Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп зьняў забарону на ўезд у ЗША з Эўропы і Бразыліі. Байдэн ня згодны


Джо Байдэн і Дональд Трамп
Джо Байдэн і Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 18 студзеня падпісаў указ, які адмяняе абмежаваньні на ўезд у краіну з Шэнгенскай зоны, Вялікай Брытаніі, Ірляндыі і Бразыліі, якія былі ўведзеныя ў сувязі з пандэміяй.

Згодна з указам, з 26 студзеня тыя, хто ўяжджае ў ЗША, павінны мець адмоўны тэст на COVID-19. Пры гэтым абмежаваньні ў дачыненьні да ўезду з Кітаю і Ірану захоўваюцца, бо гэтыя краіны адмовіліся супрацоўнічаць у галіне аховы здароўя і своечасова не дзяліліся інфармацыяй аб распаўсюджаньні COVID-19, адзначаецца ва ўказе.

Джэн Псакі, прэс-сакратарка абранага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, які ўступіць на пасаду 20 студзеня, заявіла, што новая адміністрацыя ня мае намеру здымаць абмежаваньні на ўезд у краіну з 26 студзеня. Наадварот, плянуецца ўзмацніць захады ў дачыненьні да міжнародных паездак, каб стрымаць пашырэньне COVID-19, падкрэсьліла Псакі.

Трамп пачаў уводзіць абмежаваньні на ўезд у ЗША з розных дзяржаў у пачатку мінулага году, калі ў кітайскім горадзе Ухань была зафіксавана ўспышка новай каранавіруснай інфэкцыі. Сьпярша забарона на ўезд замежных грамадзян была накладзеная на тых, хто прыбывае з Кітаю, потым пад абмежаваньні трапіў Іран. У сакавіку Трамп абмежаваў уезд у ЗША для тых, хто пабываў або пражывае на тэрыторыi дзяржаў Шэнгенскай зоны. Пазьней забарону распаўсюдзілі на Ірляндыю, Вялікую Брытанію, а таксама Бразылію.

ЗША знаходзяцца на першым месцы ў сьвеце ў колькасьці выяўленых выпадкаў заражэньня каранавірусам — больш за 24 мільёны інфікаваных, звыш 400 тысяч хворых памерлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG