Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Свабоды Антона Трафімовіча зноў забралі ў міліцыю, склалі пратакол за непадпарадкаваньне


Антон Трафімовіч пасьля брутальнага затрыманьня 15 ліпеня
Антон Трафімовіч пасьля брутальнага затрыманьня 15 ліпеня

Журналіста Радыё Свабода сёньня зноў даставілі ў РУУС Заводзкага раёну ў Менску. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

15 ліпеня Антона Трафімовіча брутальна затрымалі ў цэнтры Менску пасьля заканчэньня стрыму ад Цэнтравыбаркаму, дзе сабраліся прыхільнікі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Невядомыя людзі ў цывільным зламалі яму нос пры затрыманьні.

На наступны дзень міліцыя патлумачыла, што журналіст аказваў супраціўленьне, а таму супраць яго прымянілі фізычную сілу.

Трафімовіч лічыць, што справа супраць яго цалкам выдуманая. Міліцыя такім чынам спрабуе апраўдаць свой гвалт.

Сёньня раніцай журналіст ехаў здымаць пабоі ў судмэдэкспэртызу. На вуліцы Кіжаватава да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і зьвезьлі, забраўшы тэлефон, у РУУС Заводзкага раёну.

«Мяне там яўна чакалі», — сказаў журналіст.

Ён патлумачыў, што раніцай яму званілі з Заводзкага РУУС, прасілі, каб прыехаў на 10 хвілін. Але пра адміністрацыйны працэс інспэктар ня згадваў.

«Лічу, што мяне хацелі завабіць туды падманам», — сказаў Трафімовіч.

Журналіст Свабоды правёў у міліцыі каля дзьвюх гадзін. Ён адмовіўся даваць паказаньні і не падпісаў пратаколы.

«Сказалі, што павязуць у суд, але адпусьцілі без тлумачэньняў, — сказаў ён. — Я ўпэўнены, гэта проста яшчэ адна спроба застрашыць мяне і іншых журналістаў».

Антон Трафімовіч падаў заяву ў Сьледчы камітэт, просіць распачаць крымінальную справу па артыкуле 198 Крымінальнага кодэксу — перашкода прафэсійнай дзейнасьці журналіста.

«Беларускія ўлады перад выбарамі 9 жніўня спрабуюць спыніць нашу журналісцкую працу і перашкодзіць аўдыторыі атрымліваць доступ да надзейных навінаў», — заявіла выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар пасьля шэрагу затрыманьняў журналістаў Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG