комі жонку Галіну і навучыў яе беларускай мове. Ён сябраваў зь Юрыем Хадыкам. Ён ня раз сустракаў на сваім падворку лідэраў дэмакратычнага руху — кветкамі, нацыянальнымі сьцягамі, сталамі з палескімі абрусамі і прысмакамі.
Побач з бацькам быў сын Кірыл на чале скаўцкага аддзелу.
У прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году па колькасьці подпiсаў, сабраных за лiдэра аб’яднаных дэмакратычных сiлаў Аляксандра Мілінкевіча, Драгічын стаў упоравень з значна большымі Баранавічамі
і Пінскам.
Тады, на нагах, Кастусь перажыў першы інфаркт. Другі стаўся фатальным.
Яго пахавалі побач з маці ў роднай вёсцы, мужчыны якой з зброяй у руках змагаліся супроць саветаў у нацыянальнай партызанцы пасьля Другой усясьветнай вайны.
Зь людзей гэткага самага гарту быў і Кастусь Мысьлівец.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020