Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэдакцыі недзяржаўнай «Газеты Слонімскай» правялі ператрус, забралі кампутары, паралізавалі працу


«Газета Слонімская».
«Газета Слонімская».

Шукаюць вінаватых у абразах у тэлеграм-каналах.

Як паведамляе «Беларуская асацыяцыя журналістаў», раніцай сьледчыя ў Слоніме прыйшлі зь ператрусам да галоўнай рэдактаркі недзяржаўнага выданьня «Газета Слонімская» Ганны Валадашчук. Пасьля абеду прыйшлі зь ператрусам і ў рэдакцыю.

Ператрус праводзілі з санкцыі пракурора ў сувязі з тым, што ў мясцовых тэлеграм-каналах выявілі паведамленьні з абразамі.

Ганна Валадашчук у размове з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў заявіла, што ня мае дачыненьня ні да якіх тэлеграм-каналаў і паклёпніцкіх паведамленьняў.

У спадарыні Ганны пыталіся пра тэлеграм-канал «Слоним для жизни»: хто яго мадэруе, хто фінансуе.

Міліцыянты забралі з дому два кампутары, sim-карты, флэш-накапляльнікі.

Пасьля ператрусу дома работнікі міліцыі без папярэджаньня прыехалі ў рэдакцыю «Газеты Слонімскай». У рэдакцыі таксама забралі кампутары ў журналістаў, бухгальтэрыі, у рэклямным аддзеле.

Ганна Валадашчук расказала, што ў рэдакцыі цяжкае фінансавае становішча, ёсьць крэдыт на гаспадарчую дзейнасьць, на выплату заробкаў. Цяпер рэдакцыя ня зможа выпускаць газэту — адпаведна, ня зможа і выплаціць заробкі супрацоўнікам.

Паводле слоў рэдактаркі, сёньня ператрусы адбыліся і ў некаторых слонімскіх актывістаў. Пра гэта яна даведалася ў аддзяленьні міліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG