Прэпарат «Каваксін» індыйскай фармацэўтычнай кампаніі Bharat Biotech дзейнічае паводле клясычнай схемы інактіваваных вакцынаў, дастаўляючы ў арганізм фрагмэнты «забітага» каранавірусу, каб выклікаць імунную рэакцыю. Вакцына прайшла дзьве стадыі выпрабаваньняў, напярэдадні вытворца даў справаздачу аб тым, што працягвае набор добраахвотнікаў для трэцяй стадыі.
Прэпарат уводзіцца ў арганізм двойчы. Ці атрымалі добраахвотнікі, якія ўдзельнічаюць у трэцяй стадыі, другую дозу — невядома. Пра яго эфэктыўнасьць не паведамлялася. Аб’яднаньне індыйскіх некамэрцыйных арганізацыяў у галіне аховы здароўя AIDAN заклікала рэгулятара адклікаць дазвол на выкарыстаньне «Каваксіна».
Другая вакцына, ухваленая для індыйскага рынку — прэпарат, распрацаваны ўнівэрсытэтам Оксфарду сумесна з фармацэўтычным гігантам Astrazeneca. Індыя стала другой краінай у сьвеце пасьля Вялікай Брытаніі, якая ўхваліла гэтую вакцыну. Падчас клінічных выпрабаваньняў вакцына паказала эфэктыўнасьць у 70%, пазьней у кампаніі заявілі, што палепшылі гэты паказчык.
Індыя — патэнцыйна адзін з найбуйнейшых сусьветных рынкаў для вакцыны ад COVID-19. Насельніцтва краіны — 1 мільярд 380 мільёнаў чалавек. Яна займае другое месца ў сьвеце па колькасьці выяўленых выпадкаў захворваньня, вядома пра 10 мільёнаў 300 тысячаў інфікаваных.
Да лютага мясцовы вытворца брытанскай вакцыны мае намер выпускаць 100 мільёнаў дозаў прэпарату ў месяц. Пры гэтым пакуль незразумела, колькі зь іх і да якога тэрміну плянуе атрымаць індыйскі ўрад, адзначае The New York Times.
Па стане на раніцу 3 студзеня каранавірусам у сьвеце захварэлі з пачатку пандэміі 84,6 мільёны чалавек, сьведчаць дадзеныя Ўнівэрсытэту Джонса Гопкінса. Як мінімум 1 мільён 800 тысяч памерлі. Гэтыя дадзеныя абапіраюцца на афіцыйныя зьвесткі нацыянальных урадаў, якія часта хаваюць або скажаюць статыстыку па захворваньні.