Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны (НАБУ) і Спэцыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура (САП) паведамілі, што ім быў прапанаваны хабар у памеры 5 мільёнаў даляраў за закрыцьцё крымінальнай справы, у якой фігуруе Мікалай Злачэўскі, уладальнік кампаніі Burisma.
Паводле прадстаўніка пракуратуры, гэтая справа ніяк не зьвязаная з Гантэрам Байдэнам, былым чальцом рады дырэктараў Burisma, чый бацька балятуецца на пост прэзыдэнта ЗША.
Летась украінская кампанія Burisma апынулася ў цэнтры ўвагі ўсясьветнай грамадзкасьці ў ходзе расьсьледаваньня, якое папярэднічала спробе імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа. Трамп у сваю чаргу выступае за расьсьледаваньне ў дачыненьні да свайго магчымага суперніка на прэзыдэнцкіх выбарах Джо Байдэна і яго сына.
Кіраўнік НАБУ Арцём Сытнік паведаміў, што гэты хабар рэкордны ў гісторыі Ўкраіны. Грошы, спакаваныя ў празрыстыя плястыкавыя пакеты, выставілі на брыфінгу для прэсы.
Кампанія Burisma выпусьціла заяву, у якой гаворыцца, што кампанія ня мае дачыненьня да гэтай справы.
«Burisma Group і яе кіраўніцтва ня маюць ніякага дачыненьня да паведамленьня Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры і пэўных СМІ аб удзеле ў неправамерных дзеяньнях… Кампанія працуе выключна ў рамках дзейнага заканадаўства, зьяўляецца адным з найбуйнейшых падаткаплатнікаў і адстойвае інтарэсы энэрганезалежнасьці Ўкраіны», — гаворыцца ў заяве.
Заснавальнік Burisma былы міністар экалёгіі Мікалай Злачэўскі цяпер жыве за мяжой.
«Давайце скончым з гэтым раз і назаўсёды. Байдэн-малодшы і Байдэн-старэйшы ня ўдзельнічаюць у гэтым канкрэтным працэсе», — сказаў на брыфінгу кіраўнік САП Назар Халадніцкі.
Гантэр Байдэн увайшоў у склад рады дырэктараў Burisma ў 2014 годзе. Дональд Трамп і рэспубліканцы ў Кангрэсе заяўляюць аб карупцыйным складніку ў дзейнасьці Байдэна-малодшага, аднак Гантэр і Джо Байдэны адмаўляюць усе абвінавачаньні, называючы іх бяздоказнымі.