Былы камандзір узброеных атрадаў так званай «Данецкай народнай рэспублікі», былы супрацоўнік расейскіх спэцслужбаў Ігар Гіркін, таксама вядомы як Ігар Стралкоў, даў інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону.
У гутарцы, якая ішла праз Skype больш за 3 гадзіны, Гіркін прызнаўся, што падчас удзелу ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе на ягоны асабісты загад расстралялі сама меней чатырох украінскіх грамадзян, якіх у інтэрвію ён назваў «дывэрсантамі».
Таксама на загад Гіркіна расстралялі некалькі апалчэнцаў «ДНР» — за марадэрства і катаваньні. Аднаго зь іх, паводле былога камандзіра сэпаратыстаў, ён забіў асабіста. «Часам мы хавалі, нават ня ведаючы, каго», — прызнаўся Гіркін.
Адказваючы на пытаньне пра зьбіты ў ліпені 2014 году ў небе над Данбасам малайзійскі «Боінг», у выніку чаго загінулі 298 замежных грамадзян, Гіркін, якога міжнароднае сьледзтва лічыць адным з вінаватых у злачынстве, прызнаў сябе «ўскосна адказным» за яго і адзначыў, што ня зьдзівіцца, калі паўстане перад Гаагскім трыбуналам.
Гіркін, аднак, падкрэсьліў, што «апалчэньне не зьбівала» самалёт, які ляцеў рэйсам MH17. На далейшыя пытаньні пра інцыдэнт Гіркіна адказваць адмовіўся, адзначыўшы, што яму шкада ахвяраў і што ён не сумняваецца ва «ўдзеле» ў тым, што адбылося, і ўкраінскага боку.
Гіркін рэзка раскрытыкаваў цяперашняе кіраўніцтва Расеі і палітычных лідэраў «ДНР» і «ЛНР». На яго думку, «каманда Пуціна ўмее толькі красьці», а сам Уладзімір Пуцін — «горшы, чым злачынца». Былога памочніка прэзыдэнта Расеі Ўладзіслава Суркова, які ў самы інтэнсіўны пэрыяд канфлікту на ўсходзе Ўкраіны адказваў за палітыку Крамля на гэтым кірунку, Гіркіна назваў «кончаным і найбольш шкодным мярзотнікам».
Пра былога кіраўніка «ДНР» Аляксандра Захарчанку, які загінуў у жніўні 2018 гадоў у выніку замаху, Гіркін сказаў, што той «хапаў усё, што валялася ў яго пад рукой». У прыватнасьці, па словах былога камандзіра апалчэньня, «Захарчанка абрабаваў у Данецку ўсіх калекцыянэраў зброі».
Суразмоўца Гардона таксама расказаў, што кіраўнік «ДНР» «піў кожны дзень і ў п'яным выглядзе быў некіраваны». Гіркін выказаў упэўненасьць, што яго забілі з прычыны «ўладна-грашовых праблем» і што ўкраінскія спэцслужбы да гэтага ня маюць дачыненьня. Цяперашні Данбас ён назваў «шэрай зонай, якая бяздарна кіруецца з Расеі».
Разам з тым, на думку Гіркіна, Данбас і анэксаваны Крым могуць вярнуцца пад кантроль Украіны толькі ў адным выпадку: калі Расея разваліцца. Сам бы ён гэтага не хацеў і, наадварот, марыць бачыць у складзе Расеі ўсю Украіну.
Асобна Гіркін адзначыў, што калі б не ваенная дапамога з Масквы і калі б украінскую армію ў 2014 годзе ўзначальвалі больш дзеяздольныя і разумныя камандзіры, то сіламі аднаго апалчэньня дамагчыся посьпеху было б немагчыма.