У Вярхоўнай Радзе пачалі зьбіраць подпісы за адстаўку міністра ўнутраных справаў Арсэна Авакава, паведаміў народны дэпутат з партыі «Слуга народу» Ігар Васільеў.
Ён разьмясьціў у Facebook фота ліста для збору подпісаў.
Іншы сябра «Слугі народу», Яўген Шаўчэнка, заклікаў сваіх калегаў з фракцыі публічна заявіць пра сваю незадаволенасьць працай Авакава і адправіць яго ў адстаўку.
Фракцыя партыі «Голас» таксама заклікала адправіць Авакава ў адстаўку.
Авакаў знаходзіцца на пасадзе міністра ўнутраных спраў зь лютага 2014 года. Менавіта яго ведамства арыштоўвала падазраваных у забойстве Паўла Шарамета.
22 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што калі суд апраўдае падазраваных, кіраўніцтва Нацыянальнай паліцыі і Міністэрства ўнутраных спраў прыцягнуць да «кадравай адказнасьці»:
«Я гатовы несьці адказнасьць і не здымаю яе зь сябе. Калі сьледзтва было праведзена няправільна, зь вялікімі памылкамі, нешта было спэцыяльна зроблена супраць затрыманых, я гатовы зрабіць сур’ёзныя высновы, кадравыя высновы там, дзе я магу ўплываць».
«Цяпер гэтую справу вядзе і адказвае міністар унутраных спраў Авакаў. Ён гэта ведае. І ён адказны за вынік гэтай справы. Калі сьледзтва, а потым суд, давядуць, што яны забойцы, то яны сядуць у турму; калі не — будуць несьці адказнасьць тыя людзі, якія давялі гэтую справу да суду і абвінавацілі невінаватых людзей. Вось і ўсё». — заявіў Зяленскі.