Спажывецкія цэны ў красавіку 2020 году ў параўнаньні з сакавіком вырасьлі на 0,6%, у параўнаньні са сьнежнем 2019 году — на 3,3%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
У гадавым вымярэньні (калі параўноўваць з красавіком 2019 году) інфляцыя склала 5,4%,
З пачатку году цэны
- на харчовыя тавары вырасьлі на на 3,5%,
- на нехарчовыя — на 2,8%,
- на паслугі — на 3,8%.
Што найбольш падаражэла ў красавіку
У красавіку прадукты харчаваньня і безалькагольныя напоі ў цэлым падаражэлі на 1,27%, паведамляе БелТА са спасылай на Белстат. Гародніна агулам падаражэла на 5,34%, садавіна — на 8,27%.
Што падаражэла найбольш:
- цыбуля — на 38,78%,
- часнык — на 30,35%,
- цытрусавыя — на 25,79%,
- салодкі перац — на 22,45%,
- морква — на 14,81%,
- сьвежыя памідоры — на 13,33%,
- бульба — на 11,68%,
- яблыкі — на 11,58%.
Што патаньнела найбольш:
- сьвежыя агуркі — на 27,65%,
- таксі — на 9,15%,
- вінаград — на 8,48%,
- авіяквіткі — на 5,43%.
Інфляцыя ў 2020 годзе, паводле плянаў ураду, не павінна перавысіць 5%. Па выніках 2019 году інфляцыя нават адстала ад росту сярэдніх налічаных заробкаў — 4,7% (заробкі за год вырасьлі на 5,5%).
МВФ чакае, што сярэднегадавая інфляцыя ў Беларусі ў 2020–2021 гадах складзе 5,6%. Прагназуе паскарэньне інфляцыі ў Беларусі ў найбліжэйшыя месяцы і Эўразійскі банк.