Афіцыйны дзень галасаваньня за прэзыдэнта ЗША – 3 лістапада. Якія настроі ў амэрыканцаў за лічаныя дні да прэзыдэнцкіх выбараў? Сваімі думкамі напярэдадні выбараў падзяліўся з расейскай рэдакцыяй Радыё Свабода журналіст, былы віцэ-прэзыдэнт амэрыканскай праваабарончай арганізацыі Freedom House Арч Падынгтан.
За тры дні да прэзыдэнцкіх выбараў вынікі апытаньняў паказваюць на адчувальную перавагу кандыдата ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэна. Ён у сярэднім апярэджвае свайго суперніка рэспубліканца Дональда Трампа амаль на 8% і крыху больш як на 3% у некалькіх штатах, якія вагаюцца і галасаваньне ў якіх вызначыць зыход выбараў.
Камэнтатары з абодвух лягераў прапануюць процілеглую трактоўку адных і тых жа лічбаў. Напрыклад, часопіс Atlantic заклікае дэмакратаў адкінуць трывогу, бо гэтым разам, паводле часопіса, дадзеныя апытаньняў значна надзейнейшыя за тыя, што чатыры гады таму цьвёрда і памылкова паказвалі на перамогу Гілары Клінтан над Дональдам Трампам. Гэтым разам сацыёлягі нібыта ўлічылі памылкі і скрупулёзна ўлічваюць галасы ўсіх груп выбарнікаў, якія могуць аказаць уплыў на зыход галасаваньня. Плюс да гэтага можна дадаць і іншыя фактары, якія працуюць на карысьць Байдэна, напрыклад, значна меншую, чым чатыры гады таму, колькасьць тых, хто ня вызначыўся са сваім кандыдатам выбарнікаў. Тады тыя, хто ня вызначыліся, аддалі перавагу Дональду Трампу.
З другога боку, кансэрватыўнае выданьне American Greatness пераконвае сваіх чытачоў, што Джо Байдэн «патанае». Яно прыводзіць дадзеныя аб тым, што падтрымка Дональда Трампа сярод людзей старэйшага пакаленьня рэзка ўзрасла ў апошнія тыдні, пры гэтым папулярнасьць Байдэна сярод афраамэрыканцаў, найважнейшай для кандыдата дэмакратаў часткі электарату, зьнізілася. Мала таго, штодзённыя апытаньні сацыялягічнай службы Rasmussen паказваюць на практычна роўныя шанцы абодвух кандыдатаў на перамогу на выбарах. Чатыры гады таму Трамп за тры дні да выбараў апярэджваў Гілары Клінтан на тры адсоткі, паводле адзнак Rasmussen. American Greatness мяркуе, што на настроі выбарцаў магла паўплываць інфармацыя аб тым, што Джо Байдэн ведаў пра спробы свайго сына і брата заключыць буйную ўгоду з кітайскай кампаніяй, выкарыстоўваючы яго імя.
Гэтыя дадзеныя, хутчэй за ўсё, абяцаюць напружаны падлік галасоў і чаканьне вынікаў, якія могуць і не зьявіцца ў першую ноч, калі першапачатковыя падлікі не пакажуць значнага адрыву аднаго з кандыдатаў і давядзецца чакаць падліку бюлетэняў, адпраўленых па пошце.
Былы віцэ-прэзыдэнт амэрыканскай праваабарончай арганізацыі Freedom House Арч Падынгтан выказвае засьцярогі наконт бясьпекі выбарчага працэсу:
— На працягу апошніх гадоў прэзыдэнт Трамп пастаянна, я б сказаў, разьдзімаў засьцярогі адносна таго, што вынікі выбараў будуць сфальшаваныя. Справа дайшла да таго, што 30% амэрыканскіх выбарцаў лічаць, што пройгрыш Трампа магчымы толькі ў выпадку маніпуляцый з падлікам галасоў. Гэта зусім новы небясьпечны фэномэн для Злучаных Штатаў. Мы заўсёды з даверам ставіліся да вынікаў галасаваньня. Палітыкі маглі аспрэчваць нейкія інцыдэнты ў судах, але ніхто не адмаўляўся прызнаць вынікі, спасылаючыся на слабасьць выбарчага працэсу. У 2000 годзе зыход прэзыдэнцкіх выбараў быў вызначаны Вярхоўным судом і, нягледзячы на тое, што пераможца Джордж Буш—малодшы атрымаў агулам меншасьць галасоў, ягоны супернік Альберт Гор прызнаў паразу. Зараз, за лічаныя дні да выбараў, зусім незразумела, ці прымуць людзі вынікі галасаваньня псыхалягічна і практычна. Адзін з галоўных абавязкаў прэзыдэнта — забясьпечыць нармальнае правядзеньне выбараў, стварыць умовы для рэальнага ўсеагульнага галасаваньня, прадухіліць вонкавае ўмяшаньне ў перадвыбарную кампанію. Гэтага не адбылося.