Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Ціханоўскай: У ініцыятыву «Сумленныя людзі» увайшлі больш за 300 тысячаў чалавек


У грамадзянскую ініцыятыву «Сумленныя людзі» увайшлі больш за 300 тысячаў чалавек і больш за сотню прадпрыемстваў, паведамілі прадстаўнікі штабу кандыдата ў прэзыдэнта Святланы Ціханоўскай на мітынгу ў Жлобіне (Гомельская вобласьць) 26 ліпеня.

Удзел у мітынгу, які трансьляваўся на YouTube, узялі, згодна са зьвесткамі арганізатараў, сотні людзей. Яны разгарнулі шматлікія плякаты ў падтрымку Ціханоўскай, а таксама Веранікі Цапкалы і Марыі Калесьнікавай — прадстаўніц штабоў незарэгістраваных кандыдатаў Валера Цапкалы і Віктара Бабарыкі. На мітынгу былі таксама разгорнутыя бел-чырвона-белыя сьцягі, людзі скандавалі «Перамен!».

Ціханоўская падзякавала мясцовым жыхарам за «цёплы прыём». «Я звычайная жанчына — маці і жонка. Мне не патрэбная ўлада, я не палітык, я ў палітыцы бяз году тыдзень», — падкрэсьліла яна. Як заявіла кандыдат, першым крокам, які яна зробіць на пасадзе прэзыдэнта, будзе вызваленьне з турмаў палітычных і эканамічных зьняволеных і прызначэньне новых — сумленных і свабодных — выбараў, падчас якіх кожны голас будзе ўлічаны. Паводле яе слоў, усе кандыдаты, якія будуць на волі і палічаць неабходным балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі, прэзэнтуюць свае праграмы. «Вы іх пачытаеце і зможаце прагаласаваць за годнага», — заявіла Ціханоўская.

Як адзначыў падчас мітынгу прадстаўнік аб’яднанага штаба Ціханоўскай, у ініцыятыву «Сумленныя людзі» увайшлі ў тым ліку супрацоўнікі «пасьпяховых кампаній у сфэры высокіх тэхналёгій», якія распрацавалі «галоўныя праекты, што дапамогуць зрабіць гэтыя выбары па-сапраўднаму сумленнымі і справядлівымі, каб кожны голас быў улічаны».

Паводле яго слоў, для гэтага неабходна праз сайт belarus2020.org спампаваць праграму онлайн-плятформы «Голас».

«Усе сэрвэры знаходзяцца па-за межамі Беларусі, — паведаміў прадстаўнік штаба. — Нашыя айцішнікі зрабілі так, што ні адзін голас немагчыма падрабіць і зьмяніць. Кожны выбарчы ўчастак улічаны».

Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі абʼяднанага штабу заклікалі галасаваць выключна ў дзень выбараў — 9 жніўня. «Ні ў якім разе нельга галасаваць датэрмінова, а толькі 9 жніўня, пажадана бліжэй да вечара, каб пераканацца, што замест вашага ўжо не стаіць нейкі подпіс», — заявіла Ціханоўская. Прадстаўнікі штабу таксама заклікалі адпраўляць на плятформу «Голас» фатаграфіі запоўненага бюлетэня і інфармаваць ініцыятыву «Сумленныя людзі» пра факты прымусу галасаваць датэрмінова. «Сёлета можа зьмяніцца ўсё! — заявіла Ціханоўская ў фінале мітынгу. — Толькі разам мы здолеем пабудаваць краіну для жыцьця».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG