Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў вынікі дасьледаваньняў аб сярэднедушавых наяўных рэсурсах і ўзроўні жыцьця беларусаў у І квартале 2020 году.
У першым квартале сёлета наяўныя рэсурсы ў разьліку на хатнюю гаспадарку (колькі людзі, якія жывуць разам і вядуць супольную гаспадарку, маюць грошай, а таксама прадуктаў уласнай вытворчасьці з падсобнай гаспадаркі, плюс кошт льготаў і выплатаў) у Беларусі склалі 1400,9 рубля супраць 1290,3 рубля за месяц у першым квартале 2019 году.
Калі ў беларускіх грашах яны вырасьлі на 110,6 рубля, то ў далярах у пераліку на сярэднія курсы за квартал — толькі на $25.
У гарадах гэтых наяўных рэсурсаў мелі 1495,1 рубля на гаспадарку, на сяле — 1153,3 рубля.
Грашовыя выдаткі на хатнюю гаспадарку пры тым склалі 1331,9 рубля (год таму было 1214,3 рубля), зь якіх амаль тры чвэрці (74,7%) пайшло на спажывецкія выдаткі (у гэтых выдатках 39,2% — харчаваньне).
У сярэднедушавых наяўных рэсурсах (на аднаго чалавека, а не на гаспадарку) у першым квартале зафіксавалі такую статыстыку:
- менш за 200 рублёў — 2%;
- 200–250 — 3,1%;
- 250–300 — 5,2%;
- 300–350 — 7,4%;
- 350–400 — 9,2%;
- 400–500 — 21,5%;
- 500–600 — 16,8%;
- 600–700 — 11,5%;
- 700–800 — 7,2%;
- 800–900 — 5,3%;
- 900–1000 — 3,6%;
- больш за 1000 — 7,2%.
Доля тых, хто мае менш за бюджэт пражыткавага мінімуму (ад 1 лютага да 30 красавіка гэта было 239,87 рубля) і знаходзіцца за мяжой беднасьці склала 4,7% (у мінулым квартале было 4,8%).