18–19 ліпеня беларускія айцішнікі з розных краін правялі онлайн-хакатон Social Technology Hackathon 2020. Яны распрацоўвалі тэхнічныя рашэньні для альтэрнатыўнага падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня.
Паводле арганізатараў, хакатон прайшоў вельмі эфэктыўна. Зарэгістравалася на ўдзел каля 500 чалавек, больш за 200 зь іх былі вельмі актыўныя. Мэнтары былі даволі высокага іўзроўню, кандыдаты навук, эканамісты з салідным стажам, людзі, якія стваралі свае праекты і пасьпяхова сканчалі іх. Было шмат цікавых прапаноў, якія адразу ж прапрацоўваліся.
Арганізатары хакатону абяцаюць распавесьці пра падрабязнасьці крыху пазьней.
19 ліпеня на першым мітынгу аб’яднанага штабу Віктара Бабарыкі, Сьвятланы Ціханоўскай і Валера Цапкалы Вераніка Цапкала сказала, што ў хакатоне ўдзельнічаюць больш за 200 ІТ-супрацоўнікаў, неабыякавых грамадзян, якія жывуць у Беларусі, Украіне, Нямеччыне, Расеі, іншых краінах, і аб’яднаныя яны адной задачай — дамагчыся пераменаў у Беларусі.
«Таму мэта хакатону — распрацоўка новых ІТ-інструмэнтаў, якія ўскладняюць фальсыфікацыі на выбарах. Дзякуй, айцішнікі, вы робіце вялікую справу для сваёй краіны», — заявіла Вераніка Цапкала.
Цяпер арганізатары хакатону занятыя сыстэматызацыяй праектаў і ідэй. Найбольш карысныя і цікавыя неабходна ўвасобіць у некалькі супольных рашэньняў, каб яны працавалі на агульную мэту: сумленныя выбары.
Ужо створана плятформа для назіральнікаў і выбарцаў для кантролю за хадой выбарчага працэсу — zubr.in. Гэта адзіная сыстэма онлайн-маніторынгу, дзе можна даведацца пра кожнага з кандыдатаў і пра іх кампаніі, пра любую арганізацыю, якая задзейнічана ў выбарах, пра сяброў выбарчых камісій на любым участку для галасаваньня.
Мэта праекту zubr.in — фіксаваць, апрацоўваць і адлюстроўваць усе зьвесткі аб працэсе выбараў у Беларусі ў рэжыме рэальнага часу.
Было шмат ідэй, як ажыцьцяўляць незалежны падлік і як праводзіць агітацыю.
На пытаньне Свабоды, наколькі рэальна ўвасобіць гэтыя праекты ў краіне, дзе ў любы момант могуць «вырубіць» інтэрнэт, ці ўлічваліся іншыя асаблівасьці і неспадзяванкі, арганізатары адказалі, што ідэі рэалізоўваюцца, не зважаючы на палітычныя рэаліі. Бюлетэні будуць апрацоўвацца з дапамогай штучнага інтэлекту. Тут нічога складанага для выбарніка — павінны быць Telegram, Viber і камэра на тэлефоне. Астатняе ўсё робіцца не ў Беларусі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.