Расейскія нафтавыя кампаніі за 6 месяцаў 2020 году паставілі ў Беларусь 4,65 млн тонаў нафты, піша «Інтэрфакс» са спасылкай на зьвесткі расейскага паліўна-энэргетычнага комплексу. Гэта на 44,3% менш, чым было ў першую палову мінулага году.
У першым квартале паставілі толькі 1,04 млн тонаў — на 77% менш, чым летась. У другім квартале імпарт вырас да 3,7 млн тонаў пасьля дамоваў аб разьліках за нафту.
Для Расеі Беларусь застаецца адзінай краінай блізкага замежжа, якая імпартуе яе нафту. У І квартале 2020 году беларускі бок купляў нафту ў прыватных кампаніях бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева — ранейшая схема паставак ад іншых расейскіх кампаніяў была скасаваная ў першым квартале праз спрэчкі вакол расейскага падатковага манэўру.
На ІІІ квартал «Белнафтахім» узгадніў зь Міністэрствам энэргетыкі Расеі пастаўкі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы 5,75 млн тонаў нафты.