Спажывецкія цэны ў Беларусі ў сьнежні 2020 году ў параўнаньні зь лістападам вырасьлі на 1,2%, а пры параўнаньні з узроўнем сьнежня 2019 году — на 7,4%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт. У лістападзе ў параўнаньні з кастрычнікам цэны павялічыліся на 0,7%.
У сьнежні ў адносінах да лістапада цэны на харчовыя тавары вырасьлі на 1,6% (за год — на 6,2%), на нехарчовыя — на 0,4% (8,1%), на паслугі — на 1,7% (8,4%).
Першапачаткова ўлады плянавалі, што інфляцыя па выніках 2020 году не перавысіць 5%. Згодна з кастрычніцкім аналізам Нацбанку, прырост спажывецкіх цэнаў па выніках году прагназаваўся на ўзроўні каля 6%. Але на пачатку лістапада прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка заявіў, што ў цяперашніх эканамічных умовах нядрэнным вынікам будзе не перавысіць 10%.
Гэта самая вялікая інфляцыя ў Беларусі з 2016 году. У той фінансавы год яна склала 10,6%. Найвялікшая інфляцыя за апошнія 20 гадоў напаткала Беларусь у 2011 годзе — 108,7%.
На 2021 год урад плянуе інфляцыю не вышэй за 5,5%.
Інфляцыя мае месца, калі маса грошай, якія абарачаюцца ў эканоміцы, перавышае фактычны аб’ём рэалізаваных тавараў.