«У Беларусі можа быць прынятая толькі адна новая Канстытуцыя — народная. Пісаць і абмяркоўваць яе будзе народ. А чалавек, які апусьціўся да тэрору ў дачыненьні да беларусаў, ніякага дачыненьня да галоўнага закону краіны ня мае», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Яна перакананая, што Лукашэнка будзе імкнуцца і далей «прасоўваць свой маніпулятыўны праект, каб чарговы раз падмануць нас і выйграць час для сябе», паспрабуе «прадаць нам стабільнасьць зь пятлёй на шыі», але беларусы больш ня вераць яму.
«У 2020-м мы заявілі, што ня лічым яго прэзыдэнтам. Значыць, мы ня прымем ніякіх яго фэйкаў замест Канстытуцыі, ніякіх тайных сходаў і інсцэніраваных рэфэрэндумаў, і ўжо сапраўды — ніякіх новых законаў, пакуль ён утрымлівае пост з дапамогай зброі», — заявіла Ціханоўская.
Яна падкрэсьліла, што новыя выбары і народны рэфэрэндум па новай Канстытуцыі павінны прайсьці да канца 2021 году і без Лукашэнкі.
Бліжэйшым часам Офіс Сьвятланы Ціханоўскай прадставіць прапановы па праекце Канстытуцыі, якія будуць адкрытыя для абмеркаваньня.