Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва перагледзела ролю падазраваных у забойстве Шарамета: цяпер арганізатары не называюцца


Андрэя Антоненку ўжо не вінавацяць у арганізацыі гэтага злачынства, толькі ў выкананьні
Андрэя Антоненку ўжо не вінавацяць у арганізацыі гэтага злачынства, толькі ў выкананьні

Сьледзтва ў справе аб забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета адмовілася ад абвінавачаньня затрыманага вайскоўца і музыкі Андрэя Антоненкі ў арганізацыі гэтага злачынства.

«У новым тэксьце падазрэньня іначай сфармуляваная роля Андрэя ў злачынстве — паведаміў Свабодзе Станіслаў Кулік, адзін з адвакатаў Андрэя Антоненкі. — Цяпер пішуць, што ён не арганізатар, а выканаўца, а таксама зьмянілі матывы злачынства — цяпер ужо не акцэнтуюць на захапленьні „ультранацыяналістычнымі ідэямі“ і „культываваньні велічнасьці арыйскай расы“».

Апроч таго, Андрэю Антоненку дадаткова інкрымінуюць незаконны выраб выбухоўкі і зьнішчэньне маёмасьці (аўтамабіля).

Адвакат: суд будзе няхутка

У той жа час Станіслаў Кулік дадаў, што пакуль ня мае поўнага тэксту дакумэнту, бо яго ўручалі падазраванаму безь адвакатаў, а гэта зьяўляецца працэсуальным парушэньнем.

«Чакаем, што сёньня атрымаем тэкст. Магчыма, што сёньня нам паведамяць, што мы можам пачынаць знаёміцца з матэрыяламі дасудовага расьсьледаваньня, а іх назьбіралася шмат за ўсе гады. Судовы разгляд справы будзе ня так хутка», — дадаў адвакат.

Аналягічныя зьмены адбыліся і адносна яшчэ двух затрыманых у справе — дзіцячага кардыяхірурга і валянтэркі Юліі Кузьменкі і вайсковай мэдсястры Яны Дугар.

Першапачаткова сьледзтва лічыла Андрэя Антоненку арганізатарам злачыннай групы, створанай з мэтай забойства журналіста, каб дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне, Юлію Кузьменку падазравала ў выкананьні забойства і закладваньні выбуховай прылады пад аўтамабіль, а Яну Дугар — у зьбіраньні інфармацыі пра графік перамяшчэньня Паўла Шарамета і фіксаваньні месцаў разьмяшчэньня камэраў вонкавага назіраньня паблізу і на месцы злачынства.

Андрэй Антоненка і Юлія Кузьменка з 13 сьнежня 2019 году ўтрымліваюцца ў сьледчым ізалятары, а Яна Дугар — пад начным хатнім арыштам.

Дасудовае расьсьледаваньне справы мае завершыцца да 12 чэрвеня.

Пазыцыя Зяленскага

Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году. На брыфінг, арганізаваны Нацыянальнай паліцыяй Украіны, былі запрошаныя прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў і тагачасны генэральны пракурор Руслан Рабашапка, што выклікала моцную крытыку з боку экспэртаў і СМІ.

Уладзімір Зяленскі на прэсавай канфэрэнцыі 21 траўня адрэагаваў на гэтую крытыку наступным чынам:

«Справа Шарамета складаная. Адназначная яна ці не, я таксама ня ведаю. Мяне запрасілі — я прыйшоў. Я хачу быць запрошаным на ўсе гучныя справы — і Майдан, і Гандзюк, і Шарамет. Усе рэзанансныя справы, куды будуць запрашаць прэзыдэнта і будуць чакаць маёй падтрымкі, я буду прыходзіць».

Разам з тым, прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што ў выпадку, калі суд апраўдае падазраваных, кіраўніцтва Нацыянальнай паліцыі і Міністэрства ўнутраных спраў будзе прыцягнутая да «кадравай адказнасьці»:

«Я гатовы несьці адказнасьць і не здымаю яе зь сябе. Калі сьледзтва было праведзена няправільна, зь вялікімі памылкамі, нешта было спэцыяльна зроблена супраць затрыманых, я гатовы зрабіць сур’ёзныя высновы, кадравыя высновы там, дзе я магу ўплываць».

«Цяпер гэтую справу вядзе і адказвае міністар унутраных спраў Авакаў. Ён гэта ведае. І ён адказны за вынік гэтай справы. Калі сьледзтва, а потым суд, давядуць, што яны забойцы, то яны сядуць у турму; калі не — будуць несьці адказнасьць тыя людзі, якія давялі гэтую справу да суду і абвінавацілі невінаватых людзей. Вось і ўсё».

Выканаўчы дырэктар «Українськай правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ў выніку выбуху машыны ў цэнтры Кіева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG