Дзейны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і яго супернік-дэмакрат, былы віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн, актыўна наведваюць так званыя «хісткія штаты», ад галасаваньня ў якіх — паводле апытаньняў і на думку экспэртаў — будзе залежаць вынік выбараў.
Сёлета да такіх штатаў адносяцца Флорыда, Паўночная Караліна, Арызона, Пэнсыльванія, Мічыган і Вісконсін, а таксама, паводле некаторых апытаньняў, Джорджыя, Аёва і Мінэсота.
Ва ўсіх гэтых штатах, акрамя Мінэсоты, 4 гады таму выйграў Трамп, аднак цяпер у іх — паводле большасьці апытаньняў — лідэрам зьяўляецца Байдэн. Яго адрыў, аднак, не такі, каб можна было гаварыць аб гарантаваным посьпеху. Некаторыя апытаньні аддаюць перавагу Трампу; акрамя таго, 4 гады таму ў апытаньнях цяперашні прэзыдэнт таксама адставаў ад сваёй суперніцы Гілары Клінтан. Усё гэта робіць зыход барацьбы непрадказальным.
Трамп 1 лістапада правёў мітынгі ў Мічыгане, Аёве, Паўночнай Караліне, Джорджыі і Флорыдзе. Байдэн наведаў Пэнсыльванію.
Большасьць агульнанацыянальных апытаньняў паказвае, што Байдэн апярэджвае Трампа ў сярэднім на 7 адсоткаў. Аднак большасьць галасоў у агульнанацыянальным маштабе не прымаецца пры вызначэньні пераможцы выбараў пад увагу, бо прэзыдэнтам становіцца пераможца галасаваньня калегіі электараў, а яна фармуецца ў адпаведнасьці з вынікамі галасаваньня ў канкрэтных штатах.
Паводле стану на суботу, 31 кастрычніка, больш за 92 мільёны грамадзян ЗША ўжо прагаласавалі — праз пошту ці датэрмінова на ўчастках. Гэта значна больш за палову агульнай колькасьці выбарнікаў, якія прагаласавалі ў 2016 годзе (138,8 мільёна). Датэрмінова прагаласавалі і абодва галоўныя кандыдаты — Трамп і Байдэн.