Актывісты, якія адбылі адміністрацыйныя арышты ў менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, зьбіраюцца скардзіцца на парушэньні сваіх правоў падчас адбыцьця пакараньня, у тым ліку на катаваньні і зьнявагі, якія яны зазналі на Акрэсьціна.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» раіць накіроўваць такія скаргі на адрас Менскай пракуратуры як органа нагляду за законнасьцю, а таксама ў Менгарвыканкам, дзе мусяць кантраляваць дзеяньні гарадзкой міліцыі.
«Як выйдзеце на волю, скардзіцеся колькі хочаце, але ня тут»
«Забіраюць паперы і пісьмовыя прылады, менавіта каб людзі не пісалі скаргаў», — мяркуе маладафронтавец Дзяніс Урбановіч.
Нядаўна ён выйшаў зь ЦІП на Акрэсьціна пасьля адбыцьця арышту і згадвае, што там у яго адабралі ўсе асабістыя рэчы, у тым ліку дазволеныя. Паводле Дзяніса Ўрбановіча, гэтак жа абыходзяцца цяпер у ізалятары з палітычнымі арыштантамі: Паўлам Севярынцам, Мікалаем Статкевічам, Максімам Вінярскім, Вольгай Мікалайчык ды іншымі актывістамі.
Ён згадвае, як ахоўнікі вязьніцы абышліся з актывістам «Эўрапейскай Беларусі» Максімам Вінярскім, калі ён папрасіў выдаць аркуш паперы і асадку, каб напісаць скаргу.
«Чуў ягоны голас з камэры, як ён гэтага дамагаўся, а ў адказ пасыпаліся зьнявагі і пагрозы. Пасьля гэтага Максіма на палову дня вывелі ў дворык і паставілі на расьцяжку. Актывістка з „Краіны для жыцьця“ таксама прасіла паперу і асадку для скаргі, тое самае — адмовілі. Сказалі, як выйдзеце на волю, скардзіцеся колькі хочаце, але ня тут», — згадаў Дзяніс Урбановіч.
Паводле старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, ахоўнікі і прадстаўнікі адміністрацыі ўстановы, дзе адбываюць пакараньне адміністрацыйна арыштаваныя, абавязаныя на просьбу арыштантаў даваць тым рэчы, якія патрэбныя, каб пісаць і падаваць скаргі. Праваабаронца спаслаўся на Правілы ўнутранага распарадку месцаў адбываньня адміністрацыйнага арышту, якія былі зацьверджаныя пастановай МУС № 313 у кастрычніку 2015 году.
«Адкрываем 43 пункт гэтых Правілаў і чытаем: „Для напісаньня хадайніцтваў, прапаноў, заяваў і скаргаў адміністрацыйна арыштаваным на іх просьбу выдаюцца пісьмовыя прылады і папера“. То бок тут прадугледжана, што ў чалавека можа ня быць з сабой паперы і асадкі для напісаньня скаргі, дык яго мусяць забясьпечыць. Але, аказваецца, калі ўсё гэта ёсьць у арыштаванага, усё роўна ягонае права на скаргу можа быць парушана».
Праваабаронца ведае шмат прыкладаў, калі ў арыштанта наўмысна адбіралі пісьмовыя прылады.
«Мы ведаем выпадак з Паўлам Севярынцам: папера і асадка ў яго былі, але іх адабралі ахоўнікі. Дык вось гэта таксама парушэньне гэтых Правілаў, бо імі зацьверджаны сьпіс прадметаў і рэчаў, якія дазволена мець арыштанту. Бачу ў пераліку дазволеных прадметаў „паперу для пісьма, асадку і стрыжні да ёй, аловак, канвэрты, паштовыя маркі“. То бок гэтыя рэчы ў Севярынца забралі незаконна і незаконна, як Максіму Вінярскаму, не выдаюць на патрабаваньне», — мяркуе Алесь Бяляцкі.
«Мэтанакіраванае пагаршэньне ўмоў зьняволеных»
Алесь Бяляцкі спаслаўся на 71-ы пункт Правілаў унутранага распарадку месцаў адбываньня адміністрацыйнага арышту, паводле якога начальнік альбо дзяжурны штодня абавязаны абысьці ўсе камэры і карцэры і прыняць пісьмовыя і нават вусныя скаргі арыштантаў.
«Ня бачу прыкмет, каб і гэта выконвалася. Прычым варта адзначыць, што шмат такіх абмежаваньняў зьявіліся менавіта цяпер, яшчэ ў мінулым годзе іх на Акрэсьціна не было, і мы бачым у гэтым мэтанакіраванае пагаршэньне ўмоў зьняволеных», — сказаў кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі.
16 чэрвеня, камэнтуючы меркаваныя парушэньні правоў адміністрацыйна арыштаваных у ЦІП на Акрэсьціна, кіраўніца прэсавай службы МУС Вольга Чамаданава сказала, што яны не атрымлівалі скаргаў ад адміністрацыйна арыштаваных, ды запэўніла, што сытуацыя ў ЦІП рэгулярна правяраецца.
«Парушэньняў з боку тых, хто там працуе, ня выяўлена. Ёсьць унутраныя правілы, якія мусяць выконваць затрыманыя, якіх утрымліваюць у ЦІП, і ўсё робіцца ў межах гэтых правілаў», — сказала Вольга Чамаданава.
Свабода спытала ў актывіста Дзяніса Ўрбановіча, ці дзейнічае ў ЦІП па Акрэсьціна правіла аб штодзённым абыходзе камэр начальнікам установы або дзяжурным і ці зьбіраюцца падчас такіх абходаў скаргі?
«За 15 дзён майго арышту начальніка ЦІП на абходзе дакладна ніводнага разу ня бачыў», — адказаў Дзяніс Урбановіч. Паводле яго, ранішнія абходы камэр нагадваюць брутальныя вобшукі, якія тут завуць «шмонам».
«Заходзяць у камэру некалькі ахоўнікаў, усіх падымаюць і ставяць да сьцяны, абшукваюць асабістыя рэчы, „трасуць“ ложкі. Ніводнага разу ніхто не пытаўся пра скаргі ці прапановы», — сьцьвярджае актывіст.
Атрымаць камэнтар ад менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў не ўдалося. Тэлефон дзяжурнага другі дзень не адказвае.