Сваю кніжку мэдык назваў «Кругі і колы». Яна пабачыла сьвет цэнзураванай. Аўтар лічыць, што ягоныя творы цяжка было б перакладаць зь беларускай. У інтэрвію Свабодзе Васіль Аўраменка апавядае пра свае новыя творы ды разважае пра дзьве хваробы: «ковідную» і «палітычную».
Хто такі Васіль Аўраменка
- 62 гады. Лекар-практык. Нэўроляг з 39-гадовым стажам;
- Музыка, публіцыст. Удзельнік праекту Радыё Свабода 2010 году «Барды Свабоды», а таксама іншых свабодаўскіх праектаў;
- Зборнік вершаў «Кругі і колы» — другая ягоная кніга. Першую, «Нябачнае і ява», ён выдаў у 2013-м.
«Каб не захлынуцца ў хаосе ангельска-расейскага патопу...»
Вершы для новай кнігі Васіль Аўраменка пісаў цягам апошніх 5 гадоў. Ён кажа, што ў ёй замала лірыкі, але досыць роздумаў пра нацыянальна-этнічныя стасункі, экалёгію, лёс постындустрыяльнага грамадзтва і «рэпрэсаваны мяккі знак, які ня меў сіл супраціўляцца і яго выразалі». Празь вершаваныя творы мэдык прапануе зазірнуць у гістарычныя глыбіні ды разгледзець беларускую будучыню.
«Чытво прапануецца насельнікам беларускамоўнага архіпэлягу, каб канчаткова не захлынуцца ў інфармацыйным хаосе ангельска-расейскага патопу», — дэкляруе аўтар ва ўводзінах да «Кругоў і колаў».
Аўраменка кажа, што падчас напісаньня вершаў для кнігі ў яго была «звышзадача»: каб іх было «немагчыма перакласьці на іншыя мовы».
«Тэкст меўся быць эксклюзіўны, выключна беларускі», — даводзіць ён. Як прыклад прыводзіць назву.
«Словы, здаецца, падобныя, але сэнс іх розны, — тлумачыць Аўраменка. — У пошуку гэтых сэнсаў закладзеная свая філязофія і загадка....
Ён папярэджвае: паэзія зь ягонай кніжкі вымагае ад чытача падрыхтоўкі, а творы варта чытаць уважліва і нясьпешна.
«Джазавыя вершы» і «саступкі цэнзару»
8 гадоў таму Васіль Аўраменка захапіўся джазам і разгледзеў у ім пэрспэктывы для паэзіі. Ён кажа, што ў сваіх вершах карыстаўся «імправізацыйным джазавым прынцыпам стварэньня твора». Гэта калі на «аснове адной музычнай фразы, ці матыву» нараджаецца джазавая мэлёдыя.
Гэтак сама мэдык пісаў і «джазавыя» вершы для «Кругоў і колаў». Ён кажа, што штуршком да іх стварэньня «станавілася фраза, вобраз, ці слова», якія ўзбуджалі фантазію і затым «абрасталі новымі словамі». Паводле яго, фінал такога вершаваньня непрадказальны, бо найчасьцей выводзіў не туды, куды плянаваў у пачатку.
«Кругі і колы» да чытача «дакаціліся» цэнзураванымі. Паводле Аўраменкі, у выдавецтве ня ўсе вершы ўпадабалі. Адным давялося ахвяраваць цалкам, бо «рэдактару ён здаўся непаліткарэктным». У другім выкрасьліць радок, бо ў ім угледзелі намёк «на вядомага палітыка, які ў вершы падаваўся, як «начальнік чэмпіёнаў і сам галоўны чэмпіён».
«Я быў вымушаны пайсьці на саступкі, — тлумачыць Аўраменка. — Выдаўцы баяліся судовага перасьледу за творы з крамольным зьместам, бо ў нас такі досьвед ёсьць. Цэнзура рэч непрыемная, але ёсьць надзея, што абстаноўка зьменіцца і выйдзе поўны, нецэнзураваны варыянт зборніка».
«Хвалюе лёс беларушчыны і беларускамоўнай культуры ў новай Беларусі»
Палітычны крызіс у краіне мэдык называе хваробаю, якая мае лячыцца, але замест гэтага ігнаравалася «гадамі і дзесяцігодзьдзямі» ды заганялася ўнутр «арганізма» і «зьверху яшчэ лякіравалася». Цяпер немач спрабуюць адолець «нелячэбнымі і неэфэктыўнымі мэтадамі».
Суразмоўца лічыць: доўгі час беларусы адгароджвалі «свой унутраны сьвет, маральныя прынцыпы» ад грамадзкага жыцьця. Ім здавалася, што яны робяць усё слушна, а тое, што «за мурам», іх ня тычыцца. Урэшце зразумелі, што «ўнутранае і вонкавае жыцьцё павінны адпавядаць адно аднаму». На ягоную думку, беларусы сасьпелі да зьменаў і асэнсавалі іхную неабходнасьць. Яны прагнуць «эканамічнай, сацыяльнай і гендэрнай свабоды і адкрытасьці». Такія перамены, аднак, «супярэчаць ідэалёгіі аўтарытарнай дзяржавы», таму вярхоўная ўлада ігнаруе іх.
Аўраменка называе сябе «асьцярожным аптымістам» і лічыць, што «палітычную хваробу сёлета ўдасца вылечыць». Ён чакае зьяўленьня ва ўладзе новых лідэраў, а таксама пачатку трансфармацыі дзяржавы і эканомікі ў бок дэмакратыі і эфэктыўнага выкарыстаньня рэсурсаў. У гэтым будзе ўлічаны досьвед суседняй Польшчы.
«Мяне больш хвалюе лёс беларушчыны і беларускамоўнай культуры ў новай Беларусі, — адзначае ён. — Тут значна больш складаных задач, бар’ераў і няпэўнасьці, якія не ўдалося пераадолець 25 гадоў таму».
«Пандэмія расьцягнецца не на адзін год...»
Васіль Аўраменка перакананы: «палітычная хвароба» вылечыцца раней за інфэкцыйную ковідную, якая «застанецца з намі год, а мо і болей». Сваю кніжку ён выдаў некалькі месяцаў таму, але ня раз адкладаў яе прэзэнтацыю праз эпідэмію каранавірусу. Некаторыя зь вершаў былі напісаныя на пачатку пандэміі, калі ёю яшчэ глябальна не было ахоплена чалавецтва.
Мэдык прызнаецца: на пачатку 2020 году быў «вялікім аптымістам» наконт пашырэньня каранавірусу. Тады думалася, што праблема вырашыцца за два-тры месяцы.
«Рэалістамі мы сталі пазьней: улетку і ўвосень, калі пайшла другая хваля, — адзначае ён. — Тады стала зразумела, што эпідэмія расьцягнецца на месяцы і, магчыма, не на адзін год».
Ягоны пэсымізм абумоўлены «ня толькі мэдычнымі фактарамі (доўгім шляхам да вакцынацыі, зьменлівасьцю самога вірусу), але і эканамічнымі ды сацыяльна-псыхалягічнымі зьменамі, зь якімі сутыкнуцца многія краіны».
Аўраменка лічыць, што ў пастковідны час мэдыцына будзе разьвівацца ў бок вузкай спэцыялізацыі, высокіх тэхналёгіяў і падаражаньня. Вытворчасьць лекаў і мэдпаслуг выйдзе ў лідэры эканамічнага росту, а мэдыцына павысіць свой сацыяльны статус і вагу.
«З эпохай «новых інфэкцыяў», — падсумоўвае мэдык, — маскі стануць сталым элемэнтам гардэробу, а супрацьэпідэмічныя правілы —«добрым тонам у паводзінах культурнага чалавека».