Раніцай 13 кастрычніка разам з жонкай затрымалі аднаго з уласьнікаў менскай крамы «Первый цветной» Максіма Харошына. Мужчыну брутальна пабілі пры затрыманьні і пасьля ў РУУС, так што адразу зь міліцыі адправілі ў шпіталь. Пра гэта піша Tut.by са спасылкай на яго жонку Кацярыну. У МУС сытуацыю не камэнтуюць.
Кацярына расказала, што мужа затрымалі каля 8:30 раніцы, калі яны разам выйшлі з дому і сядалі ў машыну. Да іх падбеглі 4 невядомыя ў цывільным зь пісталетамі, якія назваліся міліцыянтамі. Пры гэтым яны не паказалі пасьведчаньняў, не прадставіліся. Побач стаялі дзьве машыны з нумарамі Магілёўскай вобласьці. Невядомыя заламалі рукі Кацярыне і Максіму, мужчыну паклалі на зямлю. Кацярыну з рукамі за сьпінай пасадзілі ў іншае сямейнае аўта, загадалі апусьціць галаву. Каля 15 хвілін невядомыя абшуквалі машыну сужэнцаў, забралі пашпарт і ўсе рэчы Максіма.
Кацярыну завезьлі за кут і высадзілі без ключоў ад машыны і тэлефона, таксама паведамілі, што аўта з Максімам павезьлі ў Першамайскае РУУС. Там жанчыне сказалі, што мужа затрымалі ў адміністрацыйнай справе аб удзеле ў несанкцыянаванай акцыі.
Абноўлена: Максім сказаў, што мае чэрапна-мазгавую траўму, пералом носа, пашкоджаньне пляча і і мяккіх тканін.
«Выкінулі з машыны, зьбілі, спачатку каля машыны, пасьля ў РАУС. Проста ўламіліся ў машыну, выцягнулі на зямлю, зьбілі пакуль сядзеў за стырном. Я проста не зразумеў, хто гэта ўвогуле», — распавёў пра сваё затрыманьне Максім.
Маці Максіма сказала, што даведалася пра затрыманьне і зьбіцьцё ад свайго сярэдняга сына, які жыве ў Санкт-Пецярбургу.
«Заўтра дзень маці, заўтра Пакроў. І вось такі падарунак зрабілі мне, маці. У мяне тры сыны», — сказала жанчына.
Яна дадала, што будзе дабівацца справядлівасьці.
«Зараз яго маглі абвінаваціць нават у падпале райхстагу, гэта ня дзіва. Зараз усё можна павесіць на яго», — пракамэнтавала маці Максіма абвінавачваньні яго ў падпале лецішча кіраўніка менскага АМАП.
Максім Харошын суўласьнік крамы «Первый цветной». Кацярына расказала, што яе муж удзельнічаў у мірных маршах і дарыў кветкі жанчынам падчас акцыяў пратэсту.
Ня мог хадзіць пасьля зьбіцьця
Пасьля прыезду Кацярыны ў РУУС Максіма адправілі ў шпіталь з прычыны «сурʼёзных траўмаў».
«Максіма мы ўбачылі ў РУУС у жудасным стане, цалкам пабітым, ён быў увесь у крыві, ледзь ішоў — яго пад рукі вялі два мэдыкі. Ён нават слова ня мог вымавіць», — сказала Кацярына.
Брат Кацярыны Глеб, сказаў, што, хутчэй за ўсё, на месцы захопу мужчыну разьбілі нос — на месцы была лужына крыві, мэдыкі зафіксавалі ў Максіма пералом носа. Сваякі мяркуюць, што ў затрыманага ёсьць і іншыя траўмы, а таксама што яго білі «па дарозе ў РУУС ці непасрэдна там».
Адвакатка Харошына Юлія Леванчук кажа, што ёй адмовіліся паведаміць месца знаходжаньня кліента па прыезьдзе ў РУУС з усімі неабходнымі дакумэнтамі. Паводле Леванчук, у Максіма зафіксавалі ацёк унутраных органаў, ацёк машонкі, падазрэньне на пералом галёнкі, шматлікія сінякі. Адвакатка адзначыла, што ў мужчыны «цалкам адбіты ўвесь левы бок». Зь яе словаў, Максім сказаў, што яго білі дубінкамі і нагамі пры затрыманьні, але там разьбілі толькі нос, у асноўным яго білі менавіта ў РУУС.
Крычалі, што спаліў лецішча Балабы
Максім перадаў праз адвакатку, што яму крычалі, што ён нібыта разабраў вадамёт і падпаліў лецішча кіраўніка менскага АМАП Дзьмітрыя Балабы. Пры гэтым Максім не лічыўся афіцыйна затрыманым у ніводным афіцыйным дакумэнце ў Першамайскім РУУС. Адвакатка мяркуе, што дакумэнты могуць зьявіцца пазьней.