Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Васіль Аўраменка


Магілёў, 20 верасьня 2020 г.
Магілёў, 20 верасьня 2020 г.

Працягваем нашу рубрыку «Цытаты, якія дапамагаюць жыць».

Васіль Аўраменка:

«Любімую не аддаюць.»., — гучыць сёньня ў Беларусі. «…а б’юць, б’юць і б’юць!» — дадаюць да афіцыёзнай лірыкі «жалезныя мужыкі», права якіх «біць» стала тутэйшым законам. І ня дзіва, што не толькі беларускі, але і многія беларусы ня згодныя жыць па такіх патрыярхальных законах. Але ж, сама-сябе-любімая ўлада заве гэтае дзікунства і «сапраўднай дэмакратыяй», і «сацыяльна-гендэрнай справядлівасьцю», і гатовая біць ужо да самага канца. Толькі да чыйго канца?

Разбуры турмы муры…

Гэта іншы песенны лейтматыў сёлетніх беларускіх рэалій, які быў загнаны з пляцаў і двароў у інтэрнэт-«падпольле», але ад гэтага ня робіцца менш актуальным. Апошні раз на маёй памяці муры бурыліся ў пачатку 90-х, але то быў цыкляпічны мур вялізнай імпэрыі, у якой мы былі толькі невялікай часткай і, шчыра кажучы, мала спрыялі таму разбурэньню. І вось, за 26 гадоў вырасьлі новыя, ужо нашыя «родныя», айчынная муры, якія ніхто — ні Масква, ні Варшава, ні Кіеў — нам разбурыць не дапамогуць. Але і жыць зь імі далей ужо немагчыма: сёлета рухнуў той нябачны мур, тая духоўная перагародка, якая захінала наш унутраны сьвет ад вонкавага, сацыяльнага жыцьця, і ўсе раптам пабачылі — у якім скрыўленым, фантастычна фальшывым грамадзтве мы жывем, як сваім маўчаньнем і рахманасьцю ўзьвялі тыя муры і выгадавалі сапраўднага цмока!

Не вер таму, хто шмат гаворыць, а вер таму — каму баліць.

Гэта ўжо ня песьня, а простая жыцьцёвая ісьціна, за якой стаіць боль мільёнаў людзей, а цяпер і наш боль — боль, зь якім нараджаецца нацыя.

Васіль Аўраменка — пісьменьнік і лекар з Магілёву.

Выбар рэдакцыі:

Life never becomes a habit to me. It’s always a marvel.

Жыцьцё ніколі ня робіцца для мяне звычкай. Яно заўсёды — дзіва.

(Кэтрын Мэнсфілд)

Кэтрын Мэнсфілд (Katherine Mansfield, 1888–1923) — новазэляндзкая і ангельская пісьменьніца.

Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG