Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Нідэрляндах у справе зьбітага на Данбасе «Боінга» адклалі да лета з прычыны пандэміі


Акруговы суд Гаагі з прычыны каранавірусу прыпыніў слуханьні справы аб зьбітым у небе над Данбасам «Боінгу» рэйсу MH17. Дата працягу працэсу будзе прызначаная 8 чэрвеня. Апошні тэрмін допыту сьведак пакуль яшчэ не прызначаны.

Суд паабяцаў неўзабаве апублікаваць шэраг дакумэнтаў і абавязаўся даць сваякам загінулых доступ да вялікай часткі матэрыялаў справы.

Паводле вэрсіі Міжнароднай сумеснай сьледчай групы, самалёт быў зьбіты ракетай, якую выпусьціла ўстаноўка «Бук» расейскай вытворчасьці, разьмешчаная непадалёк ад гораду Сьняжное на тэрыторыі, якую кантралявалі сэпаратысты самаабвешчанай «ДНР». А сама ўстаноўка належала 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе расейскай СПА з Курску. Паводле вэрсіі сьледчых, устаноўку даставілі на тэрыторыю «ДНР» з Курскай вобласьці Расеі незадоўга да пуску ракеты.

Абвінавачанымі ў справе аб зьбітым лайнэры праходзяць:

  • былы палкоўнік ФСБ Расеі Ігар Гіркін (Стралкоў): на момант катастрофы «Боінга» ён займаў пасаду кіраўніка «узброеных сілаў» сэпаратыстаў «ДНР»;
  • былы падпалкоўнік расейскіх ВДВ Алег Пулатаў (яго пазыўныя «Гюрза» і «Халіф»): у момант катастрофы ён быў камандзірам 2-га аддзелу «ГРУ ДНР», сьледзтва лічыць яго датычным да аховы ўстаноўкі «Бук» на тэрыторыі, падкантрольнай сэпаратыстам;
  • расеец Сяргей Дубінскі (Хмурны), у ліпені 2014 году ўзначальваў «ГРУ ДНР», цалкам або часткова падкантрольнае расійскаму ГРУ; паводле дадзеных Bellingcat, раніцай 18 ліпеня 2014 году, на наступны дзень пасьля падзеньня самалёта, ён стэлефаноўваўся з Гіркіным (Стралковым) — яны абмяркоўвалі эвакуацыю ракетнай устаноўкі «Бук», зь якой быў зьбіты «Боінг», назад у Расею;
  • а таксама грамадзянін Украіны Леанід Харчанка (Крот). 23 ліпеня 2014 году ён таксама размаўляў праз тэлефон са Стралковым-Гіркіным і прасіў артылерыйскіх удараў па пазыцыях украінскіх войскаў.

Абвінавачаньні ім выставілі паводле артыкулаў 168 і 289 Крымінальнага кодэксу Нідэрляндаў — у наўмысным зьнішчэньні самалёта і ў наўмысным забойстве. Абодва артыкулы прадугледжваюць зьняволеньне аж да пажыцьцёвага.

Ніводзін з абвінавачаных на судзе асабіста не прысутнічае. Масква адмаўляе ўсе абвінавачаньні ў датычнасьці да крушэньня лайнэра, а ў Мінабароны Расеі сьцьвярджаюць, што ў пэрыяд крушэньня «Боінга» ніводная з расейскіх установак «Бук» не перасякала мяжу з Украінай.

Працэс праходзіць у акруговым судзе Гаагі. Некалькі дзяржаваў патрабавалі прызначыць міжнародны трыбунал па справе аб зьбітым лайнэры, але ў Радзе Бясьпекі ААН Расея гэтую ініцыятыву заблякавала.

Раней чакалася, што працэс будзе ісьці больш за год. Аднак з улікам адкладу слуханьняў ён можа зацягнуцца яшчэ больш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG