У 2019 годзе Дональду Трампу ўжо спрабавалі абвясьціць імпічмэнт, але рэзалюцыя не прайшла Сэнат.
«Настоящее время» папрасіла экспэртаў-міжнароднікаў расказаць, што азначаюць вынікі галасаваньня.
Дарадца дырэктара Дыпляматычнай акадэміі Ўкраіны Кацярына Смаглій расказала, чаму нават некаторыя рэспубліканцы прагаласавалі за імпічмэнт.
— Дзесяць рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў прагаласавалі за імпічмэнт Трампу. У 2019 годзе падчас першага імпічмэнту Трампу не галасаваў ніводзін рэспубліканец. Як лічыце, чаму так зьмянілася сытуацыя?
— Відавочна, што цяпер Трамп зьдзейсьніў больш сурʼёзнае злачынства супраць амэрыканскай Канстытуцыі. Калі ў папярэднім імпічмэнце сытуацыя тычылася нейкай эўрапейскай маленькай краіны Ўкраіны, дзе ён проста ціснуў на ўкраінскага прэзыдэнта, то цяпер гаворка ідзе пра напад на асновы амэрыканскай дэмакратыі, на асновы амэрыканскай Канстытуцыі. І, натуральна, у сытуацыі, калі прэзыдэнт Трамп фактычна зьяўляецца ўжо такой кульгавай качкай, ён фактычна ўжо стаіць на парозе заканчэньня свайго прэзыдэнцтва, многія рэспубліканцы не адчуваюць больш ніякіх палітычных абавязаньняў перад гэтым прэзыдэнтам. Хачу зьвярнуць вашу ўвагу, што нават дачка былога віцэ-прэзыдэнта Дзіка Чэйні — Ліз Чэйні — аддала свой голас у падтрымку імпічмэнту Трампа.
Цяпер сытуацыя будзе разьвівацца абсалютна зразумела. На жаль, да 19 чысла ніхто ў сэнаце ня зможа разглядаць гэтае пытаньне, таму што рэспубліканец Макконэл ужо сказаў, што ён ня будзе ставіць гэтае пытаньне на галасаваньне. Відавочна, Рэспубліканская партыя хоча дачакацца моманту, калі прэзыдэнтам стане Байдэн, даць яму магчымасьць зацьвердзіць свой урад, даць яму магчымасьць вельмі хутка вырашыць сытуацыю з ковідам і, відавочна, даць магчымасьць іншым органам, якія займаюцца расьсьледаваньнем гэтага злачынства, сабраць як мага больш інфармацыі, якая пацьвердзіць, што і ў Кангрэсе былі падбухторшчыкі, што ў Кангрэсе былі, магчыма, людзі, якія дапамагалі тым, хто ўварваўся ў Кангрэс, разабрацца на месцы, дзе кабінэты тых кангрэсмэнаў, якія яны шукалі, дзе кабінэт Нэнсі Пэлосі, для таго каб яны маглі рабіць тое, што яны там зрабілі.
І такім чынам, сабраўшы ўсю гэтую інфармацыю, будзе праводзіцца сурʼёзнае судовае расьсьледаваньне ў Сэнаце. Я магу выказаць здагадку, што будуць знойдзеныя гэтыя 17 галасоў, неабходных для таго, каб пацьвердзіць імпічмэнт Трампу і зрабіць яшчэ другое галасаваньне, каб забараніць назаўсёды Трампу займаць якое-небудзь становішча ва ўрадзе і пазбавіць яго, адпаведна, пэнсіі ў 200 тысяч даляраў, якую ён можа атрымліваць як былы прэзыдэнт.
— Вы лічыце, што гэта ўсё адбудзецца ўжо пасьля таго, як Трамп пакіне Белы дом?
— Гэта відавочна, гэта ўжо зразумела з тых выказваньняў, якія былі зробленыя ў Кангрэсе ўчора ўвечары. Да 19 чысла гэтае пытаньне разглядацца больш ня будзе.
— Ці выгадны гэты імпічмэнт для Рэспубліканскай партыі? Або рэспубліканцы не гатовыя адкрыта галасаваць за імпічмэнт Трампу?
— Гаворка не ідзе зараз пра выгаду, гаворка ідзе пра тое, ці гатовыя прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі даказаць яшчэ раз, што яны належаць да вялікай партыі Лінкальна, да вялікай партыі Рэйгана, што яны не абавязаныя асабіста былому прэзыдэнту Трампу, што ўсё ж такі яны гатовыя адстойваць Канстытуцыю Злучаных Штатаў. Калі ўчора праходзілі слуханьні ў Кангрэсе і многія рэспубліканцы выказваліся супраць гэтага галасаваньня — усё ж мы бачым, што пакуль толькі 10 чалавек, гэтыя 10 валянтэраў, падтрымалі гэтае галасаваньне. Гэта вельмі мала для таго, каб у партыі адбыўся рэальны раскол. Такіх галасоў, мне здаецца, павінна было быць як мінімум 50–60 — гэта ўжо была б больш істотная падтрымка.
Але я хацела падкрэсьліць яшчэ раз, што бліжэйшым часам будзе працягвацца расьсьледаваньне галасаваньня. Як вы заўважылі, яно адбылося проста вокамгненна. Нэнсі Пэлосі спатрэбілася некалькі дзён, каб сабраць сілы Кангрэсу і так хутка прагаласаваць за гэтую пастанову.
Таму цяпер, маючы больш часу для расьсьледаваньня — а ФБР вядзе вельмі сурʼёзнае расьсьледаваньне таго, што адбылося: вымаецца ўсё відэа з камэраў назіраньня, якія ёсьць у Кангрэсе, праводзяцца гутаркі, інтэрвію з сотнямі людзей — з памочнікамі кангрэсмэнаў, з самімі кангрэсмэнамі — для таго, каб зразумець, што ж рэальна адбылося ў Вашынгтоне падчас гэтага бунту, — сабраўшы ўсю гэтую інфармацыю, я думаю, ФБР зможа даць пераканаўчыя доказы перад сэнатарамі для таго, каб яны [прынялі] рашэньне на карысьць другога імпічмэнту Трампа.
Пакуль вялося галасаваньне ў ніжняй палаце амэрыканскага Кангрэсу, «Настоящее время» папрасіла спэцыяліста па міжнародных адносінах Міхаіла Траецкага растлумачыць, чым сытуацыя пачатку 2021 году адрозьніваецца ад спробы імпічмэнту Трампа ў 2019-м і што можа заахвоціць рэспубліканцаў у Сэнаце галасаваць за адхіленьне прэзыдэнта, паўнамоцтвы якога мінаюць ужо 20 студзеня.
— Мяркуючы па ўсім, дэмакратам усё-ткі ня хопіць галасоў для таго, каб зацьвердзіць імпічмэнт менавіта ў Сэнаце, не ў Палаце прадстаўнікоў? Ці можа простая большасьць, напрыклад, забараніць Трампу балятавацца ў будучыні, як вам здаецца?
— Я думаю, лёс галасаваньня аб адхіленьні прэзыдэнта Трампа ад пасады ў Сэнаце яшчэ далёка ня вырашаны. Там, па-першае, трэба будзе вызначыць дату пасяджэньня, дыскусіі і галасаваньня. І, як высьвятляецца, найраней гэта можа адбыцца 19 студзеня ў аўторак, а можа і пазьней, ужо пасьля інаўгурацыі новага прэзыдэнта. Я думаю, што яшчэ шмат што залежыць ад падзеяў, якія адбудуцца паміж абвяшчэньнем імпічмэнту Палатай прадстаўнікоў і дыскусіяй у Сэнаце.
Нельга выключаць, што калі Трамп будзе паводзіць сябе неяк вельмі дзіўна і занадта вялікія выдаткі ствараць для рэспубліканцаў, ці яны так вырашаць, цалкам магчыма, што зьявіцца нейкая частка рэспубліканскіх сэнатараў, якія пагодзяцца прагаласаваць за яго імпічмэнт. Напрыклад, каб прыбраць яго з дарогі на наступных выбарах і каб балятавацца самім. Тыя ж сэнатары [Тэд] Круз і [Джош] Холі, якія аспрэчвалі афіцыйныя вынікі выбараў у розных штатах, відавочна гэта рабілі таму, што хочуць балятавацца на наступны тэрмін. Можа, яны вырашаць, што зараз надарылася добрая нагода прыбраць Трампа са сьпісу магчымых кандыдатаў. Так што я думаю, што ў Сэнаце яшчэ нічога не прадвырашана, трэба будзе ўбачыць.
— Калі Сэнат будзе заняты імпічмэнтам, то, атрымліваецца, Байдэн застанецца без ураду? Бо менавіта Сэнат зацьвярджае новых чальцоў кабінэту.
— Байдэн прызначае дзеючых членаў кабінэту. Акрамя таго, па ўсім відаць, Сэнат не захоча зацягваць дыскусію, яна будзе, я думаю, досыць балючай для рэспубліканцаў. Мінулым разам яны на працягу некалькіх гадзін усё абмеркавалі і прагаласавалі — год таму, [калі абмяркоўвалі] першы імпічмэнт Дональда Трампа. Я ня думаю, што гэта неяк моцна ўмяшаецца ў парадак дня зацьвярджэньня міністраў у кабінэце Байдэна.
Але хто ведае? Сытуацыя разьвіваецца імкліва, і невядома, што адбудзецца паміж сёньняшнім днём і галасаваньнем. Відавочна, ёсьць папярэджаньні пра нейкія новыя пляны пратэстуючых ці ўзброеных людзей. Так што, я думаю, пра Сэнат пакуль складана што-небудзь сказаць.
— Экспэрты кажуць, што працэдура імпічмэнту пагаршае раскол у амэрыканскім грамадзтве. Вы як лічыце?
— Безумоўна. І тыя прадстаўнікі рэспубліканцаў, якія цяпер выступаюць у Палаце прадстаўнікоў, вылучаюць зразумелыя свайму электарату аргумэнты, галоўны зь якіх, я думаю, — аргумэнт пра нядаўнія летнія пратэсты, якія былі маштабныя, суправаджаліся разбурэньнямі. Можа, не ахвярамі, але, ва ўсякім разе, прычынялі дыскамфорт. Яны кажуць дэмакратам: вы гэта падтрымлівалі, гэта можна, а абвясьціць аб сваім непрыманьні вынікаў выбараў групе людзей нельга. І, я думаю, гэта дзейнічае на іх электарат. Акрамя таго, прэзыдэнта Трампа адключылі ад сацыяльных мэдыя. І гэта можа падліваць алею ў агонь.
Але, бачыце, дэмакраты вырашылі, што ў цяперашняй сытуацыі важней аднавіць справядлівасьць, пакараць вінаватых у падбухторваньні да паўстаньня, як яны лічаць, нават коштам дадатковага расколу, унясеньня дадатковых супярэчнасьцяў. Яны як бы прэзыдэнту Байдэну пакідаюць на нейкі бліжэйшы час — можа, да тыдня — яго прэзыдэнцтва задачу аднаўляць сытуацыю пасьля расколу, спрабаваць зьнізіць градус напружаньня і неяк паўстаць перад амэрыканскімі выбаршчыкамі ў якасьці палітыка, які прадстаўляе інтарэсы ня толькі дэмакратаў, а наогул усіх.
Я думаю, Байдэн разважае над тым, як яму абʼяднаць нацыю пасьля таго, як ён стане прэзыдэнтам. Але пакуль дэмакраты вырашылі, што, напэўна, можна дазволіць сабе трошкі рыторыкі, якая падзяляе, і гэтыя дзеяньні па абмеркаваньні і, магчыма, абвяшчэньні імпічмэнту. Я думаю, яны робяць стаўку на тое, што ў Сэнаце ўсё будзе ня так проста, як зь першым імпічмэнтам Трампа.
— Вам як здаецца, можа, сапраўды варта было паслухаць рэспубліканцаў і даць Трампу даседзець на пасадзе апошні тыдзень? І, можа, такім чынам неяк нівэляваць увесь гэты канфлікт у грамадзтве?
— У абсяг нарматыўных меркаваньняў мне даволі складана і, можа, нават недарэчна пераходзіць. Я ўсё ж такі не грамадзянін ЗША, у мяне ёсьць свая думка як назіральніка.
— Як экспэрта па міжнародных адносінах.
— Як экспэрта калі б мяне папрасілі раіць, што вельмі малаверагодна, дэмакратычным палітыкам, то ёсьць «за» і «супраць», і Трамп у любым выпадку, хутчэй за ўсё, даседзіць на сваёй пасадзе да 20 студзеня, да інаўгурацыі Джо Байдэна. Рэспубліканцы сапраўды на працягу прэзыдэнцтва Трампа ў Сэнаце фактычна правілі баль, не імкнуліся браць пад увагу думку дэмакратаў, бо мелі большасьць. Але калі сапраўды будуць зноў нейкія праявы, аналягічныя тым, што было 6 студзеня, можа, як папярэджвала ФБР, ужо не ў Вашынгтоне, а ў сталіцах штатаў, напрыклад, у нейкіх вялікіх гарадах — калі гэта адбудзецца, то рэспубліканцам, вядома, будзе значна складаней галасаваць супраць адхіленьня прэзыдэнта ад пасады ў Сэнаце.
Або калі прэзыдэнт Трамп падалье яшчэ алею ў агонь як-небудзь. Тут, я думаю, магчымыя розныя варыянты. Можа, згуляць на абвастрэньне цяпер — гэта нармальна. Але, вядома, далей падтрымліваць падзельнасьць нацыі і кіравацца парадамі тых, хто выклікае асаблівае раздражненьне ў ядзернага электарату Трампа, — гэта ўжо, напэўна, для дэмакратаў было б небясьпечна.