Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён хаатычна шукае формулу». Як Лукашэнка намагаецца застацца ва ўладзе праз рэформы


Аляксандар Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе ў 2010 годзе
Аляксандар Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе ў 2010 годзе

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Ўсебеларускі народны сход трэба зрабіць канстытуцыйным органам. І перадаць менавіта гэтаму органу тыя паўнамоцтвы, якіх пазбавіцца прэзыдэнт.

Ён таксама сказаў, што сябры гэтага сходу будуць працаваць па пяць гадоў, без заробкаў, на грамадзкіх пачатках. І тут важна разумець, якія паўнамоцтвы перададуць гэтаму органу і ягонаму кіраўніку. І хто будзе тым самым кіраўніком, з новымі паўнамоцтвамі, адабранымі ў прэзыдэнта. Паводле Лукашэнкі, ён мае намер склікаць найбліжэйшае пасяджэньне Ўсебеларускага народнага сходу ў студзені ці лютым 2021 году.

Палітоляг Павал Усаў расказаў «Настоящему времени», чаму Лукашэнка прапануе гэткія рэформы і ці дапамогуць яны яму застацца ва ўладзе.

— На вашую думку, якую канструкцыю можа выбудаваць Аляксандар Лукашэнка?

— Для яго асноўная задача — гэта так памяняць Канстытуцыю і стварыць такія органы, у якіх нічога не памяняецца, то бок улада ягоная ніякім чынам ня будзе абмежаваная. І мы бачым, што апошнім часам ён хаатычна шукае формулу, пры якой можна будзе зманіпуляваць Канстытуцыяй такім чынам, што фактычна ён застаецца ва ўладзе і ў краіне нічога не мяняецца, але разам з тым ствараецца ілюзія якойсьці рэформы, перадачы якіхсьці паўнамоцтваў нейкаму органу.

Бо Ўсебеларускі народны сход быў кансультацыйным дарадчым целам, нават не прапісаным у Канстытуцыі, выкарыстоўвалася выключна для прапагандысцкіх мэтаў. У 1995–1996 годзе гэта быў мэханізм для зьмены Канстытуцыі і антыканстытуцыйнага захопу ўлады Лукашэнкам. Вось ён хоча паўтарыць гэты сцэнар, разумеючы, што палітычны крызіс настолькі глыбокі, што бязь нейкіх сыстэмных зьменаў яго пераадолець нельга.

Таму ён выбірае абсалютна неадэкватную формулу, якая будзе нагадваць у нейкай ступені позьні Савецкі Саюз, калі Ўсебеларускі народны сход будзе прымаць рашэньне, прычым гэты сход будзе цалкам прызначацца зь нізоў, і будзе прымаць рашэньні, рэзалюцыі, якія будуць спушчаны зьверху. А кіраваць працэсамі застанецца Лукашэнка. Магчыма, у гэтай сыстэме Лукашэнка можа быць выбраны гэтым зьездам як сакратар Усебеларускага народнага сходу, будзе створаны якісьці прэзыдыюм ці палітбюро.

— Значыць, ён бачыць сябе на чале?

— Ён можа выконваць адначасова гэтыя функцыі — як функцыю прэзыдэнта, так і функцыю старшыні сходу. То бок у нейкай ступені гэта можа паўтарыць сцэнар Паўночнай Карэі. Апроч таго, што гэта павінна ўмацаваць і стабілізаваць ягоную асабістую ўладу, гэта яшчэ можа быць транзытам для перадачы ўлады камусьці зь ягонага найбліжэйшага атачэньня, а па факце камусьці зь сям’і.

— Расея гаворыць пра неабходнасьць канстытуцыйнай рэформы. Напрыклад, міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў заяўляў, што Масква падтрымлівае зьмяненьне беларускай Канстытуцыі. Такія зьмены Расея падтрымае?

— Мы ня ведаем, што было прапісана ці што было агучана на сустрэчы ў Сочы. Магчыма, нейкія фармальныя пытаньні тычыліся зьмены Канстытуцыі, мы ня ведаем, наколькі Расея глыбока патрабавала гэтых зьменаў. Магчыма, адной з умоваў была канстытуцыйная рэформа і сыход Лукашэнкі ў адстаўку. Але пры якіх умовах, мы таксама ня ведаем.

Магчыма, такая маніпуляцыя з Канстытуцыяй, увядзеньне Ўсебеларускага народнага сходу ў гульню можа быць фармальнай адстаўкай. Калі Лукашэнка ўзначаліць, скажам так, прэзыдыюм Усебеларускага народнага сходу, для гэтага трэба зьмяніць увогуле цалкам канстытуцыйную сыстэму ў Беларусі, ператрансфармаваць і функцыі ўраду, функцыі парлямэнту, функцыі Ўсебеларускага народнага сходу. Бо ў гэтых умовах у прынцыпе і парлямэнт не патрэбны. Бо калі гэта паўтарае тыя ж схемы, якія існавалі ў Савецкім Саюзе, то мы памятаем, што там ніякага парлямэнту як такога не было.

Таму тут цяжка агучыць ці зрабіць здагадку, якая будзе рэакцыя Масквы. Для іх, я так думаю, для Крамля важна, каб Лукашэнка як мага хутчэй стабілізаваў сытуацыю, няважна, якім чынам ён гэта зробіць — праз тэрор, рэпрэсіі (па сутнасьці, Расея не асуджае гэтых рэпрэсій і тэрору) ці праз нейкія фармальныя маніпуляцыі Канстытуцыяй і ўвядзеньне Ўсебеларускага народнага сходу як аднаго з канстытуцыйных інстытутаў. Я думаю, для Расеі ня будзе мець значэньня.

Важна для іх, каб ва ўмовах гэтага працэсу стабілізацыі або рэформаў былі падпісаныя важныя пагадненьні для інтэграцыі. Я думаю, што для Крамля гэта праграма, стратэгія максымум — каб цягам найбліжэйшага часу Беларусь падпісала ўсе пагадненьні па праграме паглыбленай інтэграцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG