Брытанскія спэцыялісты ідэнтыфікавалі на тэрыторыі краіны яшчэ дзьве новыя мутацыі каранавірусу, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на тэлеканал Sky news.
Пры гэтым адзін з гэтых штамаў вірусу, знойдзены ў Брыстолі, лічыцца «варыянтам, які выклікае непакой».
Паводле дадзеных Sky news, ён «мае тую ж заразнасьць, аднак, як здаецца, гэтая мутацыя да некаторай ступені дазваляе яму супраціўляцца імунітэту. Гэта азначае, што, магчыма, да некаторай ступені ён мог бы супраціўляцца дзеяньню вакцыны». У той жа час тэлеканал удакладняе, што інфармацыя аб гэтым пытаньні пакуль не выглядае яснай.
Між тым яшчэ адзін варыянт каранавірусу, зафіксаваны ў Лівэрпулі, знаходзіцца «ў стадыі дасьледаваньня». Аднак, кажа Sky news, характарыстыкі абодвух гэтых варыянтаў каранавірусу маюць падабенства зь яго штамам з Паўднёвай Афрыкі, хоць ня маюць да яго дачыненьня.
Тым часам, паводле інфармацыі тэлеканалу, у Вялікай Брытаніі выявілі 147 выпадкаў каранавірусу «паўднёваафрыканскага» тыпу.
Паводле дадзеных статыстычнага сайту Worldometer, c пачатку эпідэміі каранавірусам у Вялікай Брытаніі заразіліся больш 3,97 млн чалавек, звыш 113,8 тыс. пацыентаў памерлі.
У сьвеце колькасьць тых, хто заразіўся, перавышае 106 млн чалавек, памерлых 2,4 млн.