У распараджэньні парталу Tut.by апынуўся аўдыёзапіс размовы трэцяга прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсьяна і Аляксандра Лукашэнкі аб Нагорным Карабаху.
Лукашэнка ў размове сьцьвярджае, што прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў прапаноўваў Саргсьяну 5 млрд даляраў за сем раёнаў Нагорнага Карабаху. Размова адбылася ў кастрычніку 2016 году на саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
Мяркуючы з пачатку размовы, піша Tut.by, Аляксандfр Лукашэнка ня згодны са сьцьвярджэньнем Сэржа Саргсьяна пра тое, што сем раёнаў «аголяць» межы Нагорнага Карабаху і пакінуць яго 150-тысячнае насельніцтва сам-насам з Азэрбайджанам. Таму патрэбны рэальныя мэханізмы бясьпекі. Лукашэнка прапаноўвае АДКБ як арганізацыі ўзяць на сябе адказнасьць, накіраваўшы туды міратворчыя сілы. Акрамя таго, Лукашэнка ў гутарцы з Саргсьянам сумняваецца ў тым, што, атрымаўшы раёны, прэзыдэнт Азэрбайджану пачне вайну.
Лукашэнка: Твая пазыцыя слабаватая: я не аддам сем раёнаў, таму што ты потым адразу пачнеш супраць мяне ваяваць. А калі не пачне?
Саргсьян: Вядома, а што значыць, калі не пачне? А калі пачне? Аляксандар Рыгоравіч, а чаму проста так аддаваць, я не разумею.
Лукашэнка: Ён (Аліеў) заплаціць. Ён табе прапаноўваў 5 мільярдаў на першым этапе.
Саргсьян: Я яму даю 6 мільярдаў. Хай ён адмовіцца ад сямі раёнаў.
Лукашэнка: Ды ты што! Калі б ты сказаў, вось аддаю сем раёнаў, ня хочаш прызнаваць... Вось вы з расейцамі такія разумныя, давайце 20 тысяч [міратворцаў АДКБ] туды [накіруем], каб стабілізавалася становішча. І мы б нікуды ня дзеліся, вырашалі б гэтую праблему. Але ты ня хочаш яе вырашаць. Гэта мая думка, кажу табе як сябру.
Саргсьян: Я не магу гэтага рабіць. Чаму? Таму што гэтыя сем раёнаў былі заваяваныя 5 тысячамі хлопцаў, якія там загінулі. Пяць тысяч чалавек там загінулі.
Лукашэнка: Ну і што?
Саргсьян: Калі для цябе «ну і што», то для мяне...
Лукашэнка: У нас зь ім загінулі 30 мільёнаў. Ну і што, мы што, сёньня зь немцамі ваюем?
Саргсьян: У нас ня менш загінула. Толькі 30 тысяч загінула ў гэтай вайне за Беларусь.
Лукашэнка: Тым больш.
Офіс трэцяга прэзыдэнта Армэніі пацьвердзіў сапраўднасьць размовы, якая мела месца на саміце АДКБ у кастрычніку 2016 году:
«Офіс трэцяга прэзыдэнта публікацыю аўдыёзапісу прымае як факт і ўстрымліваецца ад камэнтароў, улічваючы тую акалічнасьць, што праведзеныя ў закрытым фармаце паседжаньні не падлягаюць камэнтаваньню, як ня падлягалі да гэтага часу», — гаворыцца ў камэнтары.
Адміністрацыя Лукашэнкі пакуль на запыт Tut.by не адказала.