Прыгаломшаная каранавіруснай пандэміяй беларуская кнігавыдавецкая справа пачынае пакрысе ачомвацца. Нашчадкі Скарыны вучацца прыстасоўвацца да новых умоваў. Кнігагандаль праз інтэрнэт становіцца больш актыўным, чытаньні новых і даўно любімых твораў у відэа-прасторы робяцца звыклымі фарматамі.
А мінулым чацьвяргом упершыню ў жывым інтэрнэт-этэры адбылася цырымонія ганараваньня ляўрэата штогадовай прэміі імя Францішка Багушэвіча, якая ад 1994-га традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэньню гістарычнай сьвядомасьці і нацыянальнай незалежнасьці чытачоў. Новым ляўрэатам стаў Алесь Смалянчук за кнігу «Раман Скірмунт (1868–1939): жыцьцяпіс грамадзяніна Краю».
11 чэрвеня ў гэткі самы спосаб будзе ўганараваны ляўрэат (-тка) прэміі імя Натальлі Арсеньневай за лепшую паэтычную кнігу-2019.
«Літаратурны каляндар» зьяўляецца ў кожную першую суботу месяца.
Паэзія
Вольга Гапеева. «словы якія са мной адбыліся». Менск, «Галіяфы».
Шорт-лістарка прэміі імя Натальлі Арсеньневай за мінулагоднюю кнігу «Чорныя макі» выдае новы збор вершаў «словы якія са мной адбыліся». Гэта будзе ўжо сёмая кніга паэткі, творы якой вылучаюцца заглыбленасьцю ў лябірынты ўнутранай рэальнасьці, новым бачаньнем анталягічных сюжэтаў, мадэрнізацыяй пракаветнай архаікі. Аўтарка ігнаруе знакі прыпынку (пашэнціла толькі працяжніку і шматкроп’ю) і загалоўныя літары — з малой піша нават сакральныя біблейныя імёны. Сьвядомы прыём — дзеля акцэнтацыі роўнавялікасьці ўсіх словаў, якія адбыліся з паэткай.
недасканаласьць адама
у тым што яму была патрэбная ева
а ў евы і выбару асаблівага не было
нястача для аднаго
і збыткоўнасьць для іншай
на разьвітаньне ля брамы эдэму
ева сказала: спадзяюся ты знойдзеш добрую працу
і завядзеш ката
адам усьміхнуўся і моўчкі заплакаў
на катоў у яго была алергія
Проза
Сяргей Балахонаў. «Бог каханьня Марс». Менск, «Янушкевіч».
Недалёкая будучыня. Знайшоўшы на археалягічных раскопках у легендарных Юравічах ідал боства каханьня, гомельскі дасьледчык старажытнасьцей Ягор Руткоўскі неўзабаве зьведвае і цяжка перажывае невытлумачальны разрыў з каханай. Неўтаймоўная вера ў наканаванасьць быць разам з ёю штурхае навукоўца на розныя дзівацтвы — ад літаратурных і музычна-сьпеўных практыкаваньняў да палёту на Марс. Кожнае дзівацтва даецца ў знакі здарэньнямі, скандаламі і таямнічымі праявамі ледзь не да скруту галавы. За хісткае марсіянскае шчасьце даводзіцца штодзень змагацца, адольваючы шматлікія выпрабаваньні бяз пэўнасьці вяртаньня на Зямлю, дзе лютуе эпідэмія сындрому татальнай адзіноты.
Альгерд Бахарэвіч. «Апошняя кніга пана А." . Менск/Прага, «Янушкевіч»/Vesna Books.
«Я зайздрошчу дзецям. Ім дазволена верыць у казкі, а нам не. Больш за ўсё на сьвеце дарослыя любяць казкі, але людзям сорамна ў гэтым прызнацца», — кажа герой новай кнігі Бахарэвіча. Каб сплаціць доўг крэдытору, пісьменьнік-даўжнік піша казкі — і цэлы месяц кожны вечар чытае іх бессаромным дарослым. З кожным днём казачны сьвет апавядальніка робіцца ўсё больш рэальным, а рэальнасьць, у якой адбываецца дзея, пачынае ўсё больш ператварацца ў казку — так што ўрэшце мяжа між фантазіяй і явай канчаткова сьціраецца. Бахарэвіч у «Апошняй кнізе пана А." зноў расчыняе дзьверы ў свой мастацкі сьвет: так падманліва знаёмы нам з навакольнай штодзённасьці і так дзівосна нерэальны, трывожны, чароўны і страшны. 500 старонак новай яго кнігі зьмяшчаюць 30 гісторый, непадобных адна на адну.
Дакумэнталістыка
Эдуард Акулін. «Падзяліцца поўняй». Менск, Выдавец Уладзімер Сіўчыкаў.
Гэта кніга гутарак вядомага паэта і барда Эдуарда Акуліна, якія друкаваліся на старонках часопіса «Верасень» цягам апошніх дзесяці гадоў. Задумваючы кнігу, аўтар ставіў мэту распавесьці вуснамі сваіх суразмоўцаў аб найважнейшым у жыцьці кожнага чалавека ўменьні — дзяліцца з блізкімі ня толькі хлебам, а і небам… А канкрэтна аб тым, што натхняе на творчасьць Тацьцяну Беланогую, Алеся Камоцкага, Кастуся Герашчанку, Андруся Такінданга, Тацьцяну Матафонаву і Алесю Сівохіну; ад чаго мацней б’ецца сэрца Кацярыны Ваданосавай, Насты Кудасавай, Валярыны Куставай, Людмілы Шчэрбы і Аксаны Данільчык; што зьяўляецца галоўным у жыцьці Алеся Бяляцкага, Паўла Падкарытава, Алега Трусава, Глеба Лабадзенкі і Васіля Дранько-Майсюка; якія Музы насяляюць творчыя майстэрні Рыгора Сітніцы, Алеся Квяткоўскага і Эдварда Галустава; з чаго пачынаюцца песьні гуртоў Navi Band і «Тутэйшыя»; дзеля чаго жылі і тварылі Леанід Дайнека і Ніл Гілевіч. Кніга інтрыгоўная па зьмесьце і яркая па форме, зь велізарнай колькасьцю ўнікальных фатаздымкаў.
Дзіцячая літаратура
Галіна Будзілёва. «Робі і Зьлюка ў Кароне». Пераклад з украінскай Андрэя Хадановіча. Менск, «Кнігазбор».
Галоўныя героі казкі — брат і сястрычка Мія і Платон. Яны ўжо трэці тыдзень сядзяць дома на карантыне: перагулялі ва ўсе гульні, перавярнулі ўвесь дом дагары нагамі. Мама прапануе ім спарадчыць учынены вэрхал і абяцае за гэта сюрпрыз-скрынку са старымі цацкамі. Дзеці пачынаюць глядзець, што там ляжыць, і знаходзяць робата-лекара Робі. Хоць ён і доўга прабыў на бальконе, але часу не губляў, падключыўся да вай-фаю і займаўся самаадукацыяй. Малыя пачынаюць у яго пытацца: «Ты ведаеш, што такое карантын? Чаму мы ня ходзім у садок? І навошта нам мыць рукі?» І ён ім усё растлумачвае.
«Робі і Зьлюка ў Кароне» — гэта адначасова тэрапэўтычная і практычная казка-размалёўка, якая дапаможа патлумачыць дзецям, што цяпер адбываецца на плянэце, і больш цікава правесьці час на самаізаляцыі. Мэта гэтай кніжкі — зьнізіць узровень трывожнасьці малечы і нагадаць ёй аб правілах бясьпекі, якіх варта прытрымлівацца, каб не захварэць.
Кнігу бясплатна можна спампаваць тут. А наклад у 1000 асобнікаў будзе перададзены ў дзіцячыя садкі, бібліятэкі і культурніцкія асяродкі краіны, зь якімі супрацоўнічае кампанія «Будзьма беларусамі», пры спрыяньні якой і выдадзеная гэтая кніга.