Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5800 рублёў штрафу краме «Князь Вітаўт»: як ціснуць на крамы з нацыянальнай сымболікай


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

11 лютага прайшоў другі суд па справе крамы «Князь Вітаўт» у Берасьці. Па выніках праверкі, праведзенай Аддзелам па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, краме налічылі парушэньняў амаль на 80 тысяч рублёў. Пасьля аспрэчваньняў сума скарацілася да 23 тысячаў.

«На такія парушэньні праверкі, бывае, увогуле не глядзяць»


«Адчуваньне незразумелае. Канечне, калі першапачаткова нам прад’явілі парушэньні на 80 тысяч рублёў, па якіх штраф мог быць да 40 тысяч, тое, чаго мы дабіліся сёньня, — гэта нас задавальняе. Але ўсё ж, як праходзяць гэтыя праверкі, канечне, засмучае, і невядома, ці будзе яшчэ гэты прэсінг», — кажа ўладальнік крамы Алег Чапараў.


Асноўныя прэтэнзіі падатковай інспэкцыі, на падставе якіх судзілі краму, зьвязаныя з транспартаваньнем тавару: у некаторых накладных былі няправільныя адрасы разгрузкі.

«Мы патлумачылі, што дакумэнты складалі пастаўшчыкі і, як кажуць, „па накатанай“ пісалі яшчэ як адрас разгрузкі нашую краму на Савецкай, якая ўжо зачыненая. Некаторыя пісалі наш юрыдычны адрас, замест таго, дзе мы цяпер маем офіс і куды павінен прыходзіць тавар. То бок гэта такія парушэньні, на якія бывае, што праверкі ўвогуле не глядзяць, калі няма загаду, скажам так, дабіць краму».

З сумай парушэньняў у 80 тысяч рублёў, якую прад’яўляла падатковая, уладальнік крамы быў ня згодны і на першым паседжаньні па справе, якое адбылося 8 лютага, прадставіў доказы, што сума парушэньняў павінна быць у некалькі разоў меншая. Сёньня стала вядома, што суд і падатковая пагадзіліся з прадстаўнікамі крамы і сума зьменшылася да 23 тысяч рублёў. Па выніках суду на краму наклалі штраф у памеры 5800 рублёў.


«Ёсьць уражаньне, што гэта аблава»


Ціск на краму пачаўся яшчэ паўтара года таму — з прычыны цішотак з выявай аўтазаку і надпісам «Welcome to Belarus».

«Нас выклікалі ў выканкам на размову, сказалі, што ім не падабаецца гэтая выява. Пасьля былі розныя папярэджаньні, пісалі нам лісты, і мы на іх адказвалі, што мы проста адлюстроўваем сучаснае жыцьцё ў Беларусі, нічога не выдумляем. Адбыўся суд, аказалася, што гэтая выява быццам абражае Беларусь, ганьбіць у вачах замежнікаў і жыхароў таксама. Таму прызналі гэтую выяву неналежнай рэклямай і далі нам штраф у 40 базавых».

6 жніўня, акурат перад прэзыдэнцкімі выбарамі, у краму прыйшоў АБЭП і пачаў усё пералічваць і пераглядаць. Па выніку частку тавару канфіскавалі (сьцягі, белыя бранзалеты і інш.), а краму апячаталі.


«Адкрылі нам яе толькі пасьля выбараў, недзе 18-га. Але тады нам не працягнулі дамову арэнды, і зразумела было, што жнівень мы дапрацоўваем і павінны зьехаць».

Крама «Князь Вітаўт» на вуліцы Савецкай зачынілася 31 жніўня і пачала працаваць у інтэрнэце.


«Пасьля гэтага, можа, месяц мы спакойна працавалі, а потым пачаліся суды па цішотках з аўтазакам, далей прыйшлі пажарнікі нас правяраць і таксама знайшлі парушэньні, зь якімі мы ня згодныя, і выпісалі штраф у 20 базавых. Пасьля прыйшла праверка ад АБЭПу, якія перадалі справу ў падатковую інспэкцыю».

У крамы яшчэ ня скончыліся справы па іншых двух судах: па парушэньнях, якія выявілі пажарнікі, і пастанове, якая прызнала неналежнай рэклямай цішоткі з аўтазакам. Пакуль крама іх абскарджвае.

«Ёсьць такое ўражаньне, што гэта аблава, бо неяк адначасова амаль па ўсіх крамах прайшліся. Канечне, не было ў нас надзеі, што нам дадуць спакойна працаваць, таму мы іх [праверак. — РС] чакалі ў любы момант. Ну вось адбылося так, што адразу па ўсіх вырашылі бамбануць, значыцца, ёсьць нейкі загад на гэта».

Пакуль «Князь Вітаўт» працягвае сваю дзейнасьць, але прадаецца толькі тое, што ўжо ёсьць у наяўнасьці.

«Каб сплаціць штраф, нам спатрэбіцца дапамога тых жа самых пастаўшчыкоў, будзем прасіць адтэрміноўкі. Думаем, трэба паспрабаваць папрасіць дапамогі ў людзей, хто што зможа. Ну і, канечне, самы просты спосаб дапамагчы нам — гэта набыць што-небудзь на нашым сайце. А там ужо будзем глядзець далей, зможам працаваць ці не».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG