Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шахтар, музыка, журналісты і пэнсіянэры. Каго і на колькі пасадзілі падчас Усебеларускага сходу


Суд над журналісткай Надзеяй Калінінай. Менск, 12 лютага.
Суд над журналісткай Надзеяй Калінінай. Менск, 12 лютага.

У дні праўладнага форуму судовы канвэер не спыняўся — судзьдзі выпісвалі адміністрацыйныя арышты і буйныя штрафы.

Салігорскага шахтара Юрыя Корзуна, затрыманага напярэдадні, асудзілі на 15 сутак арышту за «ўдзел у масавым мерапрыемстве». Жонцы паведамілі, што яго даставілі спачатку ў РАУС, а пасьля ў ізалятар на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП.

Раней Юры Корзун ужо адбываў адміністрацыйны арышт за чаяваньне ў парку, якое расцанілі як «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства». Пасьля адбыцьця 15 сутак на волю яго ня выпусьцілі, дадаўшы яшчэ такі ж самы тэрмін.

Летась у верасьні шахтар прыкаваў сябе да горназдабыўнога абсталяваньня і адмовіўся выходзіць на паверхню на знак пратэсту супраць гвалту і беззаконьня. Пасьля гэтага ён далучыўся да страйку.

11 лютага ў менскім ГЦ Dana Mall затрымалі 58-гадовую Ніну Долгую. Як паведаміла «Вясна», жанчына крыкнула «Жыве Беларусь!» і хацела паглядзець, як адрэагуюць астатнія.

Адгукнуліся два міліцыянты, якія яе і затрымалі. На пэнсіянэрку склалі пратакол за «адзіночнае пікетаваньне з мэтай публічнага выказваньня сваёй незадаволенасьці дзейнай уладай».

12 лютага справу разглядалі ў судзе Першамайскага раёну Менску. Віну жанчына прызнала і прасіла суд не караць яе арыштам. Але судзьдзя Тацяна Ліньнік вынесла вырак аб 15-дзённым арышце.

11 лютага каля менскай Ратушы затрымалі 61-гадовую тэрапэўтку 25-й менскай паліклінікі Лілію Мацешу і яе мужа Пятра. У Цэнтральным РУУС на іх склалі пратаколы за «пікетаваньне» і адправілі ў турму на Акрэсьціна. 12 лютага судзьдзя Дзьмітрый Карсюк асудзіў жанчыну на 13 дзён адміністрацыйнага арышту, мужчыну — на 14.

Той жа судзьдзя Карсюк арыштаваў на 20 сутак затрыманага напярэдадні ў падземным пераходзе каля станцыі мэтро «Няміга» музыку Андрэя Драгуна, які граў на гітары і сьпяваў песьні.

Міліцыянты з Цэнтральнага РУУС склалі на яго адразу два пратаколы: паводле ч. 1 арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне).

12 лютага аднавіўся суд над журналісткай Tut.by Надзеяй Калінінай. Яе затрымалі 29 студзеня, калі яна спрабавала трапіць на зьезд дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу па Менску, і выставілі два артыкулы — 23.34 і 23.4 КаАП.

Амаль трое сутак Надзея правяла ў ІЧУ на Акрэсьціна. 1 лютага пачаўся суд і працягнуўся пасьля працяглага перапынку. Судзьдзя Тацяна Шоцік прызнала журналістку вінаватай па двух артыкулах і прысудзіла буйны штраф у памеры 2320 рублёў: 50 базавых велічынь па артыкуле 23.34 КаАП і 30 базавых — па артыкуле 23.4 КаАП.

Затрыманую напярэдадні ў Новай Баравой пазаштатную аўтарку парталу Tut.by Тацяну Скапцову і яе мужа Канстанціна арыштавалі на 15 сутак за сьцяг на акне. У кватэры правялі ператрус.

У Telegram-канале ATN_NEWS зьявіліся абвінавачваньні, што Тацяна адмініструе шэраг «дэструктыўных» каналаў, а таксама ўдзельнічала разам з мужам у «пратэставых акцыях». Пры гэтым на відэа да паста Тацяна кажа, што не адмініструе ніводзін Telegram-канал і ні да чога не заклікала.

Менскі раённы суд разглядаў справы Скапцовых у адным працэсе — «за пікетаваньне шляхам вывешваньня сьцяга на акно ў сваёй кватэры». Судзьдзя Антон Колабаў арыштаваў абаіх на 15 дзён арышту.

Суд Цэнтральнага раёну Менску арыштаваў на 15 сутак аўтамабіліста Паўла Падаляку, які сыгналіў на сталічным праспэкце Незалежнасьці.

Як паведамляе «Вясна», каля 9-й раніцы яго спыніў рэгуліроўшчык і сказаў, што ён «падаў гукавы сыгнал». З супрацоўнікам ДАІ кіроўца на сваёй машыне праехаў у Цэнтральнае РУУС.

Ва ўнутраным дворыку ён нібыта адмовіўся прайсьці ў пастарунак, пачаў упірацца нагамі і хапацца за абмундзіраваньне супрацоўніка. На яго склалі пратакол паводле арт. 23.4 КаАП: стаяў на праспэкце і выкрыкваў лёзунгі.

У судзе дапыталі сьведку-супрацоўніка, на што Павал сказаў: «Дзе ў чалавека сумленьне? Усё, што кажа сьведка, глупства». Судзьдзя Дзьмітры Карсюк арыштаваў менчука на 15 сутак.

12 лютага меўся выйсьці на волю пасьля 15 сутак арышту гаспадар менскай крамы «Мой модны кут» Андрэй Есіпёнак. Аднак замест гэтага яму дадалі яшчэ 5 сутак нібыта за непадпарадкаваньне супрацоўнікам праваахоўных органаў.

Тым часам кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў паведаміў, што ў пэрыяд Усебеларускага народнага сходу праваахоўнікі затрымалі 5 чалавек, якія ў інтэрнэце заклікалі людзей выходзіць на акцыі пратэсту. Паводле яго, усе яны «хаваліся пад рознымі нікамі» і заклікалі «зьдзяйсьняць супрацьпраўныя дзеяньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG